Наданне статусу культурнай каштоўнасці беларускай мове дапаможа ёй выжыць

Ідэя надання беларускай мове статусу нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці мае права на жыццё. Пра гэта ў інтэрвью карэспандэнту "НЧ" 27 красавіка ў Мінску на круглым стале «Інвентарызацыі культурнай спадчыны: метадалогія і практычныя аспекты» заявіла начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Інстытуту культуры Беларусі Ала Сташкевіч.

belaruskaja_mova_1.jpg


Яна лічыць слушнай ідэю аб наданні статусу нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці беларускай мове, што з’яўляецца роднай для 80 адсоткаў насельніцтва Рэспублікі Беларусь. На яе думку, ажыццяўленне гэтай карыснай для беларускай мовы ідэі дазволіць зберагчы яе, як грунт нацыянальнай культуры. Бо ўнясенне нейкага элемента ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь прадугледжвае і меры дзяржавы па захаванні гэтай каштоўнасці, зазначыла Ала Сташкевіч.
Разам з тым яна звярнула ўвагу на тое, што падставай для ўнясення роднай мовы ў спіс каштоўнасцяў могуць стаць ініцыятыва грамадзянскай супольнасці, шырокая публічная дыскусія ў грамадстве і глыбокія сацыялагічныя даследаванні на нацыянальным узроўні з дапамогай рэсурсаў недзяржаўных структураў. Ала Сташкевіч не выключае, што гэтае складанае пытанне можа быць вырашана і ў сённяшніх умовах, бо калі большасць беларусаў выступіць за наданне роднай мове статусу культурнай каштоўнасці, пачне працаваць адпаведны дзейсны механізм.  
Нагадаем, што ў Міжнароднай канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 2003 году, ратыфікаванай Беларуссю, між іншым, зафіксавана:

"Нематэрыяльная культурная спадчына” азначае звычаі, формы выяўлення і выразу, веды і навыкі, -- а таксама звязаныя з імі інструменты, прадметы, артэфакты і культурныя прасторы, -- прызнаныя супольнасцямі, групамі і, у некаторых выпадках, асобнымі людзьмі ў якасьці часткі іхнае культурнае спадчыны;


"Нематэрыяльная культурная спадчына" праяўляецца, у прыватнасці, у наступных галінах: вусныя традыцыі і формы выразу, уключаючы мову ў якасьці носьбіта нематэрыяльнай культурнай спадчыны;


"Ахова” азначае прыняццё захадаў з мэтай забеспячэння жыццяздольнасцінематэрыяльнай культурнай спадчыны, у тым ліку яе ідэнтыфікацыю, дакументаванне, даследаванне, захаванне, абарону, папулярызацыю, падвышэнне ейнае ролі, яе перадачу, галоўным чынам з дапамогай фармальнай і нефармальнай адукацыі, а таксама адраджэнне розных аспектаў такой спадчыны.


удзельнікі круглага стала

удзельнікі круглага стала


З прапановай надаць беларускай мове статус нематэрыяльнай каштоўнасці нядаўна выступіў вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка.
На яго думку, цяперашняя беларуская ўлада не пойдзе ні на якае заканадаўчае ўзмацненне пазіцыяў беларускай мовы. Як лічыць навукоўца, для  рэалізацыі ягонай прапановы неабходна:
1. Каб грамадскія арганізацыі, статутныя мэты якіх прадугледжваюць клопат пра беларускую мову, культуру і гістарычную памяць, аб’ядналіся ў грамадскую раду дзеля абароны беларускай мовы і выпрацавалі прапановы наконт дзяржаўнай моўнай палітыкі.
2. Каб гэтыя грамадскія арганізацыі выпрацавалі шэраг законапраектаў, якія, не закранаючы цяперашняга канстытуцыйнага статусу моваў, разам з тым прадугледзілі б для беларускай мовы статус элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Такі статус дазволіць у канкрэтных сітуацыях ахоўваць носьбітаў і матэрыяльныя выразы беларускай мовы,  яе дыялекты, старабеларускую мову, графічныя і правапісныя сістэмы гэтай нематэрыяльнай культурнай каштоўнасьці. Усе гэта робіцца ў краінах, дзе, як і ў Беларусі, ёсць посткаланіяльная дэфармаваная моўная сітуацыя.
На жаль, зазначае Вінцук Вячорка,

у дзеючых Канстытуцыі і Законе аб мовах Беларусі адсутнічае паняцце “абарона беларускай мовы і гарантыі яе будучыні”, у той час, як такога кшталту палажэнні прадугледжаны заканадаўствам шэрагу краінаў, у тым ліку Украіны, Літвы, Славакіі, Расеі і Францыі.  


Апроч таго, пад час круглага стала адбылася жывая дыскусія па праблемам інвентарызацыі нацыянальнай культурнай спадчыны.
Так, прэзідэнт управы фундацыі “Еўрапейскі інстытут горада” (Варшава, Польшча), архітэктар Ірына Лаўроўская разам з калегамі пазнаёміла ўдзельнікаў пасяджэння з электроннай публічнай базай дадзеных па аб’ектах архітэктуры, гістарычных ландшафтах і памятных мясцінах, у тым ліку некропалях, краінаў Усходняй Еўропы (euimedia.com). Гэты шматмоўны сайт, што працуе другі год, дазваляе ўсім зацікаўленым не толькі назапашваць інфармацыю пра праблемы ўсходнееўрапейскай ўрбаністыкі і архітэктуры , але і адсочваць тэндэнцыю захавання помнікаў дойлідства ў гістарычным кантэксце. Пры распрацоўцы сайту, які дазваляе лёгка і хутка абменьвацца разнастайнай інфармацыяй, выкарыстаны досьвед Польшчы, Літвы, Украіны і Расеі.    
Намеснік дырэктара па навуцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза паведаміў пра захады ў справе інвентарызацыі археалагічнай спадчыны  краіны. Так, спачатку будзе складзаны Рэестр археалагічных артэфактаў, што знаходзяцца ў зборах “чорных капальнікаў”, а затым — Рэестр археалагічных аб’ектаў Рэспублікі Беларусь, у які ўвойдуць ад 8 да 10 тысяч могільнікаў, стаянак, селішчаў, гарадзішчаў, замчышчаў і капішчаў. Апроч таго, на тэрыторыі каля 50 раёнаў краіны вядзецца інвентарызацыя той часткі аб’ектаў археалогіі (парадку 2 тысяч адзінак), што ўнесена ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.    
Ала Сташкевіч  прадставіла сайт нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны (livingheritage.by), што ўяўляе сабою не навуковую, а ахоўную базу дадзеных па абласцях. Яго распрацоўшчыкаў, у першую чаргу, цікавяць стан і мажлівасць захавання духоўных скарбаў нацыі. Электронны рэсурс утрымлівае 55 элементаў, што атрымалі статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці; яшчэ 30 помнікаў народнай творчасці апрацоўваюцца. Апроч таго, гэтай тэме прысвечана асобная старонка ў Фэйсбуку, якая мае значна больш наведнікаў, чым сайт.
Разам з тым, як падкрэсліла Ала Сташкевіч,

у справе інвентарызацыі нацыянальнай культурнай спадчыны Беларусь адстае ад цывілізаванага свету больш чым на стагоддзе.

 
Арганізатарам круглага стала, прысвечанага Міжнароднаму дню помнікаў і памятных мясцінаў, выступіў айчынны фонд “Культурная спадчына і сучаснасць” разам з фундацыяй “Eўрапейскі інстытут горада” і Інстытутам культуры Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны. Аднак прадстаўнікі Мінкультуры праігнаравалі гэтую падзею, надзвычай актуальную для дзяржавы і грамадства.