Не належыць нікому, акрамя сябе?
Тэатр лялек прапануе арыгінальны погляд на Андэрсана.
Вы можаце ўявіць сабе спектакль па вядомай кожнаму «Дзюймовачцы» Андэрсана, у якім за ўсё дзеянне гэтае самае імя ніводнага разу не прагучала? У рэжысёра з Санкт-Пецярбургу Кацярыны Ложкінай-Бялевіч, якая другі раз за паўгода ставіць у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, менавіта так і атрымалася. Бо для яе гэтая гісторыя не пра замілаванне надзвычай маленькай прыгажуняй, а пра пошук свайго імя ў свеце, дзе кожны імкнецца падладзіць цябе пад вызначаныя кімсьці рамкі.
Я даўно не бачыла такога свежага погляду на матэрыял, які дзесяцігоддзямі круціцца ўсімі дзіцячымі тэатрамі. Спадарыня Ложкіна-Бялевіч з класічнай казкі амаль цалкам выкідае тэму вяселля і здабытку жаніха (быццам бы галоўнага складніка жаночага шчасця). Яе крохкая дзяўчынка — жывы сучасны чалавек, які шукае сярод гарадской павуціны безаблічных дамоў таго, хто адгукнецца на душэўнае цяпло і любоў, што перапаўняе яе сэрца.
На шляху малечы паўстаюць усё тыя ж знаёмыя персанажы. І кожны з іх, адпаведна Андэрсану, ускліквае: «Якая прыгажосць!». І адразу імкнецца прысабечыць «знаходку». Яна ж не жадае быць чыйсьці рэччу. У яе маюцца свае ўяўленні адносна таго, што ёсць дабро, і дзяўчынка не збіраецца змяняць іх, каб дагадзіць каму-небудзь з сустрэчных. Таму ў лепшых сучасных традыцыях (успомніце хаця б, як сённяшнія аніматары Disney пераасэнсоўваюць прынцэс з класічных мультыплікацыйных стужак, ці вазьміце новыя кніжкі з жаночымі персанажамі) традыцыйная гісторыя заканчваецца не вясельнымі фанфарамі, а знаходжаннем сябе самой.
У рэжысёрскай задумы цудоўнае візуальнае ўвасабленне. Мастак-пастаноўшчык Марына Заўялава адмаўляецца ад стракатых фарбаў, якімі часцей за ўсё вырашаюць «Дзюймовачку». Яе каляровая гама стрыманая, і ў гэтай каруселі шэрага, чорна-белага і мутна-зялёнага блакітная сукенка галоўнай гераіні выглядае шчырай надзеяй на лепшае. Вытанчаная відэапраекцыя ад Ягора Лаўрова і музыка ад Леаніда Паўлёнкі, што акутвае павуціннем шчымлівых асацыяцый, дадае няпростай роўд-муві адчуванне крохкасці.
Мастак селіць дзяўчынку на даху шматпавярховіка. З канструктару шэрых слупкоў з падслепаватымі вокнамі яна лёгка выводзіць балота, дзе так лёгка сустрэць інфантыльнае жабяня з уладарнай маці. Ці ператварае іх дзі-джэйскі пульт, за якім закаламучваецца модная дыскатэка для жукоў, што не прымаюць у сваю талаку тых, хто «якісьці не такі». А можа выбудаваць цэлую сістэму мосцікаў і сутарэнняў, дзе пануюць аматары непарушных межаў і правілаў (тут малеча сустракае Мыш, якая адразу пачынае камандаваць укладвацца спаць, нават калі і не хочацца, ці ўціскацца ў вясельную сукенку цераз "не хачу"). Ад апошняй навалы спадарыня Заўялава выратоўвае дзяўчынку з дапамогай неверагоднай ластаўкі, якая займае сабой хіба не паўсцэны.
Калі памножыць такую выбітную пастановачную каманду на высокакласны акцёрскі ансамбль, выгадаваны сталічным тэатрам лялек (у спектаклі занятыя Цімур Муратаў, Любоў Клок, Дзмітрый Рачкоўскі, Ілля Соцікаў, Надзея Чэча і Дзімтрый Чуйкоў), то атрымаецца практычна ідэальны спектакль. Але… У шчымлівай гарадской казкі ўзнікла праблема — мэтавая аўдыторыя. Тэма пошуку сябе ўсё ж псіхалагічна бліжэй да дзятвы гадоў ад васьмі-дзесяці. Аднак ці пойдуць школьнікі такога ўзросту на пастаноўку з назвай, што асацыюецца з надзвычай «дзіцячай» казкай? А вось многія з дашкольнікаў, якіх у глядзельнай зале была большасць, шчыра не дацягвалі да ўзроўню рэжысёрскіх абагульненняў. Магчыма, простае павелічэнне на афішы ўзроставага парогу дапамагло б прывесці ў тэатр тых гледачоў, якія сапраўды б змаглі зразумець усе нюансы гэтага неверагоднага і надзвычай патрэбнага новаму пакаленню спектакля.
Фота Станіслава Вігдорчыка