Падарунак рэжымніку: «Gloria Victis» Элізы Ажэшка

У сімвалічна важным 2020 годзе ў Мінску з'явіўся дыхтоўны і цяжкаваты, калі ўзяць у руку, том твораў польска-беларускай пісьменніцы Элізы Ажэшка.

gloria_victis.jpg


Апрача раману «Над Нёманам», які раней ужо выходзіў асобнай кнігай, у том былі ўключаныя дасюль жывыя і актуальныя навелы «Gloria victis» — даніна памяці пісьменніцы падзеям 1863 года. Як вядома, апублікаваныя пасля смерці пісьменніцы навелы выклікалі буру заюшлівасці і абурэння царскай цэнзуры. Аднак творы ўжо былі раскупленыя, а сама пісьменніца спакойна адпачывала на могілках — яе не палохалі суды і астрогі.
«Слава пераможаным» — гучыць сумна, меланхалічна на першы погляд, аднак чытаючы навелы, ведаючы, што выклікалі самі тэксты пасля і бачачы, як у Польшчы і Літве калісьці пераможаныя сталіся пераможцамі (дзеля чаго і пісала Ажэшка), становіцца і нам, беларусам, упэўненей з кожнай навелай, якія, зрэшты, з'явіліся па-беларуску дзякуючы перакладу Анатоля Бутэвіча.
Вечна жывая класіка з-пад пяра гарадзенскай самотніцы да ўсяго дасюль кпіць з сучасных аўтарытараў і сведчыць у падтрымку беларусаў, пакуль, праўда, пераможаных. Няма сумневу, 1863 і 2020 — даты аднаго парадку для чытацтва, якое разумее пасланне Элізы Ажэшка, скіраванае не толькі ў XIX ст., але і ў будучыню.

azeszka.jpg


Цікава, чытаючы навелы ў маладосці па-польску, калі не было яшчэ беларускага перакладу і не надарыўся 2020 год, яны ўспрымаліся як выключна гістарычныя тэксты, чытаючы ж іх па-беларуску, я адкрываю нібыта новыя, увесь час канстатуючы не толькі déjà vu, але і напятую актуальнасць. Так, у навеле «Гекуба» я ўсюль бачыў сучасны след: не толькі гвалтоўнае тло, дух ваеншчыны, заўсёды скандальныя маладыя смерці, цяжкая і спачатку зразумелая большасцю ўзнялых на рокаш параза перад гвалтоўнай машынай імперыі, смелае адпрэчванне выбару і нават думкі аб здрадзе, але перадусім хваляванні і стан маці, дзеці якой ахвяравалі сабой хто целам, а хто душой, дзеля памяці і свабоды ў будучыні. Псіхалагічныя партрэты герояў навелы, асабліва пратаганісткі маці-шляхцянкі Тэрэзы ўражваюць сучаснасцю і маюць падабенства не толькі з Гекубай з грэцкай Троі, але і з мацеркамі сучаснай Беларусі. Бо лютасць, роспач і бездапаможнасць маці, дзяцей якой забілі, скралі, зняволілі — аднолькавая ўва ўсе часы: і ў часы Троі, і ў 1863 годзе перад царскай машынай гвалту, і ў 2020-2021 гадах перад абліччам сілавікоў-рэйтараў у падшаломніках. Аўтарка так зразумела для нас, сучасных, апісвае ў навеле рэакцыю чыноўнікаў, паліцыянтаў і падхалімаў на чорную вопратку жанчынаў, якія насілі жалобу не толькі па забітых родных у 1863, але па згвалчанай радзіме наогул. Сёння падобнае мы назіраем у Беларусі — панічную рэакцыю рэжымнікаў на бел-чырвона-белы колер жанчынаў.
У іншай і не менш актуальнай навеле — «Афіцэр» — паўстае цікавы, такі вядомы і распазнавальны скрозь стагоддзі вобраз рэжымніка-афіцэра расійскага войска. Цікава, што гэты рэжымнік мае польскае паходжанне, але лёс закінуў яго з бацькамі ў Расію, дзе ён і зрабіў кар'еру, як расеец. У выніку падзеяў 1863 афіцэр апынуўся на гістарычнай радзіме, праўда, не ў якасці інсургента, а ў якасці падаўляльніка рокашу. Афіцэр аказваецца перад вялікім маральным выбарам — абавязкам прысягі і абавязкам паходжання, крыві.
Зразумелая нам сітуацыя. Бо вядома, што са жніўня 2020 года сотні, тысячы рэжымнікаў, вайскоўцаў, міліцыянтаў стаялі, хоць і ў іншым гістарычным кантэксце, перад такім самым выбарам. І большасць выбралі гвалт і аплату за чыненне гвалту. Вядома, адзінкі выбралі шлях афіцэра навелы — пакончылі жыццё самагубствам ці прынамсі пайшлі з сістэмы. Развагі афіцэра аб смеласці мяншыні перад зладжанай махінай імперыі таксама дасюль актуальныя — падкрадня смеласцю беларусаў і ў прыватнасці беларусак у белым захапляліся многія ў свеце, у тым ліку рэжымнікі і многія баязліўцы, якая хаваюцца ад народа за падшаломнікамі.

gloria_victis_skulptura_antanen_mersi.jpg


Астатнія тэксты зборніка таксама прасякнутыя ўніверсальным пасланнем-заклікам, закадаваным пісьменніцай, якое не старэе, пакуль жывая хаця б кніжная памяць пра слаўных, няхай і пераможаных герояў. Навелы «Gloria victis» — сапраўдны аптымістычны падарунак усім беларусам, схаваны ад нас у гісторыі спачатку цэнзурай, потым проста недаступны ў перакладзе на беларускую мову. Падарунак, які зрабіла Э. Ажэшка для ўсіх жыхароў былой агульнай дзяржавы — да ўсяго для беларусаў сёння гэта раптам падтрымка і напамін пра нашу забытую гісторыю і памяць, якія ажываюць, віруюць, калі чытаеш зборнік. Гэтаксама ажыла і завіравала забытая і схаваная ад нас гісторыя і памяць, калі беларусы выйшлі на вуліцу.
А таксама гэта своеасаблівы падарунак рэжымнікам — безупынны напамін пра славу пераможаных герояў і бясслаўе, ананімнасць нібыта пераможцаў, усіх тых, хто баіцца. Зрэшты, прыклады заходніх суседак прадэманстравалі, што слава пераможаных абавязкова становіцца нацыянальным гонарам — гэта пытанне часу. Gloria victis!