З помніка Касцюшку ў Швейцарыі выкраслілі ўсе згадкі пра Беларусь

Менш чым праз два тыдні, 21 кастрычніка, чакаецца адкрыццё ў Швейцарыі першага ў свеце помніка Тадэвушу Касцюшку, пастаўленага беларусамі.

У майстэрні ва Украіне.

У майстэрні ва Украіне.


Помніка не было б, калі б за справу не ўзяўся беларус Алесь Сапега, намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі, распавядае Наша Ніва. Менавіта ён праводзіў перамовы з уладамі, шукаў сродкі, скульптара, гатовага вырабіць помнік за мінімальныя ўкладанні. Па самых сціплых падліках, на ўсё спатрэбілася шэсць тысяч даляраў. Большая частка гэтай сумы — уласныя грошы сям’і Сапегаў. Астатняе — ахвяраванні і тое, што выдаткавала беларуская дыяспара ў Швейцарыі.
Планавалася, што на шыльдзе будзе напісана пра належнасць беларускага героя да Беларусі. Надпіс мусіў выглядаць так:

shylda_jtg5o.jpg


Аднак у апошні момант ён быў зменены.
«На жаль, намаганнямі польскага амбасадара ў Берне, спадаром Якубам Кумахам, з шыльды зніклі не толькі радкі «сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў», але не стала і версіі, напісанай па-беларуску, — распавёў Алесь Сапега.


— Тое адбылося праз ультыматум польскага амбасадара. Ён заявіў, што калі будзе зацверджаны першапачатковы надпіс, то афіцыйная дэлегацыя з Кракава і Варшавы, як і сам польскі амбасадар, не будуць удзельнічаць у швейцарска-польскім святкаванні 15 кастрычніка ў Залатурне. З гэтай прычыны мэр гораду Залатурн абраў польскі бок і змяніў шыльду на тую версію, якая задаволіла польскі бок».


На змененым надпісе засталося ўсяго некалькі радкоў:
«Tadeusz Kosciuszko 04.02.1746 — 15.10.1817 Gestiftet von der Weissrussischen Vereinigung in der Schweiz 2017»
Што ў перакладзе значыць «Пастаўлены Асацыяцыяй беларусаў Швейцарыі ў 2017 годзе».
«Гэта не першы раз, калі да беларускай дыяспары паставіліся непаважліва, — зазначае Алесь. — Раней, нягледзячы на тое, што за два гады да падзеі беларусы дамовіліся пра святкаванне і адкрыццё помніка Касцюшку на 15 кастрычніка, пад прымусам польскага амбасадара гарадскія ўлады Залатурна пасунулі нас у датах на 21 кастрычніка».
Алесь распавядае, што спачатку беларуская дыяспара ў Швейцарыі спрабавала дамовіцца з польскім амбасадарам ладзіць адкрыццё помніка і святкаванне разам 15 кастрычніка. Аднак польскі бок адмовіўся, заявіўшы, што сваё мерапрыемства будзе праводзіць самастойна. Тады беларусы прапанавалі адкрыць помнік разам 21 кастрычніка, але зноў дамовіцца не ўдалося.
«Польскі амбасадар мне сказаў, што яны згодныя, калі іх будзе задавальняць шыльда. Што на ёй мусіць быць усё проста і нейтральна: імя, прозвішча і даты жыцця — усё па-нямецку. Маўляў, «навошта яшчэ нешта пісаць, калі ўсе і так ведаюць, хто такі Касцюшка, — кажа Алесь. — З іншых патрабаванняў польскага боку было тое, што яны будуць вырашаць, каго запрашаць, і вызначаць план ўрачыстай праграмы.На праўленні дыяспары мы вырашылі, што на такія ўльтыматумы не згодныя. Афіцыйны польскі бок хацеў працаваць «на роўных», але відавочна, што ні пра якую роўнасць гаворка не ідзе. Мы запрасілі іх у якасці ганаровых гасцей, аднак сувязь перапынілася і на наша запрашэнне нам нічога не адказалі».

Падчас транспарціроўкі помніка з Украіны ў Швейцарыю. Фота Алеся Сапегі.

Падчас транспарціроўкі помніка з Украіны ў Швейцарыю. Фота Алеся Сапегі.

 Некалькі дзён таму Алесь перавёз помнік Касцюшку ў Швейцарыю з Украіны, дзе яго вырабіў майстар. Калі намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі перадаваў помнік гарадскім уладам Залатурна, высветлілася, што паміж імі і прадстаўніцтвам Польшчы ёсць дамоўленасць пра змены ў надпісе.
«Я напісаў скаргу і ўжо атрымаў адказ ад мэра, — гаворыць Алесь. — Ён тлумачыць, што разумее, у якой сітуацыі мы апынуліся, але не ў стане вызначаць гістарычную справядлівасць і вымушаны заняць польскі бок».
Цяпер Алесь рыхтуе скаргу ў Міністэрства замежных спраў Польшчы з дапамогай Фундацыі Касцюшкі ў Кракаве. Фундацыя заняла пазіцыю Сапегі, паколькі не лічыць правільным дзяліць Касцюшку паміж беларусамі і палякамі. На іх думку, Касцюшку трэба ўспрымаць як сусветнага героя. Дарэчы, менавіта Фундацыя дапамагла ў транспарціроўцы помніка з Украіны ў Беларусь, падрыхтаваўшы афіцыйны зварот да польскай мытні. Паколькі афіцыйны польскі бок пагадзіўся выдаткаваць на гэта грошы і паспрыяць толькі пры ўмове змены шыльды.
nn.by