Пабачыў свет зборнік гістарычных артыкулаў “Бітва пад Оршай”

Грамадскае аб’яднанне “Інстытут беларускай гісторыі і культуры” (Рыга, Латвія) выдала чацвёрты выпуск “Запісаў Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага”.



bitva_pad_orshaj_1_logo.jpg

Вокладка зборніка з рэпрадукцыяй карціны ўкраінскага мастака Андрэя Халаменюка “Аршанская бітва 1514 г.”

У 224-старонкавае ілюстраванае выданне, прысвечанае 500-годдзю бітвы пад Оршай, уключаны матэрыялы адпаведнай навуковай канферэнцыі, што адбылася ў Мінску 6 верасня 2014 года, — 12 рэфератаў і 11 перадрукаў. У сукупнасці гэтыя матэрыялы даюць адказы на большасць пытанняў, звязаных з Аршанскай перамогай 8 верасня 1514 года і падзеямі вайны 1512–1522 гадоў.

Паколькі ў свой час НЧ паведамляў пра вынікі гэтай канферэнцыі, прапануем чытачам пазнаёміцца з паведамленнямі тых аўтараў, якія раней не згадваліся.

Так, доктар гістарычных навук Віктар Цітоў у сваім рэфераце апаніруе расійскаму даследчыку Аляксею Лобіну, які сцвярджае, што армія Маскоўскай дзяржавы пад Оршай налічвала не 80, а ўсяго толькі каля 12 тысяч ваяроў. У дадзеным канкрэтным выпадку беларускаму навукоўцу падаюцца ненадзейнымі вынікі падліку колькасці арміі маскавітаў пад Оршай на выснове толькі мабілізацыйных мажлівасцяў 14 гарадоў. "А дзе фармаванні ўдзельных князёў? Дзе наёмнікі, якія былі ў войску Масквы? Дзе атрады, выстаўленыя феадаламі тых паветаў, што паспела захапіць Масква?" — пытаецца Віктар Цітоў.

Ён таксама не пагаджаецца з пераносам Лобіным на рэаліі вайны 1512–1522 гадоў рэалій Лівонскай вайны, што адбылася праз 50 гадоў. “Такія пераносы і параўнанні не даюць у рукі навукоўцы надзейнага фактычнага матэрыялу, тым больш, калі гаворка ідзе пра методыку дакладнага падліку войскаў у розных эпохі і ў розных умовах”, — падкрэслівае Віктар Цітоў.

На яго меркаванне, перамога ў Аршанскай бітве ліквідавала першы ваенна-стратэгічны саюз Маскоўскай дзяржавы, Аўстра-Венгрыі і Прусіі супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. “У далейшым менавіта гэты альянс “трох чорных арлоў” адыграў ракавую ролю ў лёсе Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага”, — нагадвае навукоўца.    

На думку пісьменніка Міхася Галдзянкова, Масква згубіла пад Оршай траціну свайго дваранства. “І вельмі падобна на тое, што аршанская катастрофа прывяла ў заняпад старамаскоўскую знаць ардынскага паходжання, карані якой пачынаюцца з асяродку полаўцаў і татараў-булгараў. Нельга сказаць, што старамаскоўская знаць знікла — не, але яна моцна парадзела, і гэтыя дзіркі нехта павінен быў запоўніць. Вось такім чынам на змену выбыўшым з строю прайшло дваранства суздальскае, варажска-славянска-фінскага паходжання, якое раней трымалася ў ценю з-за меншай знатнасці ў параўнанні з татарска-ардынскай элітай. Калі казаць мовай таго часу, учорашнія халопы сталі спадарамі — вось гэта і ўтойваюць  гісторыкі”, — зазначае Міхась Галдзянкоў.

b_tva_pad_orshaj_2_logo.jpg

Малюнкі-рэканструкцыі Віктара Ляхора — рыцар са сцягам войска ВКЛ XVI стагоддзя (11 і 12), гусар са сцягам войска ВКЛ XVI стагоддзя (13), стралец са сцягам Віцебскага ваяводства, 1597 год (14), стралец са сцягам Берасцейскага ваяводства, 1566 год (15)

Кандыдат гістарычных навук Віктар Ляхор, які даследаваў даспехі і ўзбраенне, касцюмы і сцягі войска ВКЛ у бітве пад Оршай, прадстаўляе збіральны вобраз герояў-пераможцаў: “Калону трыўмфатараў узначальваў бы гетман Астрожскі ў касцюме традыцыйнага для арыстакратаў і шляхты ВКЛ тыпу, каля яго харунжыя ў традыцыйных шляцецкіх ці венгерскіх касцюмах, са сцягам Вялікага Княства Літоўскага з “Пагоняй” і абразом Маці Божай, са сцягам найвышэйшага гетмана Літоўскага (блакітнае палотнішча з “Пагоняй” і Святым Станіславам), з асабістым штандартам гетмана Астрожскага. Услед за імі конныя рыцары ў максімільянаўскіх даспехах са сцягам войска ВКЛ (чырвонае палотнішча з “Пагоняй” альбо з белым шасціканцовым крыжам) і асабістым штандарам ваяводы Юрыя Радзівіла. На дзідах — белыя флюгеры з чырвоным крыжам. Далей — вершнікі лёгкай кавалерыі гусарскага і татарскага ці казацкага тыпу, з чырвонымі і блакітнымі харугвамі з гербамі ВКЛ, Астрожскіх, Радзівілаў, на дзідах — таксама белыя флюгеры з чырвоным крыжам. Замыкае шэсце пяхота з павезамі, што размаляваныя выявай свяціла”.