Леанід Лыч: «Абвесціць агульнанацыянальным святочным днём 25 сакавіка!»

15–16 сакавіка ў інстытуце гісторыі НАН праходзіла Міжнародная канферэнцыя «Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці», прысвечаная 100-годдзю БНР.

Адкрыццё Міжнароднай канферэнцыі «Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці»

Адкрыццё Міжнароднай канферэнцыі «Беларуская Народная Рэспубліка ў гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці»

У канферэнцыі ўдзельнічалі вядомыя спецыялісты з Беларусі і Польшчы. На канферэнцыі панаваў прыўзняты святочны настрой, выступы былі насычаны цікавымі малавядомымі фактамі. Пленарнае пасяджэнне адкрыў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч.

Нашымі папярэднікамі быў зроблены значны ўклад для нацыянальнай дзяржаўнай незалежнасці нашай краіны, — прамовіў доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя. —  Беларускія землі, якія спрадвеку знаходзяцца на геапалітычным скрыжаванні, ніколі не былі ў баку ад дзяржаваўтваральных працэсаў, якія адбываліся на еўрапейскай прасторы.

Нашы продкі пастаянна адчувалі спробы ціску як з захаду, так і з усходу. Нягледзячы на шматлікія войны, палітычныя і эканамічныя ўзрушэнні наш народ выстаяў, не знік з гістарычнай авансцэны, захаваў свае традыцыі, абараніў свае права на самастойнае развіццё. Моц дзяржавы і грамадства вызначаюцца маральнымі якасцямі, прыстойнасцю людзей, захаваннем памяці пра тых, хто прысвяціў свае жыццё служэнню народу і роднай зямлі.

У ХХ стагоддзі дзяржаваўтваральны працэс адбываўся ў вельмі складаных міжнародных і палітычных абставінах. На разломе Расійскай імперыі ўдалося пабудаваць шэраг незалежных дзяржаў. Беларускія лідары зрабілі практычныя крокі па рэалізацыі дзяржаўнага будаўніцтва. 25 сакавіка 1918 года адбылося абвяшчэнне БНР. Сфармуляваная ў ХIХ стагоддзі, нацыянальная ідэя заваявала падтрымку эліты і насельніцтва”.

Вячаслаў Даніловіч

Вячаслаў Даніловіч

Пра першую артыкуляцыю беларускай нацыянальнай ідэі ў асяроддзі студэнцкага Пецярбургскага гуртка заснавальнікаў часопіса “Гоман” нагадаў педагог, археолаг і краязнаўца, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк.

Дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі РБ Віктар Кураш распавёў пра міжнародныя кантакты БНР. Ён узгадаў пра дакументы, якія захоўваюцца ў дзяржаўных архівах Рэспублікі Беларусь.

Гарачымі воплескамі прывіталі прысутныя выступленне кандыдата гістарычных навук, дацэнта Мікалая Смяховіча. “Свята 100-годдзя БНР павінна аб’ядноўваць нацыю, усталёўваць у краіне мір і згоду, а не быць інструментам барацьбы палітычных груповак, — адзначыў ён. — Дзяржаўнасць  азначае права на самастойнае развіццё, магчымасць і здольнасць нацыянальнай эліты да яго практычнага ўвасаблення. Наш народ здабыў права на стварэнне дзяржавы ў 1918 годзе, але гістарычная сітуацыя не дазволіла ўвасобіць ідэю ў такой форме, у якой яна была задумана”.

На пасяджэннях ў секцыях быў неаднаразова ўзгаданы адзін з галоўных гістарыёграфаў БНР у 80-я гады — Віталь Скалабан. Пра эміграцыйныя архівы БНР распавяла кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка.

Бліскучы акадэмічны даклад кандыдата гістарычных навук, дацэнта БДУ Таццяны Паўлавай быў прысвечаны міжнароднай дзейнасці і дыпламатычным дачыненням БНР у перыяд з 1918 па 1920 год. Даследчыца асвятліла ўдзел дэлегацыі БНР ў Брэст-Літоўскіх мірных перамовах з патрабаваннем захавання цэласнасці беларускіх тэрыторый, і ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. Яна распавяла пра дзейнасць беларускай дыпламатычнай місіі ў Кіеве, акрэсліла ролю такіх дзеячаў, як Іван Серада, Аляксандр Цвікевіч і іншых у міжнародных дачыненнях БНР.

Станіслаў Рудовіч 

Станіслаў Рудовіч 

Кандыдат гістарычных навук Станіслаў Рудовіч узгадаў пра лёс Клаўдзія Дуж-Душэўскага, які стаў аўтарам эскіза бел-чырвона-белага сцяга, зацверджанага БНР. Марыя Міцкевіч падзялілася ўспамінамі пра брата Якуба Коласа — Міхася (Антося Галіну), таленавітага педагога, паэта і грамадскага дзеяча, які лічыў Раду БНР найважнейшай арганізацыяй.

Марыя Міцкевіч

Марыя Міцкевіч

Важныя думкі выказаў доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч. Ён падкрэсліў, як шмат удалося зрабіць заснавальнікам БНР у студзені-сакавіку 1918 года. Аўтарытэтны гісторык адзначыў, якія вялізарныя высілкі рабілі прадстаўнікі Рады БНР па развіцці нацыянальнай беларускай адукацыі ў той складаны час. Нягледзячы на недахоп сродкаў і нямецкую акупацыю, пачаў працу Мінскі настаўніцкі інстытут. 

Леанід Лыч

Леанід Лыч

Леанід Лыч прапанаваў звярнуцца да прадстаўнікоў дзяржавы з заклікам абвесціць агульнанацыянальным святочным днём 25 сакавіка. Леанід Міхайлавіч узгадаў, што 25 гадоў таму ў сценах Інстытута гісторыі агучваць такія даследаванні было немагчыма, але  ў кулуарах прадстаўнікі інтэлігенцыі з цікавасцю абмяркоўвалі тэму БНР.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

Я вельмі ўдзячны арганізатарам канферэнцыі за запрашэнне прыняць у ёй удзел і выступіць з дакладам, — сказаў старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. — Асноўным пасылам было тое, што БНР — гэта беларускі праект”.

Упершыню мы правялі такую маштабную грунтоўную навуковую канферэнцыю, — адзначыў дырэктар Інстытута гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук  Вячаслаў Даніловіч. —  БНР — першы крок у ланцугу ажыццяўлення беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Рэальнай дзяржавай БНР не стала, але яе абвяшчэнне паспрыяла рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці на савецкай аснове, а на трывалым эканамічным і культурным грунце БССР  атрымала незалежнасць Рэспубліка Беларусь. Эта часткі аднаго ланцуга, і мы гэта павінны выдатна ўсведамляць. Па выніках канферэнцыі мы выдадзім навуковы зборнік”.