Нямецкі рэжысёр беларускага паходжання экранізуе «Возера радасці» Віктара Марціновіча

Беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч анансаваў пачатак здымак кароткаметражнага мастацкага фільма паводле ягонага раману «Возера радасці» на наступным тыдні. Рэжысёр — беларус Аляксей Палуян, які стала жыве і працуе ў Нямеччыне.

50042f72_1349_44c2_9ef3_6477ac9d5104_w1023_r1_s.jpg

Кароткамэтражка раскажа толькі частку гісторыі з «Возера радасьці» — тую, што пра дзяцінства галоўнай гераіні Ясі. Дзеянне перанесенае ў «чароўную беларускую вёсачку». Сцэнар узгоднены з пісьменнікам і не даслоўна пераказвае раман.
«Я бачыў, што некалькі новых для раману эпізодаў у фільме ёсць, і гэта мяне ўсцешыла, — кажа Марціновіч. — Мне здаецца, што спецыфіка кіно і тэатра палягае ў тым, што стоадсоткавых супадзенняў [з першакрыніцай] не бывае ніколі. Таму я спакойна да гэтага стаўлюся.
Я праглядзеў Аляксеевы працы, што можна знайсці ў вольным доступе, і ён сам дасылаў мне свае фільмы. Мне вельмі спадабалася, падалося нечым дасканалым. Цяпер шмат кажуць пра «нямецкую школу», «новую нямецкую вобразнасць» — дык усе мае любімыя фільмы апошніх 10 гадоў знятыя ў Нямеччыне. Таму я спадзяюся, што Аляксееў талент у сукупнасці з нямецкай традыцыяй дасць плён».
Марціновіч спадзяецца, што стужка будзе не толькі фестывальнай, але і трапіць у беларускі кінапракат:
«У мяне ёсць мара, мы з Аляксеем гэтую мару папярэдне абмеркавалі. Я б хацеў дамовіцца аб пракаце гэтага фільму ў Беларусі пасля фэстывальнага пракату. І шанцы для гэтага ёсць. Я хацеў бы пабачыць яго ў мінскіх кінатэатрах, паназіраць, як рэагуе публіка на яго. Але, безумоўна, Аляксей галоўны ў стужцы і мой голас тут не вырашальны».
Адну з роляў у фільме выканае сам Віктар Марціновіч, але якую — пакуль сакрэт. На здымачную пляцоўку яго запрасілі на 16 кастрычніка.
Тым часам п’еса Марціновіча «Кар’ера доктара Раўса» пра Францішака Скарыну цяпер паспяхова ідзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, на спектакаль 13 кастрычніка квіткі ўжо не прадаюцца, на 19 кастрычніка ўжо раскуплена больш за палову месцаў.
Кнігі Марціновіча часта трапляюць у спісы самых прадаваных сярод беларускай літаратуры, перакладаюцца на замежныя мовы, але пісьменніку, як ён кажа, «няма чым ганарыцца» ў беларускіх літаратурных узнагародах.
«Возера радасьці» было ў лонг-лісце беларускай «Кніга году», двойчы трапляла ў лонг-лісты расійкіх прэміяў. Марціновіч звязваў тое, што яго кнігі рэдка заўважаюць на радзіме, бо ён «па-за тусоўкай». Апошняя беларуская прэмія Марціновіча — «Дэбют» 2012 году за раман «Сцюдзёны вырай». Таксама ў траўні Віктар Марціновіч атрымаў 1 месца ў катэгорыі «Аналітычныя жанры» прэміі «Вольнае слова» за публікацыю «Кароткі курс таталітарнай лінгвістыкі» ў нямецкай газэце Die Zeit.
Паводле svaboda.org