Паэтка Наста Кудасава: «Я больш не адчуваю сябе ў меншасці»

Ян Максімюк размаўляе для Радыё Свабода з паэткай Настай Кудасавай пра тое, як сёлетнія грамадзка-палітычныя падзеі ў Беларусі ўплываюць на яе творчасць і бачанне свету.

Наста Кудасава. Фота: Яўген Батура

Наста Кудасава. Фота: Яўген Батура

Нацыятворчыя працэсы

 — Калі мы размаўлялі з вамі для Свабоды ў пачатку лета 2019-га, вы сказалі, што ў Беларусі час спыніўся і нічога не адбываецца. І што асабліва на правінцыі, у малых гарадках, вы маеце адчуванне нейкай задухі, як быццам беларусы выпалі з агульнаэўрапейскага жыцця. Як яно, гэтае беларускае жыццё, бачыцца вам цяпер, пасля лета 2020?

— Да мяне, мабыць, яшчэ не прыйшло канчатковае асэнсаванне таго, што з намі адбылося. Але магу сказаць словамі Дзмітрыя Строцава — ён, па-мойму, першы напісаў у фэйсбуку тое, што на языку ўва ўсіх вярцелася. Там у фэйсбуку, калі заходзіш, штодня пытаюцца: што ў вас новага? Помніцца, што Строцаў першы напісаў: «Што ў вас новага? — Народ». І гэта сапраўды. Ад жніўня такое беспрэцэдэнтнае адчуванне, і яно ня толькі ў мяне, што ў нас новае ўсё: новы народ, новая краіна ў добрым сэнсе гэтага слова.

Я ніколі ня думала, што ў сваім жыцці я пабачу такія магутныя змены, нацыятворчыя. Я чамусці была скептычна настроеная, мне здавалася, што нас усё задавальняе больш-менш, што я заўсёды знаходжуся ў такой маргінальнай меншасці. Карацей, я нават уявіць сабе не магла, што ў нас будуць такія маштабныя нацыятворчыя працэсы, што ў нас такі цудоўны народ, які імкнецца да вельмі магутных светапоглядных рэчаў.

Я вельмі ўражаная, таму ў мяне цяпер зусім іншае адчуванне. Ужо больш не адчуваю, што я ў меншасці. І гэта такое прыемнае, нешта новае.

Агаломшаная Рагачовам

У нас у Рагачове, вядома, ня так моцна адчуліся змены, але ўсё адно, калі былі гэтыя першыя дні пасля… Ведаеце, мы пражылі некалькі дзён без інтэрнэту, у мяне не працавала нічога і я тры дні ня ведала нічога, што адбываецца са светам. Пасля таго як скончыўся гэты інфармацыйны вакуўм і я прачытала пра той жах, які адбываўся ў Менску, я выехала ў горад і абсалютна выпадкова раптам пабачыла, як на ганак станцыі пералівання крыві выйшаў увесь персанал у белых халатах, з белымі кветкамі… Гэта была нейкая акцыя, відаць.

Я была агаломшаная, у Рагачове я ня бачыла такога ніколі, каб нашы людзі праяўлялі нейкую грамадзкую пазіцыю, каб ладзілі нейкія акцыі. У правінцыі людзі звычайна стараюцца не вылучацца… Гэтая акцыя на ганку ламала ўсю маю сістэму, усю маю думку пра беларусаў. Я ў той момант зразумела, што вельмі мала ведаю свой народ…

Я ўжо цяпер разумею, што гэтая задуха была неарганічная для нас, што задуха муляла ўсім насамрэч, толькі беларусы гэтага не паказвалі. Беларусы вельмі цярплівыя, такія інтэлігентныя, маўклівыя, але яны, выяўляецца, усё разумеюць, і яны таксама маюць гонар, годнасць, голас…

Тое, што цяжка выношваецца

— Пішуцца вам вершы ў гэты час? Я, як і шмат іншых чытачоў, якія любяць беларускую паэзію, чытаў ваш верш пра лётчыка Акрэсціна, якім вы адгукнуліся на гвалт і катаванні ў менскай турме пры завулку імя гэтага лётчыка. Што-небудзь іншае, навеянае апошнімі пратэставымі падзеямі ў Беларусі, вам напісалася? Не прачыталі б?

— Яно, ведаеце, выношваецца вельмі цяжка. Але яно напішацца. Яно будзе, адчуваю, што мне будзе яшчэ шмат чаго сказаць. Нават той верш пра лётчыка Акрэсціна — ён невялікі, восем радкоў, але я яго вельмі доўга выношвала… Цяпер назапашваю нешта іншае. Ну вось сёння напісаўся новы верш, я яго выклала ў фэйсбук. Ён навеяны ня толькі беларускімі падзеямі. Тут жа, бачыце, увогуле са светам адбываецца нешта сумнае. Гэты гвалт бясконцы…

Здаецца, як можна, пражыўшы дваццатае стагодздзе такое страшнае, наступаць на тыя ж граблі, зноў трапляць у тыя ж нечалавечыя сітуацыі? Таму для мяне гэта самая балючая тэма… Мяне больш хвалюе тэма зла, нейкага непераможнага зла, якое заўсёды ў чалавеку ёсць. Здаецца, гісторыя нас навучыла чамусці, а потым праходзіць час і выяўляецца, што гісторыя нас нічому не навучыла…

Магу вам прачытаць гэты верш, які дапісала сёння:

Песні шчасця рыпяць курапацкім пяском на зубах,

ад разумнага добрага вечнага ўжо зводзіць сківіцы.

Што б ні сеяў, пажнеш тут адно —

Сандармох,

Карабах.

Бессэнсоўна высільвацца, лепей адразу засіліцца

і ня глухнуць ад болю,

ня слепнуць ад праўды прычын,

не жахацца ад ззяння таго, хто пайшоў самаспаленым.

Ты ня фэнікс.

Таму ўцісні сорам глыбей і сачы,

як разносіцца ноч нематой над астрогамі спальнымі…

…Ноч ідзе, закалыхвае тых, што жывуць на «ура!»

Як жа хораша спіцца ім, Госпадзе!

Чуеш, як лёгка ім…

Ну, а ты вымкні волю, сумленне завесь, паўтарай:

ле-пей лё-ка-ем,

лепей лёкаем…

Лепей

лёкаем?!

Каб вершы засталіся назаўжды

— Як вы ставіцеся наагул да паэзіі, якая, скажам так, аператыўна адгукаецца на палітычна-грамадзкую рэчаіснасць? Вы чытаеце такія вершы, ці ўсё ж вам больш да душы асабістая лірыка, заглыбленасць у індывідуальны свет чалавека? Маякоўскі і Цьвятаева, напрыклад. Хто бліжэйшы?

— Пачну з канца. Вы назвалі такіх цікавых паэтаў. Маякоўскі і Цьвятаева — абсалютна мае любімыя паэты. Я іх не падзяляю неяк, бо ўсё-ткі паэта любіш, мабыць, за мову, за слова. А тэмы абірае кожны сам… Я лічу, што паэзія мусіць быць рознай, любой…

Я ведаю, што часам ёсць творы, напісаныя на злобу дня, такога публіцыстычнага характару, калі ты чытаеш і разумееш, што гэта ўсё-ткі публіцыстыка, пададзеная ў вершаванай форме. Гэта нешта такое аднадзённае. Ёсць такія вершы, і яны маюць права быць, і яны дапамагаюць камусці пражыць рэчаіснасць. Але мне цікава, каб у гэтым можна было чуць паэзію… Я чалавек сацыяльны, як і кожны іншы, таму тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, гэта таксама маё асабістае. Але такой лозунгавай паэзіі мне не хацелася б… Хачу, каб гэта быў тэкст, актуальны ня толькі сёння, у 2020-м годзе, а які застанецца назаўжды, і гэта будзе сапраўдная паэзія…

Нявыдадзеная кніга

— У вас рыхтавалася да друку паэтычная кніжка, трэцяя, калі не памыляюся. Што з ёю?

— Гэта чацьвёртая кніжка. Так, яна рыхтавалася. І бачыце, што адбылося сёлета. Цяпер я гляджу на ўсё тое, што было падрыхтавана да друку, і разумею, што нават ня маю маральнага права выдаць тую кнігу ў такім выглядзе, у якім яна была да ўсяго, што цяпер адбылося. Таму я яе адклала і думаю, што трэба дапісаць тое, што просіцца, і далучыць туды творы, якія напісаліся цяпер. Яна мусіць быць іншай.

Проста ўжо нельга ў 2020-м годзе выдаць кнігу з творамі, якія былі напісаныя тады. Мы ўжо іншыя, і ў нас ужо столькі іншага болю назапашана, што гэта ўжо будзе неяк недарэчы і сорамна. Таму хачу дапісаць тое, што ўва мне там недзе сядзіць, дарабіць, і гэтую кніжку трошкі ўдасканаліць. А мо яна будзе нават зусім ужо іншай, не такой, як я планавала. Пагляджу.

Самота на правінцыі?

— Як вы трываеце гэты час, калі з увагі на каранавірусную заразу, ну і на пратэставую сітуацыю, літаратурнае жыццё ў краіне прыглухла. Кнігі неяк выходзяць, але малапрыкметна, няма літаратурных сустрэчаў, публічных прамоцыяў новых выданняў, сустрэчаў з чытачамі. Ня сумна вам?

— Я і так звычайна жыву даволі адасоблена ад літаратурнага жыцця, яно звычайна ў Менску адбываецца, а ня тут. Таму я не адчула асаблівых зменаў для сабе. Мае стасункі з людзьмі звычайна праз інтэрнэт, праз перапіску, таму мне нармальна. Адзінае — я апошнім часам не магла ўвогуле чытаць, было нейкае аняменне ад жаху, што проста кніжкі перасталі чытацца. Месяц я проста нічога не магла чытаць, і толькі нядаўна вярнулася да больш-менш нармальнага жыцця…

Ня ведаю, калі скончыцца гэтая сітуацыя дзікунства, якое цяпер адбываецца. Бо вельмі хацелася б зажыць такім цудоўным жыццём, ёсць пэўныя надзеі, што калі мы пераможам, колькі ўсяго можна будзе зрабіць, ёсць столькі планаў…

— Наколькі істотна для вас мець жывы кантакт са сваімі чытачамі ці слухачамі, выступаючы з чытаннем вершаў непасрэдна перад імі, перад жывой аўдыторыяй? Ці вы можаце бяз гэтага абысціся?

— Гэта істотна, вядома. Гэта вельмі натхняе, але мне ня трэба гэта часта. Мне дастаткова гэта мець, можа, раз на год — куды-небудзь выехаць на нейкі фэстываль і адчуць такі ўздым. Увесь астатні час я не адчуваю сябе забытай ці непачутай. Усё-ткі нейкія водгукі я атрымліваю, нейкія лісты, словы падзякі. Так што не адчуваю, што я адна. А такі непасрэдны кантакт… Часам непасрэдныя кантакты прыносяць толькі расчараванне і напружанне, па-рознаму бывае з жывымі людзьмі…

Значнасць у літаратуры

— І маё апошняе пытанне, агульнага характару. Чаго вам хочацца дасягнуць у літаратуры? Каб вашы зборнікі выходзілі шматтысячнымі тыражамі? Каб вашы вершы ўвайшлі ў школьныя хрэстаматыі? Ці, можа, нечага іншага?

— Я думала нядаўна над гэтым, чаго я хачу. Ведаю дакладна, што я б хацела, каб мяне чыталі. Мне вельмі важна быць значным паэтам і адчуваць сваю значнасць усё-ткі. Бо гэта адзінае, што я магу рабіць сапраўды добра. Я больш нічога ў жыцці рабіць сапраўды добра не магу. У мяне няма ніякай іншай прафэсіі. Мне важна тут максімальна сябе рэалізаваць і адчуваць, што вось я гэта недарэмна зрабіла. Няхай гэта будуць і тысячныя тыражы, хоць ня ведаю, чым вымяраецца гэтая значнасць.

Мне сапраўды гэта важна, я чамусці не магу быць з гэтым сам-насам больш. Бо занадта шмат праз сябе прапускаеш чужога болю. Як паэт, ты як актор у нейкім сэнсе. Ты пражываеш розныя ролі, розных людзей, якія вакол цябе… Усе гэтыя болькі чужыя праз сябе прапускаеш, робісся такім лірычным героем. Я не магу, каб гэта было дарэмна. Мне будзе невыносна, калі яно згіне, недзе праплыве. Мне вельмі хацелася б, каб людзі гэта пачулі і падзялілі са мной, тым больш што адчуваю вялікую салідарнасць з людзьмі, калі пішу вершы і калі іх друкую.

Я атрымліваю вельмі многа добрых водгукаў, у тым сэнсе, што яны кажуць: нам гэта вельмі трэба, дзякуй, вы сказалі тое, што я адчуваў, падабралі патрэбныя словы. Вось я — чалавек, які падбірае патрэбныя многім словы. І таму мне вельмі хацелася б застацца ў літаратуры, так сур’ёзна.