Нельга забіць. Смяротнае пакаранне і беларуская літаратура

Тэма смерці ў літаратуры — прыкладна такая ж вечная, яе і тэма кахання. Беларуская літаратура — не выключэнне. Таму ў памяшканні беларускага ПЭН-цэнтру ўвечары 9 кастрычніка прайшла імпрэза «Нельга забіць» у межах тыдня супраць смяротнага пакарання.

img_20191009_185402_logo.jpg


Як адзначыў вядоўца мерапрыемства, паэт Андрэй Хадановіч, за часы існавання незалежнай Беларусі ў краіне было здзейснена каля 400 смяротных прысудаў. І, зразумела, на ўсё гэта глядзіць беларуская літаратура, гэта не можа не адбівацца на літаратарах, як на думаючых людзях. І што могуць зрабіць у гэтай сітуацыі літаратары і літаратура ў прынцыпе?

Але беларуская літаратура, аказваецца , ад пачатку была, так бы мовіць, «літаратурай смяротнай кары». Літаратарка Паліна Сцепаненка згадала пра гэта, як пра «рамантызацыю» гэтага віду пакарання. Сапраўды, ці не першыя творы беларускай літаратуры і публіцыстыкі (прынамсі, адныя з першых), якраз прысвечаныя гвалтоўнай смерці ад рук дзяржавы. Гэта «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага. З гэтага, зразумела, і пайшла «рамантызацыя» такой смерці — шматлікія творы прысвечаныя гераічнай «смерці за Радзіму» Каліноўскага і яго паўстанцаў на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Але ад гэтага смяротная кара не перастала быць смяротнай карай.

Найноўшы час у гэтым пытанні асвятляецца больш трагічна. Алесь Бяляцкі, напрыклад, згадаў дзённікі Максіма Танка за 1935 год, калі той сядзеў у польскай турме і чуў, як скалочваюцца шыбеніцы для яго сяброў, прыгавораных да смерці ў «панскай Польшчы». А потым Танк узгадвае, як ён ездзіў у Варшаву, дзе месцілася тагачасная праваабарончая арганізацыя — «Ліга правоў чалавека і грамадзяніна». Кажучы сучаснаю моваю, Танк адвозіў туды маніторынг парушэння правоў чалавека, уключаючы і выпадкі смяротнага пакарання.

img_20191009_194325_logo.jpg


Праўда, потым і сам паэт аказаўся пад пагрозай пазбаўлення жыцця — але ўжо не ў Польшчы, а ў 1939 годзе, калі Саветы прыйшлі ў Заходнюю Беларусь. Чальцы КПЗБ, да якіх належаў і Танк, былі абвешчаныя «ворагамі народа» і «заходнімі агентамі». Танка тая доля, дзякуй Богу, мінула.

А ўжо ў часы перабудовы краіна даведалася пра масавыя рэпрэсіі беларускай інтэлігенцыі ў 1932-1933 гадах, у межах барацьбы з «нацдэмаўшчынай», у 1937-м, 1939-м… У расстрэльныя спісы траплялі не толькі тыя, каго мы зараз узгадваем у «Ноч расстраляных паэтаў». Напрыклад, у 1939-м планавалася расстраляць 13 беларускіх літаратурных дзеячаў, сярод якіх былі не толькі зараз малавядомыя асобы, але і такія гранды як Якуб Колас, Янка Купала, Аркадзь Куляшоў, Міхась Лынокоў… Але нават тагачаснаму кіраўніку рэспублікі Панамарэнку, які прасіў аб падвышэнні для Беларусі квотаў на «рэпрэсіўныя спісы», падалося, што гэта зусім ужо «занадта», і ўдалося адстаяць іх перад Сталіным.

Затое пад рэпрэсіі патрапілі іншыя пісьменнікі і паэты.

Асобная постаць у «літаратуры смяротнага пакарання» — беларус, які пісаў па-польску, Сяргей Пясецкі. Пэўна, адзіны чалавек, па творах якога мы можам мець уяўленне пра Беларусь 1920-х гадоў. Змагар з бальшавізмам, бандыт, польскі шпіён, кантрабандыст, ізноў злачынца — яго жыццё, па словах Алеся Бяляцкага, можа быць, нават значна цікавейшае, чым яго кнігі. Аднак за рабаванні ён трапіў у польскую турму, быў прысуджаны да смяротнага пакарання, якое, улічваючы яго заслугі, было замененае доўгім турэмным тэрмінам. У час сваёй «адсідкі», якая перамяжалася штрафнымі ізалятарамі, пратэстамі і падрыхтоўкай турэмных бунтоў, ён напісаў тры раманы, два з якіх цэнзура не прапусціла. А мы з задавальненнем чытаем «споведзь кантрабандыста» — раман «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы». А зараз перавыдадзеныя і «Запіскі афіцэры Чырвонай арміі».

І сёння даволі шмат беларускіх пісьменнікаў прайшлі праз следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Мінску (прынамсі, некаторыя з гэтых людзей і пісьменнікамі сталі менавіта ў час зняволення). Гэты ізалятар адметны адным — менавіта там выконваюцца смяротныя прысуды ў сучаснай Беларусі. Дзьверы ў «калідор смерці» згадваюцца, напрыклад, ў творах Паўла Севярынца. Асобныя вершы Сяргея Сыса былі напісаныя пад уражаннем ад таго, як Вярхоўны суд адмаўляе у апеляцыйным скаргам «смяротнікам». І вельмі пранізліва пра гэтую з’яву піша Дзмітрый Строцаў.

img_20191009_194359_logo.jpg


Хуткі часам выйдзе яшчэ адна навукова-публіцыстычная кніга пра расстраляных паэтаў.

Так што тэма смяротнага пакарання ў беларускай літаратуры так ці інакш прасочваецца ва ўсе часы яе існавання. І будзе існаваць да — прынамсі да таго часу, пакуль смяротнае пакаранне захоўваецца ў айчынным заканадаўстве, а смяротныя прысуды — выконваюцца.

Як зазначылі ў час размовы праваабаронцы, з каля 400 «расстрэльных» прысудаў толькі адзін раз чалавек, прысуджаны да вышэйшай меры быў памілаваны кіраўніком дзяржавы, і яшчэ адзін раз — пад сумневам. Між тым, подпісам беларускага кіраўніка зацвярджаецца кожны смяротны прысуд, распавёў Сяргей Сыс. Прычым, за гэтыя гады яго подпісам былі расстраляныя ўжо сотні.

Што адчувае чалавек, які сваім подпісам выпраўляе людзей на смерць? Чым гэта не тэма для раману?