У Мінску прэзентавалі «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» па-беларуску (фота, відэа)
Прэзентацыя новага выдання кнігі на беларускай мове, ініцыяванага вядомай спявачкай Касяй Камоцкай, прайшла ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску. У імпрэзе ўзялі ўдзел музыкі, гісторыкі, акцёры.
«Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» — адзін з найбольш вядомых раманаў пісьменніка і авантурыста Сяргея Пясецкага, які нарадзіўся ў Ляхавічах. Гратэскны твор напісаны ў выглядзе дзённіка чырвонага афіцэра падчас акупацыі Саветамі Вільні ад 17 верасня 1939 года.
Грошы на новае выданне
збіралі на краўдфандынгавай платформе Ulej.by.
Перакладчык кнігі Алесь Астравец адмыслова прыехаў на прэзентацыю з Ліды. Ён сціпла сказаў:
«Якое дачыненне я маю да кніжкі? Гэта кніга Пясецкага, а я проста пераклаў. Я сын вайскоўца, нарадзіўся ў Лідзе, а ў Пясецкага амаль усё дзеянне адбываецца там, таму мне было цікава».
Рэжысёр Віталь Краўчанка і актрыса Маладзёжнага тэатра Лізавета Ільеўская зладзілі тэатралізаванае чытанне ўрыўкаў з кнігі.
«Хочацца спадзявацца, што прыйдуць часы, калі гэты твор можна будзе ўбачыць на тэатральнай сцэне. А яшчэ хочацца спадзявацца, што надыйдуць тыя часы, калі гэты твор перастане быць для нас актуальным, асабліва на фоне апошніх інтэграцыйных падзей, і ў ім застанецца толькі смешнае», — зазначыў Віталь Краўчанка.
Музыка Піт Паўлаў упершыню пачуў пра Пясецкага ад Міхала Анемпадыстава, а той — ад польскага журналіста, які падумаў, што знакаміты «Народны альбом» натхнёны творамі пісьменніка. Аднак гэта не так. Тым не менш, з гэтага пачалося адраджэнне імя Пясецкага, паляванне на яго кніжкі, якія ўсе былі выдадзеныя за мяжой.
Пад натхненнем твораў Пясецкага Піт Паўлаў пачаў пісаць песні.
«У нас шмат агульнага, хоць я, канешне, іншы чалавек. Але, калі б трапіў у тыя часы, магчыма, гэта быў бы і мой шлях», — зазначыў музыка.
Натхняльніца і куратарка выдання кнігі Кася Камоцкая падкрэсліла, што прэзентацыю адмыслова прызначылі на 17 верасня, у 80-ю гадавіну падзей «уз'яднання» Заходняй і Усходняй Беларусі.
Кася Камоцкая спявае песню «Паляўнічы»
«Гэта была сапраўдная вайна з першага дня, калі Чырвонай Арміі даводзілася з боем пераходзіць мяжу. Тое, што ў савецкія часы распавядалі пра яблыкі і кветкі (з якімі сустракалі чырвонаармейцаў па той бок мяжы. — НЧ.) — няпраўда, — распавёў гісторык Ігар Мельнікаў. — Для Чырвонай Арміі той паход не аказаўся спакойным. Войска польскае ўмудрылася аказаць ёй вельмі моцны супраціў, але было не ў тым стане, каб змагацца з такой армадай, і праз месяц Заходняя Беларусь стала часткай БССР».
Па словах гісторыка, да прыходу Саветаў жыхары Заходняй Беларусі не ведалі, што такое дэфіцыт, і Пясецкі ў сваім рамане вельмі добра паказвае матэрыяльнае і маральнае становішча людзей тых часоў і тое, што прынесла на захад Чырвоная Армія.
Свежае выданне «Запісак…» ужо можна набыць у «Акадэмкнізе», крамах Oz.by, Symbal.by, таксама плануецца, што днямі раман з’явіцца ў «Белкнізе».