На Вялікдзень на Палессі ўпрыгожылі каменную дзяўчынку

Традыцыя ўшанавання старажытных каменных «ідалаў-крыжоў» у выглядзе баб ці дзяўчынак на вялікія традыцыйныя святы і дагэтуль існуе ў палескіх вёсках Баравое і Данілевічы.

ushanavannye_kamennay_dzevachki_na_vyalikdzen_08.jpg

Згодна з мясцовай легендай, дзяўчынка з сімвалічным імям Еўка пайшла ў поле зажынаць жыта разам з маці, але працавала вельмі марудна, ды калі маці прасіла яе дапамагаць, казала, што ўжо стамілася. Тым часам да маці з дачкой рухалася хмара, і трэба было пакласці снапы хутчэй, але дзяўчынка ленавалася, таму маці не стрымалася і пракляла дачку, каб яна акамянела. У момант раздаўся гром, і дзяўчынка пераўтварылася ў камень.

З таго часу жыхары і госці вёсак Данілевічы і Баравое прыязджаюць да «каменных дзевачак», каб пакінуць паднашэнне ў выглядзе фартушкоў, ручнічкоў, упрыгожанняў, цацак, велікодных яек, цукерак, і просяць дапамагчы са здароўем, плоднасцю, ці наўпрост — у асабістым жыцці і дабрабыце.

ushanavannye_kamennay_dzevachki_na_vyalikdzen_01.jpg

У вёсцы Баравое ў каменнага ідала маленькага веснавога жаночага боства ёсць і свой вянок, які ёй сплятаюць мясцовыя жанчыны ўвясну кожны год.

ushanavannye_kamennay_dzevachki_na_vyalikdzen_14.jpg

ushanavannye_kamennay_dzevachki_na_vyalikdzen_07.jpg


Раз на год у час святкавання Вялікадня мясцовыя жыхаркі з вёскі Баравое прыходзяць да сваёй «каменнай берагіні» ў лес ды пераапранаюць «Еўку» ў новае адзенне, а старыя паднашэнні спальваюць, каб тыя разам з попелам і людскімі малітвамі адышлі ў іншы свет да бога.

ushanavannye_kamennay_dzevachki_na_vyalikdzen_22.jpg

Не забываюць «берагіні дзевачак» і памаліцца ды пачаставаць дзяўчынку велікоднымі яйкамі і смачнымі велікоднымі булкамі, якія жанчыны Баравога ды Данілевічаў і дагэтуль выпякаюць у печы па традыцыі з крыжыкамі падобнымі на тыя, што выдзертыя на камянях-ідалах. Некаторыя наведнікі нават не шкадуюць падарыць «дзяўчыне» срэбраныя завушніцы і шмат грошай, каб іх просьбы збыліся.

ushanavannye_kamennay_dzevachki_na_vyalikdzen_13.jpg

Людзі і ў нашыя часы вераць у дапамогу нявіннай дзіцячай ахвяры. Цікава і тое, што практычна адна і тая ж легенда пра Еўку адносіцца да абедзвюх «каменных дзевачак» у суседніх вёсках, што сведчыць аб ушанаванні аднаго і таго ж жаночага боства плоднасці і ўрадлівасці.

Этнографы ды проста аматары дахрысціянскай беларускай культурнай спадчыны ўжо даўно прыязджаюць і вывучаюць культ ушанавання дзяўчынак-ідалаў, а адносна нядаўна нават бралі пробы каменю, каб высветліць прыкладны час стварэння камянёў.


Пасля ўшанавання продкаў вяскоўцы Баравога ды Данілевічаў звычайна збіраюцца ў хатах сваім родам у бацькоў ды матак-берагінь.

Адчыненыя дзверы ды святло пакідаюць у хатах да раніцы, і асаблівай радасцю лічыцца, калі раніцай першым у хату зойдзе мужчына, што часткова звязана з зыходам мужчынскага боскага святла Пяруна ў дахрысціянскія часіны ды ўваскрашэннем Хрыста — у хрысціянскія.

ushanavannye_kamennay_dzevachki_na_vyalikdzen_36.jpg

Пасля абавязковага трохкратнага велікоднага віншавання сваякі традыцыйна б’юцца яйкамі ў біткі, частуюцца велікоднымі кулічамі, радуюцца штогодняму перараджэнню свету, боскаму ўваскрашэнню і ды проста таму, што іх род сабраўся разам на Вялікае свята.

ushanavannye_kamennay_dzevachki_na_vyalikdzen_34.jpg


Фота Вячаслаў Радзіміч

 belsat.eu