На фоне Рушчыца музыкі гралі…

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь — гэта не толькі самы вялікі ў краіне збор твораў жывапісу, графікі, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і асветніцкая ўстанова. Яе супрацоўнікі шмат робяць для таго, каб наведвальнікі не толькі вучыліся разумець прыгожае, але і ўсведамлялі сябе прыналежнымі да беларускага свету — свету добразычлівых і таленавітых людзей.  



af_sha_liekcy__logo.jpg

Памятаю часы, калі сімвалам высокага інтэлектуальнага ўзроўню чалавека было ўжыванне ім слова «экзістэнцыяльны». Пасля лакмусавай паперкай адукаванасці стала выкарыстанне слова «трансцэдэнтальны». Сёння маркерамі інтэлекту выступаюць такія тэрміны, як «трэнд» альбо «тэхналагічная сінгулярнасць». Не менш актуальным застаецца слова «парадыгма» — (ад грэчаскага paradeigma — прыклад, узор), «сукупнасць тэарэтычных і метадалагічных перадумоў, якія вызначаюць канкрэтнае навуковае даследаванне і з'яўляюцца мадэллю, узорам пастаноўкі і рашэння даследніцкіх задач», — так вызначае гэтае паняцце Вікіпедыя.

Арганізатары асветніцкага мерапрыемства «Этнапарадыгма», якое адбылося ў НММ РБ, ставілі за мэту паказаць на разнастайных прыкладах узор таго, што і як даследуецца ў сумежных з этнаграфіяй галінах навукі і мастацтва. Адсюль і назва лекторыя «Этнапарадыгма», у праграме якой наведвальнікам музея была прапанавана лекцыя «Беларуская этнакасмалогія» навуковага супрацоўніка НАН РБ, даследчыка старажытных беларускіх назваў, легендаў і ўяўленняў пра зорнае неба Цімафея Авіліна. Ну а ў якасці ўзораў музычнай парадыгмы ў сучасных глабалізаваных умовах арганізатары прапанавалі канцэртныя сэты ад этна-гурта «Альтанка» і гурта інтуітыўнай імправізацыі «Князь Мышкін».

c_moh_av_l_n_raspavjadae_pra_belaruskuju_etnakasmalog_ju_logo.jpg

Цімох Авілін распавядае пра беларускую этнакасмалогію

Думаю, што Цімафей Авілін, якому першаму далі слова, не чакаў такой зацікаўленасці наведвальнікаў музею інфармацыяй, якую ён прапанаваў ім падчас лекцыі. Ну сапраўды, для многіх стаў адкрыццём той факт, што ў Беларусі, як нідзе, захавалася шмат цікавых паданняў адносна астранамічных з’яў, такіх як наша галактыка, бачных сузор’яў, планет, спадарожніка Зямлі — Месяца, метэораў… Усе яны маюць у народзе свае адметныя назвы: напрыклад, Млечны шлях па-нашаму завецца Птушынай дарогай. Паданне, па словах Ц. Авіліна, гаворыць, што Бог стварыў гэтае зорнае скопішча для таго, каб птушкі ведалі, куды ляцець на зіму, у якім напрамку вырай. Але зафіксаваны і такія назвы, як Чумацкі шлях, Дарога на Кіеў. Бо гэтая астранамічная з’ява ўказвала дарогу ў той бок, куды чумакі рушылі за соллю. Гэта вынік практычнага выкарыстання астраноміі нашымі продкамі. А вось калі казаць пра метафізічны сэнс назваў, то беларусы верылі, што Птушынай дарогай ходзяць святыя, а душы памерлых адлятаюць у лепшы свет.

Цімафей Авілін падрабязна спыніўся на этымалогіі беларускай назвы сузор’я Вялікая Мядзведзіца. Ён зазначыў, што, магчыма, старажытныя беларусы ў гэтай з’яве бачылі калясніцу паганскага бога Пяруна. Таму і народная назва сузор’я была Воз ці Калясніца. Зафіксаваныя і іншыя назвы: Чарпак, Коўш.

knjaz_mishk_n_mprav_z_rue_logo.jpg

"Князь Мышкін" імправізіруе

Цікавымі падаліся слухачам інтэрпрэтацыі назваў сузор’я Арыён. Беларусы называлі яго Касцы, бо нібыта пасля таго, як гэтае сузор’е з’яўлялася на небе, пачыналіся палявыя работы. Былі зафіксаваныя і такія назвы, як Каромысел і Тры Каралі (маюцца на ўвазе біблейскія Тры Валхвы).

А вось Плеяды ў беларускім народзе зваліся Сіта, альбо мелі агульнаеўрапейскую назву — Курачкі. Таксама зафіксаваны назвы Стажары, Валасажар, Кучкі, Купкі, Сем мальцаў.

Палярная зорка ў беларускай этнаастраноміі называлася Паўночнай зоркай, Зорны кол, бо нікалі не мяняла свайго месца на зорным небасхіле і заўсёды паказвала напрамак на поўнач. Вядома, што Зорны кол — пачатак сузор’я Малой Мядзведзіцы, па-беларуску — Малога Возу.

Шмат увагі Цімафей Авілін надаў такой астранамічнай з’яве, як падаючыя зоркі, бо нашы продкі верылі, што кожная з іх — гэта душа чалавека. Таму лічылася дурнотай тыкаць у неба пальцам, бо можна было патрапіць ім у чужую ці ў сваю душу і так загубіць яе. Слухачы таксама даведаліся, як у нашых дзядоў і бабуль звалася Венера. А мела яна назву Ранішняя ці Вячэрняя зорка. Яшчэ адна прыгожая назва — Дзянніца. А вось такая назва Венеры, як Мілавіца — хутчэй паэтычная прыдумка, але яна прыжылася (як і назва падаючай зоркі — знічка) і стала часткай сучаснага этапу беларускай этнаастраноміі…

Трэба адзначыць, што Цімафей Авілін анансаваў хуткі выхад сваёй кнігі, у якой ён абагульніў усе свае даследаванні, вынікі этнакасмалагічных экспедыцый па шматлікіх рэгіёна краіны. Гэтая навіна выклікала нямала пытанняў да лектара, прымусіла Цімафея прачытаць для цікаўных сваю інтэрактыўную лекцыю яшчэ раз, хоць і ў тэзісным варыянце.

А ў гэты час на сцэну ўжо выйшлі ўдзельнікі гурта «Князь Мышкін». Музыканты прапанавалі слухачам сваю імправізацыю, якая, па словах лідара гурта Лявона Нарушэвіча, была задумана як своеасаблівы музычны адпаведнік далікатнай музейнай атмасферы: музыканты шмат выкарыстоўвалі духавых інструментаў, у прыватнасці, духавы інструмент аўстралійскіх абарыгенаў — дзіджэрыду, набор разнастайных званочкаў ды іншых дробных ударных. Не было чуваць магутных рок-рыфаў ці гукавога фарсажу. Музыканты засяроджваліся на імправізацыйна-джазавай частцы кампазіцыі, на гармоніі акустычных гукаў і тэмбраў незвычайных інструментаў, на суладдзі з музейнай аўрай. І гэта музыкантам удавалася. Мо таму, што іх матываваў геніяльны алейны шэдэўр беларускага мастака Ф. Рушчыца «Вясна», які быў выстаўлены за іх спінамі…

novi_tvar_gurta_al_tanka_logo.jpg

Новы твар гурта "Альтанка"

Этна-гурт «Альтанка» яшчэ раз засведчыў тое, што яго ўдзельнікам уласціва імкненне да змен у лепшы бок. Так, гурт зрабіў крок ад банальнай балалаечнай капэлы да паўнавартаснага беларускага этнічнага музычнага калектыву. Свой варты ўнёсак у добрыя змены «Альтанкі» зрабіла і салістка Дар’я Лаўрэнц’ева, якая надала сваімі спевамі гэтаму струннаму ансамблю лірызму і пранікнёнасці. Мо таму слухачы цёпла віталі новыя кампазіцыі гурта «Альтанка» — апрацоўкі народных песень «Купала», «Юр’я», «Голуб на дубочку», «Як на рэчцы».

Пакуль такія імпрэзы ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі яшчэ рэдкасць. Але шлях нацыянальнай самаідэнтыфікацыі патрабуе ўзмацнення такіх крокаў для адкрыцця новых парадыгм, якія б спрыялі больш пільнаму погляду беларусаў на нацыянальную мастацкую спадчыну, у тым ліку і на шэдэўры Бялыніцкага-Бірулі, Рушчыца, Хруцкага, Драздовіча, што ўпрыгожваюць залу беларускага мастацтва…