Па музеях і выставачных залах

Да 200-годдзя з дня нараджэння выдатнага класіка рускай літаратуры Мікалая Гогаля ў Нацыянальным мастацкім музеі адчынілася выстава «Мікалай Гогаль і яго героі ў творчасці мастакоў ХХ стагоддзя», якая працуе па 4 мая.



55a7cf9c71f1c9c495413f934dd1a158.JPG

Да 200-годдзя з дня нараджэння выдатнага класіка рускай літаратуры Мікалая Гогаля ў Нацыянальным мастацкім музеі адчынілася выстава «Мікалай Гогаль і яго героі ў творчасці мастакоў ХХ стагоддзя», якая працуе па 4 мая.
Гогаль у Беларусі быў «прачытаны» сродкамі розных відаў мастацтва яшчэ пры жыцці: трупа В. Драздоўскага ў Мінску ажыццявіла пастаноўкі «Рэвізора» (27 лістапада 1948 года) і «Жаніцьбы» (25 студзеня 1850 года). Год пасля смерці Мікалая Васілевіча «Цяжбу» на віцебскай сцэне ставіла трупа І. Гатавіцкага (1853). Літаратурныя пераклады паўсталі ўжо ў ХХ стагоддзі — «Выбраныя творы» выйшлі ў пераўвасабленні М. Лужаніна, «Жаніцьба» — К. Крапівы, «Мёртвыя душы» — М. Машары. А дарэвалюцыйная «Наша ніва» змясціла артыкул да 100-годдзя нараджэння Гогаля. Гэтыя публікацыі, разам з расійскімі прыжыццёвымі выданнямі, між іншым, можна ўбачыць зараз на адмысловай экспазіцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску.

Што датычыць Мастацкага музея, то ў паказаных там творах наведвальніку прапануецца прачытанне літаратурных тэкстаў і рэфлексія з нагоды літаратурных вобразаў у суаўтарстве са стваральнікамі вобразаў у выяўленчым мастацтве. Традыцыя іх увасаблення вельмі багатая. Яна пачалася ў ілюстрацыях мастакоў, сучаснікаў пісьменніка, А. Агіна, П. Баклеўскага, П. Сакалова. У Беларусі да тэмы «Тараса Бульбы» ў 1929 годзе звярнуўся адзін з найлепшых жывапісцаў таго часу Міхась Філіповіч, а наш сусветна вядомы зямляк Марк Шагал праілюстраваў «Мёртвыя душы» ў 1923–1925, скарыстаўшы працу для пазнейшага рарытэтнага парыжскага выдання 1948 года.
«Пераклады» Гогаля на мову пластычнага мастацтва ў музеі прадстаўлены 34 работамі беларускіх, рускіх і ўкраінскіх творцаў. І гэта не толькі ілюстрацыі кніжнай графікі — так, Барыс Вараб’ёў, які працаваў на Ленінградскім фарфоравым заводзе, увасобіў герояў камедыі «Рэвізор» і паэмы «Мёртвыя душы» ў пластыцы. Да найбольш вядомых прац-ілюстрацый «Мёртвых душ» савецкай эпохі належаць прадстаўленыя гледачу малюнкі пяром Анатоля Лапцева, якія адзначаюцца выразна адчутай вобразнасць персанажаў і тонка адлюстраваным духам эпохі. Апрача прац, уключаных у юбілейнае выданне паэмы 1957 года, музей прадстаўляе і адзін нявыкарыстаны твор гэтай серыі — «Капітан Капейкін». Да найбольш каштоўных экспанатаў адносіцца партрэт самога Гогаля савецкага графіка Юрыя Магілеўскага з аўтографам апошняга, твор патрапіў у музей праз атрымальніка падарунка, беларускага мастака Уладзіміра Правідохіна. Яшчэ адна цікавостка — аўталітаграфія Эмануіла Бернштэйна з выяваю дома на Вялікай Мяшчанскай у Пецярбургу, дзе ў 1829 годзе Гогаль суседнічаў з Адамам Міцкевічам, — праўда, пазнаёміўся з ім толькі праз шэсць год ужо ў Парыжы.
Яшчэ адна мастацка-літаратурная падзея — першая персанальная выстава жывапісу сучаснага беларускага літаратара і выдаўца Адама Глобуса «Магма», разгорнутая па 20 красавіка ў галерэі «Падземка» (пр. Незалежнасці, 43) і прысвечаная прэзентацыі яго чарговага зборніка Play.by. 7 красавіка заўсёдна іранічны аўтар літаратурных партрэтаў, гісторый і назіранняў з беларускага жыцця «Сучаснікі» прадставіў у «Падземцы» зборнік сваіх публікацый у перыёдыцы, эсэ для сайту «Навіны» і назіранняў за светам расійскай культуры «Расейская кунсткамера», пачынаючы ад таго ж Гогаля да сучаснага паэта Аляксея Паршчыкава. Дэклараваўшы сваё крэда як «сапраўднага анархіста-індывідуаліста», Глобус заклікаў беларусаў «больш не ўспрымаць расійскую культуру як эталон», і заявіў, што выклаў у кнізе сутнасць сваіх стасункаў з ёй. Другое «я» Глобуса-Адамчыка, выказанае ў яркіх лапідарных нацюрмортах і кампазіцыях, з водгукамі кубістычных традыцый Лежэ і Пікаса, выглядае больш традыцыйным. Праўда, з’яўленне на парозе галерэі падчас адкрыцця міліцэйскай групы, якая шукала невядомага маньяка, справакавала ўспамін пра нядаўна знятыя з экспазіцыі ў Купалаўскім музеі творы Цэслера і Вашкевіча, а таксама канстатацыю таго, што ў Беларусі кожная імпрэза сёння можа зрабіцца аб’ектам неадэкватнай увагі толькі таму, што ў ёй бярэ ўдзел неардынарная творчая асоба.
Што тычыцца адчыненай 14 красавіка ў Музеі сучаснага мастацтва (Незалежнасці, 47) выставы Кацярыны Сумаравай «Суб’ектыўны краявід», то яна — найперш свята каларыстычнага жывапісу. Краявід не столькі рэалістычны, колькі напоўнены адчуваннем стану прасторы, эмоцыі мастака, выказаных праз эксперыментальнае пераўтварэнне ўражанняў ад натуры. Адштурхнуўшыся ад убачанага, маладая мастачка стварае свет уласных перажыванняў, што дае падставу крытыкам казаць пра «тэатральнасць», увасобленую ў яе падыходзе да жывапісу…


Яшчэ дзве невялікія выставы выглядаюць своеасаблівым працягам ранейшых праектаў. Следам за Музеем сучаснага мастацтва Дом-музей І з’езду РСДРП звяртаецца да лялечнай тэматыкі. Але прадстаўляе тэматычна і канцэптуальна акрэсленую калекцыю «Чароўныя лялькі» славянскіх абрадавых прадметаў, пераважна тэкстыльных лялек, звязаных як з язычніцкім, так і хрысціянскім светаўяўленнямі (працуе па 4 мая). А ў Музеі гісторыі беларускага кіно (Свярдлова, 9) па 23 красавіка — жывапіс Віктара Ціханава і інсталяцыі Сяргея Шылы «Круговорот продовольствия», задуманыя як наследаванне іранічна-постмадэрнісцкага фэсту АРТ-БУЛЬБА ў Галерэі універсітэта культуры, у якім аўтары бралі ўдзел у 2008 годзе.