Марцінаў дзень — забыты прысвятак

Некаторыя краіны Еўропы 11 лістапада з размахам адзначаюць Дзень святога Марціна. Адмысловае рэстараннае меню з гусяцінай, карнавал кшталту нашага каляднага… Ці было ў Беларусі такое свята?

goose_4017941_1280.jpg


У свецкую культуру з рэлігійнай перайшлі пераважна праваслаўныя святы, а праваслаўная царква ўшаноўвае святога Марціна не так маштабна, як лютэранская ці каталіцкая. У этнаграфічных апісаннях канца ХІХ-пач. ХХ ст. сустракаюцца згадкі Дня святога Марціна на тэрыторыі Беларусі, але не ў якасці вялікага свята, а, хутчэй, прысвятка. Раней ён, магчыма, адзначаўся больш маштабна. Марцінаў дзень выступае як каляндарны рубеж:
«На Марціна мядзведзь кладзецца ў бярлогу і пачынае смактаць лапу, на Стрэчанне — пераварочваецца і смокча другую лапу, а на Благавешчанне — выходзіць з бярлогі».

«З Марцінавага дня пачынаецца зіма».

Даючы ў 1586 годзе магдэбургскае права Нясвіжу, Стэфан Баторый вызначыў, што магістрат мусіць на дзень святога Марціна трымаць справаздачу аб прыбытках і выдатках перад Гаспадаром (вялікім князем) і гараджанамі. Пазней у магдэбургскіх прывілеях многіх беларускіх гарадоў агаворваўся стандартны тэрмін выплаты падаткаў на карысць дзяржаўнага скарбу — ад Міхала (29 верасня) да Марціна (11 лістапада). Значэнне канца гаспадарчага году, свята ўраджаю, пачатку зімы Марцінаў дзень меў і ў германскіх краінах, Эстоніі, Італіі, у заходніх славян, фінаў.

Як амаль на ўсе каляндарныя святы, дзейнічалі прыкметы пра надвор’е: «Калі Марцін з’яўляўся з дажджом ці разводдзем, то гэтым абяцаў на Каляды лёд і пазней — мокрае лета». У Польшчы бытавала як падобная прыкмета, так і супрацьлеглая: «Калі на Марціна гусі на лёдзе, на Каляды будуць на вадзе».

Гэта быў прысвятак млынароў, таму што пасля яго ледзяная корка скоўвала рэчкі, і тады на млынах спынялася работа. На Валожыншчыне ў гэты дзень млынары пілі гарэлку на каменных жорнах. Па адным з паданняў, святы Марцін, які жыў у IV стагоддзі, быў забіты колам ад млына, куды яго кінулі паганцы-заходнія галы. Цяпер Марцін Турскі — найбольш шанаваны французамі святы. А, напрыклад, у Ірландыі існавала забарона ў гэты дзень круціць якія б то ні было колы ў памяць пра Марцінаву пакутніцкую смерць.

На агульнаеўрапейскі ўзор у Беларусі фіксуецца і сувязь святога Марціна з гусямі. На Барысаўшчыне ў гэты дзень елі гусей і казалі «Марцін святы — губіцель гагаты». Па легендзе, Марціну Турскаму падчас аднаго з казанняў гусі заміналі гагатаннем і ён загадаў іх засмажыць. Па іншай версіі легенды, папулярнай у Скандынавіі, гусі гагатаннем выдалі святога, які хаваўся ў хляве. Даследчыкі, аднак, схіляюцца да таго, што звычай забіваць гусей у лістападзе мае дахрысціянскія карані. У гэты час птушак пераставалі ганяць на выпас, і карміць іх усю зіму было папросту нерацыянальна.


Фота: CzechTourism

Фота: CzechTourism


У беларускім календары ёсць яшчэ адно «гусінае свята» — дзень святога Апанаса (у праваслаўных 31 студзеня). Яно звалася таксама «Гусейнік». На Смаленшчыне варажылі па надвор’і: калі мяцеліца — выведзецца шмат гусянят.

У Заходняй Еўропе, Скандынавіі, Эстоніі і Латвіі напярэдадні Дня святога Марціна, 10 лістапада, адбываўся абыход двароў гуртом пераапранутых з адмысловымі песнямі. Напрыклад, апісанне з Эстоніі падобна да беларускіх Калядаў: «У Мартынаў дзень звычайна былі бацька Мартын, маці Кацярына (Дзень святой Кацярыны адзначаецца 25 лістапада) і дзеці… Мартынамі і Кацярынамі абіралі самых вялікіх гаваруноў і завадзіл. Яны вадзілі з сабой Казла, Мядзведзя і Злога Духа. Мядзведзь танцаваў і вырабляў свае «мядзведжыя» выбрыкі, а Казла цягнулі на вяроўцы…» Пераапранутым выносілі падарункі, а тыя казалі шматлікія зычанні гаспадарам (1966 г., Пылва). Пераапрананне на Марціна застаецца эстонскай жывой традыцыяй.

У Латвіі 10 лістапада хадзілі ці працэсіі «дзяцей Марціна», ці «старых людзей», якія ўвасаблялі душы продкаў. У беларускім календары амаль няма згадак пра восеньскае рытуальнае пераапрананне. Продкаў ушаноўвалі вячэрай на Дзяды. Бабуля знаёмай, праўда, узгадала, як у Бабруйску ўвосень яны з сяброўкамі насілі па вуліцах гарбуз з запаленай свечкай унутры. Гэта было яшчэ да вайны, калі пра Halloween ніхто не чуў. Працэсіі з выдзеўбанымі гарбузамі ці рэпамі са свечкамі адбываліся на дзень святога Марціна ў аўстрыйскіх Альпах.
Даследчыкі лічаць, што Марцінаў дзень найбольш папулярны ў германскіх народаў ці на тэрыторыі іх колішняга ўплыву. Тлумачаць гэта перайманнем хрысціянскім святым рыс паганскага бога Вотана (Одзіна) і палажэннем свята ў календары — яно супадала з пачаткам зімовага святочнага перыяду старажытных германцаў.