Мастак Антон Карніцкі

Бліскавіцай прамільгнула жыццё таленавітага юнака, з адвечна пакутнымі пошукамі гармоніі душы і свету, імкненнем падзяліцца ўласнымі набыткамі прыгажосці. Такое кароткае жыццё — толькі 32 два гады. Нарадзіўся Антон Карніцкі 30 снежня 1912 года ў Адэсе, а пакінуў гэты свет 25 студзеня 1944 года ў Слоніме. Жыццё не толькі не асэнсаванае, не ацэненае, але па-ранейшаму прыкрытае вэлюмам загадак, тугім суплётам недагаворак, фальклорна-легендарных успамінаў і чутак, мясцовых апокрыфаў, безданню суб’ектыўных дапушчэнняў цяперашніх даследчыкаў.

Антон Карніцкі — адзін з нешматлікіх заходнебеларускіх творцаў, якому яшчэ «за Саветамі» знайшлося месца ў шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва». Але чамусьці ўжо ў найноўшыя часы, у «Гісторыі мастацтва і дойлідства Беларусі» (Вільня, ЕГУ, 2007 г.) аўтар-укладальнік С. Харэўскі абмінуў творцу ўвагай. З прычыны адметнага канцэптуальнага падыходу аўтара не знайшлося яму месца і ў «Нарысах па гісторыі мастацтва і архітэктуры Беларусі найноўшага часу». А дарэмна… Паспрабуем хоць бегма зліквідаваць гэты прагал, тым больш што 30 снежня — стогадовы юбілей творцы.
 



14_1_karnicki.jpg

Антон Карніцкі. Аўтапартрэт

У свет па асвету
Па вяртанні ў 1922 годзе сям’і з Адэсы ў вёску Любанічы ля Слоніма, бацькі юнака, які паходзіў «з беднай сялянскай сям’і», аддалі яго на навучанне ва ўстанову з грунтоўнай гуманістычнай скіраванасцю. Прынамсі, з добрымі курсамі сусветнай і польскай гісторыі, выкладаннем французскай і нямецкай (апрача польскай і беларускай) моваў — у Дзяржаўную гуманістычную гімназію імя Адама Міцкевіча ў Наваградку, дзе ён закончыў пяць класаў (паводле іншых, таксама не дакументаваных звестках, Антон Карніцкі ўсё ж такі закончыў поўны курс гімназіі, але матуральныя іспыты не здаваў).
Гімназія імя Адама Міцкевіча прытрымлівалася высокіх крытэраў мастацкай адукацыі і эстэтычнага выхавання, і мо тут у юнака і была закладзена трывалая «любоў да паэзіі і музыкі»? Але маладзёна ўпарта гукаў да сябе набыты бацькам лапік зямлі ў Рышчыцах пад Слонімам. З іншага боку, душа ўпарцілася: «прыгожы, стройны як таполя, юнак з адкрытым, натхнёным тварам і прамяністымі вачыма… чалавек вялікай душы, улюблёны ў мастацтва…» быў на раздарожжы. Яго перапаўняла жаданне маляваць, якое падагравалася прысутнасцю ў тыя часы ў Наваградку «сапраўднага мастака» — дзядзькі Язэпа… Язэпа Драздовіча. Вось тады, замест таго, каб застацца памочнікам на бацькавай гаспадарцы, і рушыў Антон шукаць сваю долю ў шырэйшы свет.
 «У Варшаву» — меркаваў тытулаваны даследчык беларускай савецкай мастацтвазнаўчай школы Віктар Шматаў. Такія высновы ён рабіў, відаць, на падставе ўспамінаў паэта і чалавека няпростага лёсу Сяргея Новікава-Пеюна, які сябраваў з мастаком ад лета 1934 года. Хутчэй за ўсё, дапускае ўслед за ім у 2009 годзе слонімскі журналіст і краязнаўца Сяргей Чыгрын, Карніцкі «быў вольным слухачом» Варшаўскай школы мастацтваў (пасля 1932 года Акадэміі мастацтваў). Сяргей Новікаў-Пяюн згадваў, што Антон «вучыўся ў мастацкай школе Панкевіча ў Варшаве».

14_2_studentka.jpg

А. Карніцкі. Студэнтка
Пры ўсёй павазе да гэтай асобы, пры ўсім разуменні канцэптуальнай беларусацэнтрычнасці ўспамінаў і іх суб’ектыўнага характару, што абумоўлены не толькі наяўнасцю «ўнутранага рэдактара», але і натуральнай уласцівасцю чалавечай памяці, пагадзіцца з гэтым цяжка. Але перадусім даведка:
Юзаф Панкевіч (29.ХІ.1866, Люблін — 4.VІІ.1940, Францыя) паходзіў з элітарнай мастацкай сям’і — сын педагога Яна і брат кампазітара Эўгеніўша. Навучэнне жывапісу распачаў у варшаўскім класе малюнку пад кіраўніцтвам славутага Герсана і Камінскага, у Пецярбургу (1885–1886.) У 1886 годзе наведаў Парыж. Пасля вандравання па Еўропе (Галандыя, Бельгія, Італія, Англія і Францыя ў 1897–1906 гадах) стаў прафесарам Кракаўскай акадэміі мастацтваў. У 1919–1923 гадах жыў у Парыжы. У 1923 годзе аднавіў сваё прафесарства ў Кракаўскай акадэміі. Да пераезду ў Францыю быў адэптам класічнага рэалістычнага жывапісу, абагаўляў Матэйку і патрабаваў ад вучняў максімальнай ілюзорнасці ў малюнку. Імпрэсіяністычнасць у Кракаўскай акадэміі асуджалася як «сырасць». (Тое, чым, па меркаванні Сяргея Харэўскага, не патрафіў кракаўскаму прафесару таксама і другі выбітны беларускі мастак Пётр Сергіевіч). У 1925 годзе Панкевіч з’ехаў да Парыжу на сталае жыхарства, дзе ачоліў філію кракаўскай Акадэміі і стаў афіцыйным апекуном моладзі, што прыязджала з абсягаў ІІ Рэчы Паспалітай. Панкевіч быў сябрам суполкі «Штука», у складзе якой паказваў свае творы і ладзіў персанальныя выставы жывапісу — у 1901, 1902, 1903, 1908 гадах, выставы графікі — у 1911 і 1921. Таксама экспанаваў свае творы ў галерэях і музеях: Парыжа, Варшавы, Кракава, Лодзі, Познані і г. д.
Яшчэ ў сярэдзіне 1920-х гадоў у купкі студэнтаў Кракаўскай акадэміі, відаць, падахвочанай расповедамі і ўражаннямі пана прафесара, узнікла задума супольна выехаць у Парыж для вывучэння сусветнага мастацтва і засваення яго еўрапейскіх здабыткаў. У 1923 была ўтворана адмысловая суполка прыхільнікаў гэтай ідэі — Камітэт парыжскі (КП). КП з імпэтам узяўся за пошук сродкаў на рэалізацыю задумы. Пазней, у 1924 годзе, у Парыжы яны здабывалі падтрымку ладжаннем тэатралізаваных і мастацкіх імпрэзаў, выкананнем замоваў, правядзеннем латарэяў, удзелам у конкурсах. Афіцыйная выстава суполкі «КП», так званых «капістаў», а пазней каларыстаў, у склад якіх уваходзілі П. Патвароўскі, А. Нахт-Самборскі, З. Валішэўскі і інш., адбылася ў 1930 годзе ў парыжскай галерэі «Zak». Другая — вясной 1931 года ў галерэі «Moos» у Жэневе, а затым — у Варшаве.
Слушна заўважае сп. Чыгрын, што «школа Панкевіча» — гэта не інстуцыялізавана-зацугляная ўстанова, а тое творчае кола, якое рэпрэзентавала адметныя рысы, уласцівыя творчасці прафесара, тое кола, з якім шчыльна кантактаваў беларускі мастак («тусаваўся»). Гэта мог быць асяродак не абавязкова варшаўскі, але і кракаўскі. Дарэчы, не скажам, што шмат, але былі беларусы і ў Кракаве. Па вызначэнні даследчыка д-ра Сядуры, перад вайной менавіта ў Кракаве працаваў адзін з лепшых беларускіх мастакоў Алесь Трайковіч.
Усё магло выглядаць наступным чынам.
Апокрыф першы
Каб атрымаць польскі пашпарт (паўнавартаснае грамадзянства), дзесьці ў сярэдзіне 1930-х гадоў Антон Карніцкі быў змушаны адбыць тэрміновую вайсковую павіннасць, пасля чаго застаўся ў Малапольшчы. Здзяйсненне юнацкай мары — стаць мастаком, вымагала грунтоўнага прафесійнага навучэння і ахвярнага жыцця ўвогуле.
Якраз у 1931–1934 гадах большасць «капістаў першага паклікання» вяртаецца дадому, у асноўным у Кракаў. Увогуле ж «вяртанне» як глабальны працэс доўжылася да 1937–1938 гадоў. Сярод «вяртанцаў» таксама былі калі не беларусы, то выхадцы з гэтых земляў. Да прыкладу, суродзіч мінскага губернатара, узнагароджаны ордэнам за ўдзел у польска-бальшавіцкай вайне, будучы ротмістр польскага войска і будучы вязень Старабельскага лагера, мастак і літаратар Юрый Чапскі (1896–1969). Але бясспрэчным завадатарам суполкі быў Ян Цыбіс (1897–1972).
Сын сталяра і хатняй гаспадыні са шматдзетнай сям’і, Ян Цыбіс да паступлення ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў (чаму вельмі працівіўся бацька) шмат чаго паспеў: добра засвоіць лацінскую мову ў вроблінскага пробашча, павандраваць па Еўропе ў якасці партнёра аднаго з нашчадкаў Чартарыйскіх (з-пад Каліша), закончыць Начэнслаўскую гімназію, а галоўнае — на ўсё жыццё ўсвядоміць, здавалася б, досыць «банальнае» сцверджанне настаўніка малявання — Ханса Блоха, што «колер у жывапісе складаецца са спалучэння розных, не шэрых колераў» і «гучыць» залежна ад суседства. Ужо ў Кракаве пры змене аўстрыйскага грамадзянства на польскае Ян Цыбіс змяніў і пісьмовы варыянт свайго прозвішча на больш польскі, але па-польску размаўляў кепска і, беручы ўдзел у дыскусіях, змушаны быў гаварыць па-нямецку.
Менавіта ў Кракаве Цыбіс з усёй уласцівай яму энергіяй узяўся за арганізацыю мастацкага жыцця. Але адна справа — аб’яднаць колькі маладых мастакоў-адзінадумцаў. І, згадзіцеся, зусім іншая — сфармаваць устойлівае кола гледачоў-прыхільнікаў. «Спажыўцоў», мецэнатаў — пакупнікоў, бо мастацтва капістаў было арыентавана на вузкі зрэз «інтэлектуалаў»… Для шырокай публікі ідэалам народнага (нацыянальнага) мастацтва заставаўся Войцех Косак. Для спрыяння перамене сітуацыі ў 1932 годзе быў запачаткаваны адмысловы часопіс «Gіos Plastykуw, які рэдагаваў Ян Цыбіс. Часопіс меў карэспандэнтаў у Лодзі, Познані, Быдгашчы, Торуні, Сопаце, Варшаве і іншых гарадах.
Антон Карніцкі, калі застаўся ў Кракаве (тапаграфічна з гэтым горадам знітавана прафесійнае вызначэнне «школа Панкевіча»), або перабраўся туды, напачатку насцярожана ўглядаўся ў размаіта-багемнае жыццё акадэмічнай і каля акадэмічнай моладзі, падзеленай на шматлікія творчыя суполкі. Але паступова ўцягнуўся ў звабны ўрбаністычна-артыстычны рытм колішняй сталіцы.
Бадай, галоўным пацверджаннем, што Карніцкі не быў «вольным слухачом» Варшаўскай акадэміі мастацтваў, з’яўляецца адсутнасць яго прозвішча ў «Рукапісных матэрыялах Архіва асабовых спраў студэнтаў» гэтай установы.
Але грымнуў 1939 год, які перайначыў мільёны чалавечых лёсаў па ўсім свеце… Антон вяртаецца на радзіму, ужо савецкую.

14_3.jpg


Вайна ў хаце
Антон Карніцкі вяртаецца цяжка хворым на сухоты. Па легендзе, захварэў у дарозе да дому. Па вяртанні з Кракава ён з непазбежнасцю акунуўся ў савецкую рэчаіснасць. Яму давялося шмат што пабачыць і паспытаць, зрабіць уласныя высновы. Каб выплысці, трэба было прыкласці фізічных і маральных намаганняў не меней, а то і болей, чым у той самай «клятай панскай Польшчы».
Мастацтвазнавец д-р Сядура лічыў, што «зарука будучага росквіту і адраджэння беларускага мастацтва — глыбокі нацыянальна-дэмакратычны характар і змест… у працах слонімскага мастака нябожчыка Антона Карніцкага, наваградскага мастака Аляксандра Рамашкевіча (вучня берлінскай школы — С. Г.), у вобразах Сеўрука з Нясвіжа, у пейзажах і кампазіцыях выдатнага беларускага мастака з Рыгі — Пётры Мірановіча і мастацкай славы Заходняй Беларусі — няўтомнага дзеяча малярства Пётры Сяргіевіча з Вільні».
Зразумела, што прыведзеная цытата чагосьці вартая не з-за колькаснага пераліку прозвішчаў мастакоў, трапнай фармулёўкі вядучай тэмы, але перадусім з-за досыць поўнага вызначэння стылёва-творчых прыярытэтаў, напрамкаў, што рэпрэзентуе кожны з названых мастакоў. У гэтым сэнсе імя 29-гадовага Антона Карніцкага, які толькі-толькі намацаў свой індывідуальны стыль, поруч з зіхоткімі імёнамі беларускіх «патрыярхаў» жывапісу, мяркуем, названа сімвалічна. Са своеасаблівым канцэптуальным «прыжмурам», як кажуць, для большай «пукатасці выявы».
Насамрэч, апакаліптычныя 1940-я гады былі для Антона Карніцкага часамі найбольшага творчага плёну. У ваенныя часіны, калі ў Слоніме, як ніколі да гэтага, завіравала нацыянальнае мастацкае жыццё, ён, апрача ўдзелу ў супольных мастацкіх імпрэзах, зладзіў некалькі персанальных паказаў. Шточасны і нязбыўны прысмак крыві, водбліск вогнішчаў, смерці і голаду, здавалася, ніяк не астудзілі цікаўнасць да мастацтва. Надзіва ладна разыходзіліся партрэты і нават эскізныя накіды мастака.
«Душа слонімскай моладзі» — невылечна хворы мастак, які ўжо паспеў зазірнуць у іншасвет, аптымізму не губляў. Вельмі цвяроза і спакойна ўсведамляў ён марнасць існага і канчатковасць зямнога шляху… І мо таму, згадваў пазней паэт Сяргей Хмара: «…У Слоніме страляюць,.. а яму (А. Карніцкаму — С.Г.) хоць бы хны: бярэ стульчык, ідзе на сялянскі кірмаш, сядае і малюе. Немцы яго неяк арыштавалі і хацелі паслаць у лагер як «остарбайтара».
Але Камітэт Самапомачы звярнуўся да слонімскага гэбітскамісара ў ягоную абарону і папрасіў, каб яго ніхто не чапаў і даў дазвол на маляванне. Камісар аказаўся аматарам мастацтва і даў дазвол. Але сказаў Карніцкаму, каб ён прыносіў у камісарыят свае творы для прагляду. Той прыносіў, і камісар лепшыя за танныя грошы ў яго купляў, а астатнія дазваляў прадаваць ці дарыць іншым людзям. Даваў яму немец і прадуктовыя карткі.
Антон, згадвалі сучаснікі, нічога не баяўся. Больш за тое, наўрад ці задумваўся, што сваімі выхадамі ў горад на натуру ён разнявольваў свядомасць сланімчан, «выхоўваў» іх, прызвычайваў да думкі, што мастак — не якісь гультай-абібок, а самы натуральны працоўны чалавек. У «не надта» прыдатныя для мастацтва часы, традыцыйна рэалістычны жывапіс Карніцкага, што меў «глыбокі нацыянальна-дэмакратычны характар і змест», у большасці выпадкаў абапіраўся на зямліста-шэрую «прадметную» гаму і сацыяльнабалючыя кропкі жыцця, якія так любілі познія рускія перасоўнікі (зрэшты, недалёка ад якіх адыходзіла каляровае мысленне паслядоўнікаў польскага мастака Косака). Але раптам яго твор выбухаў дзівосным блакітам бяздоннага неба, дыхаў і трымцеў нягучна-ўпартым спевам барвова-залацістага верасня.
Апокрыф другі
У сярэдзіне 1990-х даводзілася чуць у Вільні ад старога беларускага культурніка і грамадскага актывіста Аляксея Анішчыка (Андрэя Чэмера), што немцы вывезлі ў Германію 400 твораў мастака. Больш сціплую лічбу — «180 карцін» — называе біёграф мастака Сяргей Чыгрын і, абапіраючыся на слонімскага настаўніка Уладзіміра Шундрыка, прыводзіць наступны характарыстычны «ўспамін». Гебітскамісар горада Эрэн паклікаў да сябе Антона Карніцкага, загадаў маляваць для яго карціны на тэмы краявідаў Слоніма і Слонімшчыны, і творы прыносіць да яго. Антон быў змушаны маляваць і прыносіць Эрэну свае карціны, бо калі б ён гэтага не рабіў, яго б саслалі ў Нямеччыну ці ў канцлагер. Гебітскамісару падабаліся працы Карніцкага, нават тыя з іх, што рабіліся экспромтам. Ён не лічыў патрэбным хаваць свае намеры ад мастака і прад’явіў яму аднойчы сваё патрабаванне: «Не трэба пад карцінамі вашага прозвішча, пан Карніцкі».
Пра спадчыну мастака
Шматлікія аптымістычная прыпавесці гэткага кшталту падштурхнулі слонімскага журналіста да апантанага пошуку. Перабольшанае ўяўленне пра надзвычайную каштоўнасць кожнай рыскі мастака ў выніку змусіла краязнаўцу не болей чым скрушна, «па-народнаму» пажартаваць: «Хто ж вам зараз праўду скажа!» Мажліва дапусціць, што зараз нам вядомыя не самыя лепшыя творы мастака, бо «трэба было карміцца». Таму карціны «Стары», «Муляр», «Рамонкі», «Бэз», «Дзяўчына з ягадамі», «Кудзельніца», «Рынак у Слоніме», «Хата ў Рышчыцах», «Стары дом у Слоніме», «Хлеў і гумно ў Рышчыцах», «Аўтапартрэт», «Аўтапартрэт мастака ў 1943» — гэта творы, што былі набытыя Слонімскім краязнаўчым музеем улетку 1943 года, і належалі пэндзлю мастка, але і (а мо ў першаю чаргу) адпавядалі тэматычным прыярытэтам і эстэтычным густам тагачаснага кіраўніцтва музея.
Вядома яшчэ некалькі прац, што выявіў Сяргей Чыгрын. І гэта пакідае надзею на праўдападобнасць паўлегендарных звестак, што дзесь, у прыватнай калекцыі невялікага раённага гарадка захоўваецца ладны збор якасных твораў мастака.
Нібыта і ўсё… Але «збіраць зярнятка да зярнятка» варта не толькі для таго, каб знайсці «разгадку нашых крыўдаў, бед». Калі расшукваеш творы, высвятляеш акалічнасці жыцця і творчасці гэтага мастака, як ніколі выразна бачыцца нерэалізаваны лёс Заходняй Беларусі, яе патэнцыял, мажлівасць адметнага шляху і перакананасць, што ў экспазіцыі будучага музея духоўнай (мастацкай) культуры Заходняй Беларусі творы мастака Антона Карніцкага зоймуць пачэснае месца.