Нашчадкі Міхала Клеафаса Агінскага прымуць удзел у святкаванні 250-годдзя кампазітара ў Залессі

Амаль 50 прадстаўнічых гасцей запрошаны для ўдзелу ў юбілейных урачыстасцях 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, якія пройдуць 25 верасня ў музеі-сядзібе ў Залессі (Смаргонскі раён). 



zaliessie.jpg

Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава.

Сярод гасцей у Залессі чакаюць нашчадкаў Агінскага па лініі дачкі Амеліі — Лідзію, Зігмунда і Ганну Зялінскіх з Познані (Польшча). Запрошаны дэлегацыі літоўскіх гарадоў-пабрацімаў Смаргоні — Алітуса, Марыямпаля, Вісагінаса, прадстаўнікі дыпламатычных місій Літвы, Польшчы, Расіі, Францыі, Італіі, Малдовы і Кыргызстана, а таксама беларускага дыпкорпуса за мяжой. Удзел ва ўрачыстасцях прымуць міністр культуры Барыс Святлоў і старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў.

Святкаваць юбілей у сядзібе знакамітага кампазітара і грамадскага дзеяча будуць на працягу пяці дзён. 23 і 24 верасня тут пройдзе міжнародная канферэнцыя "Спадчына М.К.Агінскага ў культуры трох народаў". Гасцям сядзібы 23 верасня будзе прадстаўлены спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра "Паланэзы на вяртанне". 

Галоўныя ўрачыстасці адбудуцца 25 верасня. У сядзібным парку адкрыюцца тры творчыя тэатралізаваныя пляцоўкі. На адной з іх школьнікі і студэнты правядуць пленэр і створаць сучасныя пейзажы "Паўночных Афін" пад Смаргонню. Другая пляцоўка стане прыстанішчам муз для залескага тэатра "Батлейка". На трэцяй гледачы ўбачаць тэатралізаваны паказ конна-спартыўнага клуба "Залатая шпора".


Спецыяльна да юбілею кампазітара прымеркавана адкрыццё музейнай экспазіцыі, якую наведвальнікі ўбачаць упершыню пасля рэканструкцыі маёнтка. У экспазіцыі некалькі раздзелаў, яе вызначае імкненне дасканала перадаць атмасферу і каларыт эпохі кампазітара. Тут можна будзе не толькі ўбачыць антыкварныя экспанаты: мэблю, музычныя інструменты, посуд, аксесуары, карціны, копіі дакументаў і артэфактаў роду Агінскіх, высокамастацкія муляжы грамат, пячаткі Агінскага, але таксама адчуць прысутнасць кампазітара — у экспазіцыі будзе выкарыстаны галаграфічны сюжэт ад'езду Міхала з сядзібы ў Фларэнцыю.

Юбілейныя ўрачыстасці ўвечары 25 верасня прадоўжыць канцэртная праграма з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. А 26 верасня ў сядзібе Агінскага адбудзецца касцюміраваны баль. Яго — згодна з усімі традыцыямі і канонамі арыстакратычнага мерапрыемства — правядуць вопытныя рэканструктары баляў. Як чакаецца, танцаваць на балі будуць каля 60 гасцей.

Завершыцца святкаванне юбілею кампазітара 27 верасня канцэртам ансамбля камернай музыкі "Класік — авангард" Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

У сядзібе Залессе вядомы грамадскі дзеяч, дыпламат і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі жыў амаль 20 гадоў (з 1802 па 1822 год). Тут ён стварыў самы вядомы твор — паланэз "Развітанне з Радзімай".

belta.by