Мікалай Халезін: Майклу Дугласу вельмі важна, што ён з Беларусі

«Нешта мяняецца ў тваёй свядомасці, калі даведваешся, што выхадцамі з Беларусі з’яўляюцца: вялікі канадскі хакеіст Уэйн Грэцкі, амерыканскі актор Харысан Форд, французскі мадэльер Іў Сэн-Ларан, сусветная зорка журналістыкі Лары Кінг…"

Беларусы падчас шэсця на гонар 150-годдзя Канады, 2017 год, budzma.by

Беларусы падчас шэсця на гонар 150-годдзя Канады, 2017 год, budzma.by

"Ты ўсведамляеш, што краіна, якая дала свету не адзін дзясятак геніяльных асобаў, можа і абавязаная стаць іншай — цывілізаванай, сучаснай, мудрай”.
Так пачынаецца зборнік эсэ пра знакамітых беларусаў свету “Адзін з нас”, выдадзены ў 2009 годзе.
Кніга — праект Свабоднага тэатра, над ёй працавала каманда, у складзе якой — Мікалай Халезін, Наталля Каляда, Ігар Зайцаў, Уладзімір Халіп і іншыя. Алег “Джагер” Мінакоў спецыяльна для праекта стварыў і выканаў песню One of Us, Уладзімір Цэслер зрабіў дызайн вокладкі. У зборнік увайшло каля 30 эсэ (на беларускай, англійскай і рускай мовах) пра знакамітых выхадцаў з Беларусі. Сярод іх — Наталля Арсеннева, Леў Бакст, Шымон Перэс, Соф’я Кавалеўская і іншыя. У камплекце да кнігі таксама дыск “Адзін з нас” з беларускамоўнай аўдыёверсіяй тэкстаў, чытае Андрэй Каляда.
У прадмове да зборніка таксама адзначаецца, што ў краіне хапае тых, кім можна ганарыцца, і іх столькі, што, вядома, яны не змясціліся пад вокладкай адной кнігі, таму працяг будзе. І сапраўды, два гады таму было вырашана аднавіць праект, дадаўшы суб’ектыўны погляд. Да напісання новай кнігі запрасілі пісьменніка Альгерда Бахарэвіча.
Пра праект “Адзін з нас” і пра яго далейшае развіццё мы паразмаўлялі з суаўтарам ідэі кнігі і тэкстаў, журналістам, сцэнарыстам і кіраўніком Свабоднага тэатра Мікалаем Халезіным.

Фота з асабістага архіву Мікалая Халезіна

Фота з асабістага архіву Мікалая Халезіна

 — Мікалай, распавядзіце, калі ласка, як пачынаўся праект “Адзін з нас”. І чаму вы вырашылі не абмяжоўвацца адной кнігай?
— Першы пачаў, заахвоціў да справы наш партнёр Ігар Зайцаў, якога, на жаль, ужо няма ў жывых. Ён у бібліятэцы сядзеў, вельмі шмат працаваў, тады яшчэ не было ў інтэрнэце такога вялікага аб’ёму інфармацыі. І неяк прыйшоў да нас: “Вось у мяне ёсць такі спіс”. Гэта быў такі падарунак — чалавек не ведае, куды ісці, і раптам здараецца, што ты можаш яму дапамагчы. Гэта быў вельмі светлы чалавек, надзвычайны. Уся тэма беларусаў, якія расквітнелі за мяжой, — ён адкрыў вельмі шмат. Да яго многіх прозвішчаў ніхто не ведаў, нават не ўяўляў, што гэтыя людзі мелі дачыненне да Беларусі.
Вось разам з Ігарам Зайцавым і Наталляй Калядой мы і распрацоўвалі гэтую канцэпцыю, пісалі і рэдагавалі тэксты. Атрымалася кніга, але праз гады мы зразумелі, што канцэпцыя была занадта агульнай і простай. Мы яе як бы ў свет выкінулі і шмат імёнаў далі беларусам, якімі можна ганарыцца, але пасля таго адбылося яшчэ вельмі шмат.
Так атрымалася, што нам давялося жыць за мяжой, і вельмі шмат з гэтых людзей пачало трапляць у наша поле зроку.
Напрыклад, у 2011 годзе быў у гонар Свабоднага тэатра такі вялікі гала-івэнт у Нью-Ёрку, і там прысутнічала шмат вядомых актораў: Том Стопард, Эдгар Лорэнс Дактароў, Дон Дэліла. Том Стопард падрыхтаваў нам сюрпрыз — зачытаў ліст ад Майкла Дугласа, які ўпершыню прызнаўся, што ён выхадзец з Беларусі і для яго гэта вельмі важна.


Для нас гэта быў шокавы момант — да гэтага ён ні разу не выказваўся на гэтую тэму. І мы зразумелі: кніга пачынае працаваць далей.
Быў увогуле надзвычайны момант. Мы з’яўляемся рэзідэнтамі Young Vic Theatre. Арт-дырэктар гэтага тэатра — Дэвід Лэн. Ён сам родам з ПАР. Ён жартаўліва казаў: “Па-вашаму, усе — выхадцы з Беларусі. І гэта ўжо не смешна. Такія імёны гучаць, да якіх ніхто не гатовы. Хэлі Бэры — цемнаскурая акторка і таксама выхадзец з Беларусі”. Мы яму тлумачылі, што ў Беларусі праходзіла мяжа габрэйскай аселасці, пасля гэтыя людзі з’язджалі і за мяжой праслаўлялі сябе і заадно Беларусь. Але аднойчы Дэвід з’ехаў у адпачынак да сваёй маці, якая працягвае жыць у Кейптаўне, вярнуўся адтуль і пытаецца: “А Віцебск — гэта Беларусь?”. Я кажу: “Так”. І ён такі: “Тады я таксама беларус”. Выявілася, што па матчынай лініі Дэвід Лэн — таксама выхадзец з Беларусі. А ён жа камандор Ордэна Брытанскай Імперыі, чалавек ну вельмі вядомы. І ён распавядаў прэсе пра гэты выпадак з такім лёгкім шокам, бо для яго гэта таксама было адкрыццё сваіх каранёў.
Таму мы вырашылі: нам трэба ствараць падобную кнігу, але ўжо новы варыянт, радыкальна каб адрозніваўся. Калі ў першай кнізе мы пераказвалі біяграфіі, то цяпер захацелі, каб хтосьці з беларусаў, кім можна ганарыцца і чый погляд не традыцыйны і не кандовы, напісаў гэтую кнігу. Мы звярнуліся да Альгерда Бахарэвіча. Узгаднілі склад — 30 імёнаў. Праца над кнігай вялася амаль год.

adzn_2.jpg


На дадзены момант артыкулы з кнігі выходзяць на сайце Міністэрства контркультуры. Цяпер ужо выйшла 20-я частка, прысвечаная Гвінэт Пэлтроў. Тэксты выходзяць на англійскай і рускай мовах, бо гэта мовы сайта. Альгерд піша па-беларуску, таму ў канцы кожнага раздзела ёсць старонка, дзе выкладзены арыгінальны тэкст на беларускай мове. Выйшлі два цыклы, засталося яшчэ 10 тэкстаў. І вось калі гэта завершыцца, мы будзем размаўляць пра выданне кнігі. Праўда, пакуль не ўяўляем, хто б з выдаўцоў мог узяцца: у нас цяпер час рэструктурызацыі, вельмі вялікіх зменаў у Свабодным тэатры, таму мы ўвесь выдавецкі цыкл скончыць не зможам.
Але кніга атрымалася вельмі захапляльная, бо з’явіўся суб’ектыўны погляд Альгерда, а ён у яго заўсёды вельмі цікавы. Альгерд знаходзіць нейкія рэчы, якіх нам не хапала для разумення, магчымасць паглядзець з іншага ракурсу. Я вельмі задаволены, што ў нас атрымалася гэтым разам.
Увогуле, мы былі пазбаўленыя тэмы знакамітых выхадцаў з Беларусі, а цяпер яна ёсць, вельмі шмат хто на гэтую тэму выказваецца. І калі выяўляюцца яшчэ якія беларускія карані — мне гэта вельмі падабаецца, гэта разуменне нейкага фундаменту, да якога ты можаш накіравацца. Некаторыя людзі, з якімі мы зносімся, — вельмі вядомыя выхадцы з Беларусі, будзь яны хоць габрэі, палякі, рускія па паходжанні. Вядома, не трэба казаць, што Гвінэт Пэлтроў выхаваная на беларускай акторскай школе. Але калі яна прызнаецца, што выхадцы адсюль — частка яе сям’і, гэта ўжо неяк нас звязвае. Ёсць нейкі аванс, калі мы можам сказаць: “А ці не хочаш ты прыехаць у Мінск на кінафестываль?”. Пры гэтай уладзе яна адмовіцца, але пры іншай прыедзе. І вялікая колькасць людзей, з якімі мы размаўлялі і якія хацелі б прыехаць, але не дапускаюць такіх магчымасцяў, пры іншых абставінах с задавальненнем іх выкарыстаюць.
— Ці будзе ў наступнай кнізе артыкул, прысвечаны, прыкладам, Феліксу Дзяржынскаму?
— Мы разумелі: каб казаць пра людзей спрэчных альбо проста адназначна афарбаваных у чорны колер, кшталту таго ж Дзяржынскага, трэба для пачатку, каб у галовах беларусаў асела, што ёсць кім ганарыцца з добрага боку. А зладзеяў апішам як-небудзь іншым разам. У першай кнізе ёсць Андрэй Грамыка — таксама не зусім станоўчы герой. Але ён усё ж культавая фігура. У МЗСах любы дыпламат скажа: “Так, гэты чалавек нёс дурную ідэалогію, але ён вельмі характарны ва ўсім гэтым”. Недарма ён атрымаў мянушку “містар не”, бо ні на што не пагаджаўся.
— А пра Мікалая Халезіна?
— Я спадзяюся, што не. Я не вельмі люблю такую ўвагу. Таксама ў мяне ёсць дакладнае разуменне: ацаніць дзейнасць чалавека можна толькі праз гады. Бо чалавек, якога паставіш у такі шэраг і моцна пахваліш, можа паспець яшчэ да канца жыцця нарабіць шмат глупстваў. І тады ўсім будзе няёмка. Мы можам, прыкладам, казаць пра актораў, якія сыгралі шмат роляў, што крыху адрываюцца ад іх асобаў. Але калі чалавек займаецца канкрэтнай дзейнасцю, асабліва калі гэта спалучаецца з сацыяльнай гісторыяй, баюся, не варта пакуль акцэнтаваць на іх увагу.
У мяне свой погляд на Жарэса Алфёрава, у якога ёсць вялікія дзівацтвы ў сацыяльных паводзінах, у грамадскай дзейнасці — мне яны не вельмі падабаюцца, але я разумею, што калібр яго прафесійнай дзейнасці вельмі высокі. Тут ужо мы не можам неяк падыходзіць з ацэнкамі.
А тэатральная дзейнасць — яна вельмі зменлівая. Сёння ты зорка, а заўтра пра цябе забылі, бо расквітнела яшчэ шмат зорак, а ты проста ўпусціў сучасны гук, танальнасць і ўмомант знікаеш з гарызонту. Таму я так спакойна да гэтага стаўлюся.
Але я ведаю ў Беларусі цэлы шэраг людзей, якія дакладна трапяць у такі спіс (знакамітых выхадцаў з Беларсі — А. Д), для мяне гэта відавочна. Я не чакаў, што мне выпадзе такая магчымасць — атрымалася, я магу глядзець на гісторыю сваёй краіны збоку, пры гэтым не губляючы ў ёй удзелу. Гэта вельмі вялікі прывілей. І гэта вельмі цікава, бо ты не звязаны вялікай колькасцю маментальных сувязяў, можаш паглядзець на чалавека і яго творчасць скрозь прызму проста творчасці. І тады адразу становіцца шмат і шмат відавочна.
Я магу сказаць пра самае вялікае маё адкрыццё: тое, што адбывалася ў беларускай драматургіі 10-12 гадоў таму, калі раптам расквітнела адразу некалькі пакаленняў драматургаў, — цяпер адбываецца ў літаратуры. І я дакладна разумею, наколькі моцна адарвалася літаратура ад усіх астатніх відаў мастацтва ў Беларусі. Яна рэальна ідзе ў абсалютным авангардзе. Я проста заклікаю глядзець на літаратуру і спрабаваць працаваць з ёй: кінематаграфістам, тым, хто займаецца тэлебачаннем, прадзюсаваннем спектакляў і г.д., таму што ў літаратуры цяпер вельмі моцны штуршок, які можа выцягнуць усе астатнія віды мастацтва дастаткова моцна.
budzma.by