«Мы толькі плавім метал, а Бог залівае». Як ствараюць памятную шыльду да #БНР100
Шыльду да 100-годдзя БНР Засімовіч стварыў паводле арыгіналу 1993 года аўтарства іншага вядомага майстра Алеся Шатэрніка. Сам Шатэрнік цяпер жыве ў ЗША і працу над праектам даручыў Засімовічу.
Сонечная, занадта марозная для
сярэдзіны сакавіка раніца. Прамысловы раён Мінску. На прахадной скульптурнага
камбіната нас сустракае начальнік вытворчасці Міхаіл Ляснеўскі. Менавіта пад
ягоным тэхнічным кіраўніцтвам на камбінаце адлілі з бронзы ганаровую шыльду да
100-х угодак абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. Сродкі на
яе сабралі 270 фундатараў за пяць гадзін.
Ігар Засімовіч — стваральнік шыльды, беларускі скульптар. Аўтар шэрагу помнікаў знакамітым беларусам, у тым ліку мемарыяльнай дошкі ў гонар Рыгора Барадуліна. Шыльду да 100-годдзя БНР Засімовіч стварыў паводле арыгіналу 1993 года аўтарства іншага вядомага майстра Алеся Шатэрніка. Сам Шатэрнік цяпер жыве ў ЗША і працу над праектам даручыў Засімовічу.
Мы заходзім у цэх. Цяпер тут прахалодна, але калі працуюць печы, льецца метал — спякота стаіць невыносная, распавядае Міхаіл Ляснеўскі. Ён тлумачыць, як адбываецца стварэнне скульптуры крок за крокам.
«Першы
этап — прыняцце мадэлі ў фармоўку. З мастацкай майстэрні грузчыкі прывозяць
гіпсавую форму. Далей мы вырабляем «васкоўку» — гэта адбітак мадэлі ў воску.
Пасля аўтар сваімі тонкімі інструментамі прапрацоўвае воск паводле сваёй
задумкі».
Пасля гэтага васковую форму кладуць у пясок, паступова выдаляюць воск і атрымліваецца гатовая форма для заліўкі металу. Вось цяпер робіцца спякотна. Без маскі і рэспіратара знаходзіцца ў цэху немагчыма.
«Бронзу можна заліваць пры тэмпературы каля 1250 градусаў. Яна варыцца ў пячы, а па гатоўнасці печ пераварочваецца і метал саламяна-жоўтага колеру з сінімі вагеньчыкамі льецца ў форму».
Ад пачатку і да канца над
адліццём працуюць 7 чалавек. Аўтар шыльды, скульптар Ігар Засімовіч прысутнічаў на ўсіх этапах фармоўкі і апрацоўкі
свайго твору.
Адрозненні ад першапачатковай мадэлі, узору 1993 года, хоць невялікія, але ёсць. Раней меч вершніка быў за галавой, а цяпер будзе над ёй. Пакуль мы бачым асобныя, немантажаваныя дэталі: меч, каня, тулава вершніка.
Наш суразмоўца перастаўляе іх, дэталі
настолькі фігурныя і тонка зробленыя, што становіцца страшна: толькі б не
ўпалі.
«Важны кожны этап, бо адзін няправільны рух — і можна ўсё сапсаваць. Мы нават не любім дапускаць чужых у цэх. Бо старыя ліцейшчыкі кажуць: мы толькі плавім метал, а Бог залівае».
Свой канчатковы выгляд шыльда набудзе не пазней за раніцу наступнага аўторка. Пасля аўтар забярэ яе, і 24 сакавіка шыльду ўрачыста ўсталююць на вуліцы Валадарскага, 9. Дазвол на ўсталяванне далі гарадскія ўлады. Збор сродкаў быў абвешчаны 2 сакавіка і ўжо праз пяць дзён людзі сабралі неабходную суму — 6154 рублі. Колькасць фундатараў (270) пазначаная на зрэзе шыльдзе.
Каця Андрэева, Ірына Арахоўская, belsat.eu