Неўпарадкаваны «Парадак словаў»: «каралём паэтаў» на руска-беларускім фестывалі быў абраны ўкраінец
9–11 красавіка ў Мінску адбыўся чацвёрты па ліку фестываль паэзіі «Парадак словаў». Цягам трох дзён наведнікі галерэі «Ў» мелі магчымасць слухаць вершы з Гродна, Полацка, Магілёва, Гомеля, Кіева, Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга. (На здымку: Дмытро Лазуткін)
9–11 красавіка ў Мінску адбыўся чацвёрты па ліку фестываль паэзіі «Парадак словаў». Цягам трох дзён наведнікі галерэі «Ў» мелі магчымасць слухаць вершы з Гродна, Полацка, Магілёва, Гомеля, Кіева, Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга.
(На здымку: Дмытро Лазуткін)
Сёлетні, чацвёрты па ліку, фестываль «Парадак словаў» выклікаў у мяне падвоеныя пачуцці. Што да пазітыўнай іх часткі, то яны, безумоўна, былі звязаныя з адкрыццём фестывалю 9
красавіка ў галерэі «Ў». Найперш таму, што пасля доўгага перапынку, ці ўвогуле ўпершыню, я меў шанец пачуць знаёмых адно паводле публікацыяў нямінскіх паэтаў Беларусі: Юрыя Гуменюка
і Анатоля Брусевіча з Гродна, Югасю Каляду з Гомеля, Леру Сом з Полацка, Дзмітрыя Дзмітрыева з Магілёва.
Трымалі планку і паэты, якія жывуць у Мінску і часта выступаюць перад публікай: Уладзімір Арлоў, Віталь Рыжкоў, Дзмітры Строцаў, Вольга Залеская, Андрэй Хадановіч, прэзентацыяй кнігі
«Несіметрычныя сны» якога скончыўся вечар. Што да расійскіх гасцей фестывалю, то іх амаль не было (пятніца ў Маскве — дзень працоўны). Так што адкрыццё выдалася хутчэй
беларускім, чым расійскім ці ўкраінскім — замежныя госці падцягнуліся адно ў суботу.
У наступныя дні мне давялося пабачыць не ўсе акцыі, і не ўсе акцыі атрымалася паглядзець цалкам, таму коратка апішу тыя, якія запомніліся найяскравей.
Чытанні перакладной паэзіі далі наведнікам магчымасць пачуць вершы польскіх паэтаў Збігнева Герберта і Віславы Шымборскай, грузінскага паэта Гагі Нахуцрышвілі і амерыканскага Тэйлара Мэлі
па-беларуску. Вера Бурлак прадстаўляла свой пераклад «Скрозь люстэрка…» Льюіса Кэрала, а Павел Анціпаў чытаў пераклады вершаў Віктара Жыбуля на рускую мову.
На імпрэзе «Паэзія не для ўсіх» з заяўленых у анонсе аўтараў выступалі толькі Андрэй Адамовіч і вядучы імпрэзы Ігар Бабкоў. Вершы Алега Мінкіна, Алеся Разанава і некаторых іншых
паэтаў, ідэйна блізкіх да серыі кніг «Галерэя Б», можна было паслухаць у выкананні ўдзельнікаў фестывалю, якія былі ў залі. Гледачы шапталіся, што нехта бачыў у натоўпе цень Міхася
Баярына, але легенда герметычнай паэзіі канца 1990-х для чытанняў так і не матэрыялізавалася. «Паэзія не для ўсіх — гэта такая незразумелая нам, недалёкім, штука, што аўтар нават не
бачыць сэнсу ў там, каб прыходзіць на чытанні», — зрабілі выснову прысутныя. Аматараў «паэзіі не для ўсіх» у «Кнігарню Ў галерэі», трэба сказаць,
набілася пад завязку.
Цэнтральнай падзеяй фестывалю стала вечарына ў кавярні «Валерыя», падчас якой адбываліся выбары «Караля паэтаў». Турнір паэтаў ладзіўся па правілах срэбнага
стагоддзя: удзельнікі дэкламавалі вершы на абвешчаныя перад пачаткам тэмы, адзнакі ў бюлетэні выстаўляла прафесійнае і глядацкае журы. Што праўда, нягледзячы на дэклараваную повязь часоў, журы
— а менавіта яны судзілі першы тур — найбольш цанілі ў аўтарах актуальнасць, сучаснасць і навізну. Можа, менавіта таму са свістам праляцелі міма фіналу беларускія паэты, адзін з
якіх прысвяціў верш Ігару Севяраніну, а другі — Уладзіміру Маякоўскаму, зацятым супернікам на турнірах паэтаў у Пецярбургу пачатку ХХ стагоддзя. Трэцяе месца ў спаборніцтве заняла Марыя
Мартысевіч, другое — Віталь Рыжкоў. Каралём жа паэтаў, па прызнанні мінчукоў, стаў кіянін Дмытро Лазуткін. Украінская мова яго праніклівых вершаў пра каханне не толькі не зашкодзіла, але
мо’ і дапамагла яму перамагчы.
Імпрэза «8 жанчынаў» прадставіла творчасць расійскай арт-групы «Баб/Ищи», у якую, па словах ідэйнай лідэркі Дар’і Сухавей, уваходзяць «жанчыны з
актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія пішуць вершы». Выступалі маскоўскія паэткі Марына Хаген, Юлія Скарадумава, Ганна Галубкова. Беларусі бок прадстаўлялі «вядомыя невядомыя»
паэткі: гісторык Вольга Бабкова, празаік Югася Каляда, крытык Маргарыта Аляшкевіч, якая кідалася ў залю ірыскамі і калаціла гліняную талерку, спісаную вершамі, на аскепкі (аскепкамі, на шчасце,
кідацца не стала). Завяршылі чытанні маладыя паэткі-пераможцы літаратурнага конкурсу ПЭН-цэнтра Кацярына Зыкава і Алеся Башарымава.
Асобна спынюся на ўзроўні арганізацыі руска-беларускага фестывалю. Гладка, без затрымак і збояў прайшоў толькі гала-канцэрт фестывалю 9 красавіка. Гледачы, якія збіраліся паслухаць вершы ў апошнія
два дні «Парадку словаў», сутыкаліся з арганізацыйнай расхлябанасцю, якая многіх з іх абражала і прымушала «галасаваць нагамі». Каардынатары фестывалю не маглі
адшукаць адно аднаго нават па мабільных, чытанні пачыналіся са спазненнямі, калі пачыналіся ўвогуле. Не было ясна, да каго звяртацца па інфармацыю, хто, уласна, «виноват» і
«что делать». Усё гэта рабіла на старонняга назіральніка не найлепшае ўражанне.
Аўтар гэтых радкоў усведамляе: ён піша пра падзею, якая, хоць і мае статус міжнароднай, насамрэч з’яўляецца прыватнай ініцыятывай некалькіх энтузіястаў. Але відавочна:
«Парадку словаў» патрэбная сталая пляцоўка, фінансаванне, актыўная каманда арганізатараў як з беларускага, так і з расійскага боку (гэтым разам шчыраваў толькі наш бок: Беларускі
ПЭН-цэнтр на базе галерэі «Ў» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!»). Пакуль такіх умоваў няма, выдатная ідэя чым далей, тым болей дыскрэдытуецца да болю
непрафесійным выкананнем. Чатыры гады фестывалю паказваюць: у другі раз расійскія паэты ў Мінск не вяртаюцца. «Парадак словаў», вядома ж, цудоўная нагода пазнаёміць расійскіх сяброў
па пяры з чыстым Мінскам і яго гасціннымі жыхарамі... Але, ведаеце, часам хочацца пачуць і паэзію.