Палёт над гняздом зязюлі (One Flew Over the Cuckoo's Nest)

Калі яны так ненавідзяць, лепей не трапляць ім на вочы. Крадуся ў кедах уздоўж сцяны, ціхі, як пыл, але іх адмысловыя чуйныя прыборы ловяць мой страх...



one_flew_over_the_cuckoos_nest.jpg

Індзеец Бромдэн і Макмэрфі. Кадр з фільма Мілаша Формана

Прысвячаецца Віку Лавэлу,
які сказаў мне, што цмокаў не існуе,
а потым прывёў мяне ў іх логавішчы.

 

...гэты — ў поле, той — на гулі,
гэты— над гняздом зязюлі.

З дзіцячай лічылкі

 

 

Частка І

1.

Яны ўжо там.

Чорныя ў белай уніформе падняліся раней за мяне, каб заняцца сэксам у калідоры і прыбрацца, пакуль я іх не заспеў.

Мыюць падлогу, калі я выходжу з палаты, усе трое змрочныя і злыя на ўсё — на раніцу, на шпіталь, на людзей, побач з якімі даводзіцца працаваць. Калі яны так ненавідзяць, лепей не трапляць ім на вочы. Крадуся ў кедах уздоўж сцяны, ціхі, як пыл, але іх адмысловыя чуйныя прыборы ловяць мой страх. Яны падымаюць галовы, усе трое адначасна; вочы на чорных тварах блішчаць жорсткім святлом радыёлямпаў з-пад панэлі старога прымача.

— Зыр, братва, Мятла ўжо тут. Доўгая Мятла — Правадыр Вар’ятаў. Давай, Правадыр, варушыся.

Тыц мне ў рукі швабру, паказваюць, дзе сёння трэба мыць, і я іду. Адзін з іх вытнуў мяне швабрай ззаду па нагах, каб прыспешыць.

— Гы, зыр, як чэша. Дылда такі, мог бы яблык куснуць, мне на галаву паклаўшы, а слухаецца, як дзіцёнак.

Смяюцца, а потым чую за сабой шушуканне, яны стулілі галовы. Гудуць чорныя механізмы, гудуць нянавісць, смерць, ды іншыя таямніцы шпіталя. Яны не спрабуюць прыцішыць свае сакрэты, калі я побач, бо думаюць, што я глуханямы. Усе так думаюць. Мне хапае хітрасці, каб іх надурыць. Калі індзейская палова крыві мне чым і дапамагала ў маім клятым жыцці, дык толькі хітраваць, дапамагала ўсе гэтыя гады.

Мыю падлогу ля ўваходу ў аддзяленне, калі з другога боку ў дзверы ўторкваецца ключ. Ведаю, што гэта Вялікая Сястра, бо сарцавіна замка прылягае да ключа мякка, хутка і спрактыкавана — адчуваецца вялікі досвед. Сястра заходзіць разам з подыхам халоднага паветра, замыкае за сабой дзверы, і я бачу, як яе пальцы спаўзаюць па адпаліраванай сталі — пазногці таго ж колеру, што й вусны. Густа-аранжавыя. Нібы кончык паяльніка. Ці то пякучыя, ці то ледзяныя — нельга зразумець, якія, нават калі яна дакранецца да цябе.

Яна нясе лазовы кошык — племя ампкуа прадае такія ля шашы ў гарачыя жнівеньскія дні — кошык з канаплянай ручкай, падобны да скрынкі з інструментамі. Колькі яе памятаю, яна заўсёды з ім ходзіць. Ён сплецены няшчыльна, і можна пабачыць, што ўнутры. Там няма пудраніцы, памады ці іншых жаночых штучак. Гэты кошык месціць тысячу розных дэталяў, якія яна хоча сёння скарыстаць у працы — колцы і шасцерні, шрубы, адпаліраваныя да жорсткага бляску, маленькія пігулкі, якія зіхацяць, як фарфор, шпрыцы, шчыпцы, абцугі, скруткі меднага дроту...

Яна злёгку ківае мне, праходзячы міма. Уціскаюся ў сцяну, упёршыся ў швабру, пасміхаюся, спрабую як мага больш заблытаць яе прыборы, не даю ёй пабачыць маіх вачэй: калі заплюшчыць вочы, пра цябе менш даведаюцца.

У сваёй цемры чую, як яе гумавыя абцасы чвякаюць аб плітку ў калідоры, як брынкаюць рэчы ў кошыку ў такт яе крокам. У яе цяжкая хада. Расплюшчваю вочы, калі яна ўжо амаль адолела паўкалідора, вось-вось заверне ў Сястроўню, дзе цэлы дзень будзе сядзець за сталом, глядзець у акно і занатоўваць усё, што адбываецца за восем гадзін у пакоі за шклом. Ад такой думкі яе твар робіцца лагодным і задаволеным.

І тут... Яна заўважае чорных. Тыя ўсё яшчэ стаяць разам, шэпчуцца. Не пачулі, як яна ўвайшла ў аддзяленне. Цяпер адчуваюць яе позірк, але позна. Раней трэ было думаць, ці варта гуртавацца і шушукацца перад самым яе прыходам. Збянтэжаныя чорныя твары шугаюць уроссып. Яна прыгінаецца і рушыць на іх — тыя трапілі ў пастку ў канцы калідора. Сястра ведае, пра што была гутарка, бачу: яна гэтак раз’юшылася, што ажно не кантралюе сябе. Зараз парве чорных вырадкаў на шматкі, гэтак раз’юшылася. Яна пачынае раздзімацца і надзімаецца так, што спіна вылузваецца з белай уніформы, а рукі выцягваюцца, як тэлескапічныя вуды, і цяпер імі можна абхапіць усіх траіх разоў пяць-шэсць. Яна азіраецца, круціць агромністай галавой. Нікога не відаць, толькі стары Мятла Бромдэн, індзеец-мяшанец, хаваецца за швабру, ён не можа гаварыць і не пакліча на дапамогу. Таму Сястра ўжо не стрымліваецца, намаляваная ўсмешка перакручваецца, расцягваецца ў адкрыты выскал, а сама яна працягвае расці, яна ўжо памерам з трактар, такая вялікая, што я адчуваю пах механізмаў усярэдзіне, быццам пах рухавіка, які працуе з перагрузкай. Стойваю дух, думаю — божачкі, гэтым разам яны не спыняцца! Гэтым разам яны назапасілі зашмат нянавісці, цераз край, парвуць адно аднаго на шматкі, перш чым самі ўцямяць, што робяць.

Але як толькі яна хапае чорных сваімі тэлескапічнымі рукамі, а тыя пачынаюць пароць ёй чэрава дзержакамі ад швабраў, з палатаў высыпаюць пацыенты, каб зірнуць, што тут за валтузня, і Сястра вымушаная набыць ранейшы выгляд, каб яе не пабачылі ў жахлівай сапраўднай сутнасці. НЕ паспяваюць пацыенты працерці вочы, каб ацаніць гэты вэрхал, — перад імі зноў галоўная медсястра, якая роўна ўсміхаецца, як заўсёды спакойная, і кажа чорным, што нягожа вось так стаяць і тачыць лясы, бо сёння ж ранак панядзелка і сапраўды трэба шмат зрабіць у першую раніцу тыдня...

— ...Панядзелак — дзень цяжкі, вы ж ведаеце, хлопцы...

— Угу, міс Брыдэр...

— ...і ў нас сёння даволі шмат працэдураў, так што калі вашая сяброўская размова можа пачакаць...

— Угу, міс Брыдэр...

Яна спыняецца і ківае пацыентам, якія падышлі і пазіраюць на ўсё счырванелымі і апухлымі ад сну вачыма. Ківае кожнаму па разе. Дакладны, аўтаматычны жэст. Яе твар гладкі, пралічаны і дасканалы, як у дарагой лялькі-галяка, скура колеру свежай эмалі, сумесь белага і крэмавага, ярка-блакітныя вочы, маленькі нос, маленькія ружовыя ноздры — усё спалучаецца, акрамя колеру вуснаў і пазногцяў, а таксама памеру грудзей. На фабрыцы памыліліся, прыладзіўшы гэтыя вялікія, вельмі жаноцкія грудзі да вырабу, які інакш быў бы бездакорным прадуктам. Відаць, як гэта яе засмучае.

Народ усё яшчэ стаіць у спадзеве дазнацца, чаго яна ўз’елася на чорных, таму яна прыгадвае, што бачыла мяне, і кажа: “І паколькі сёння панядзелак, хлопцы, чаму б нам не пачаць тыдзень на высокай ноце, пагаліўшы беднага містэра Бромдэна першым, а то ў пакоі для галення пасля сняданку мітусня будзе. Пабачым, ці можна хоць часткова пазбегчы... э-э-э... беспарадку, які звычайна выклікае містэр Бромдэн, праўда?”

Пакуль яны паварочваюць галовы, каб паглядзець, дзе я, даю нырца ў каморку для швабраў, рэзка зачыняю за сабой дзверы, і стойваю дух у цемры. Галіцца да сняданку — найгоршы час. Пад’еўшы, ты робішся мацнейшым і больш пільным, і вырадкі, якія працуюць на Камбінат, ужо не могуць так лёгка падсунуць табе адну са сваіх машынак замест электрабрытвы. Але калі галіцца да сняданку, як яна часам мяне прымушае, — а палове сёмай раніцы ў пакоі з абсалютна белымі сценамі і белымі мыйніцамі, і доўгія лямпы на столі не пакідаюць спадзеву ценям, і твары вакол цябе, замкнёныя, крычаць у люстэрках — тады якія ты маеш шанцы супраць іх машынкі?

Стаю ў каморцы і прыслухоўваюся, сэрца б’ецца ў цемры, а я спрабую адагнаць страх, перанесціся думкамі ў іншае месца — спрабую думаць пра мінулае, згадаць нешта пра вёску і пра вялікую раку Калумбію, згадаць, як аднойчы мы з Татам палявалі на птушак у кедравым гаі пад Дэлзам... Але, як заўжды, калі я спрабую вярнуцца думкамі ў мінулае і схавацца там, блізкі страх прасочваецца праз успаміны. Адчуваю, што найменшы з чорных ідзе па калідоры, вынюхвае мой сполах. Раздзімае ноздры, як чорныя коміны, яго завялікая галава рэзка круціцца сюды-туды, ён уцягвае паветра, смокча страх з усяго аддзялення. Ён ужо зветрыў мой пах, чую, як чмыхае, не ведае, дзе я схаваўся, але прынюхваецца, палюе. Спрабую не варушыцца...

(Тата кажа мне сядзець ціха, бо сабака зветрыў птушку недзе зусім паблізу. Мы пазычылі пойнтэра ў аднаго знаёмага ў Дэлзе. Усе вясковыя сабакі — нікчэмныя дварнякі, кажа Тата, толькі й могуць, што трыбуху жэрці, гультаі, але гэны сабака тутака — ён мае інстык! Нічога не адказваю, але ўжо бачу на нізкарослым кедры птушку, што скукожылася ў шэры ком пер’я. Сабака бегае вакол камля, бо для яго зашмат паху, каб дакладна паказаць, дзе здабыча. Птушка ў бяспецы, пакуль не варушыцца. Яна даволі добра трымаецца, але сабака ўсё вынюхвае і кружляе, усё гучней і бліжэй. Тады птушка не вытрымлівае, пер’е ўздыбліваецца, і яна выпырхвае з кедра пад зарад Татавага драбавіка).

Перш чым я паспяваю зрабіць дзясятак крокаў ад каморкі, найменшы з чорных і адзін з большых хапаюць мяне і цягнуць у галільню. Я не адбіваюся і не раблю шуму. Калі крычыш, табе ж горш. Стрымліваю крык, трываю, пакуль яны не дабіраюцца да скроняў. Не ўпэўнены, што гэта адна з іх машынак, а не электрабрытва, але вось яна дабіраецца да скроняў, і я ўжо не магу стрымацца. Якая ўжо тут можа быць сіла волі. Гэта як... кнопка, яе націснулі, Паветраная Трывога, Паветраная Трывога, мяне ўключылі так гучна, што гэта ўжо не гук, усе крычаць на мяне, закрываюць рукамі вушы за шкляной сцяной, вакол кружляюць твары, іх вусны рухаюцца, але гуку няма. Мой гук паглынае ўсе астатнія. Зноў уключаюць туман-машыну, і на мяне пачынае падаць снег, халодны і белы, як вяршкі, такі густы, што я нават мог бы ў ім схавацца, калі б мяне не трымалі. Скрозь туман я не бачу і на дваццаць сантыметраў, і адзінае, што чую, акрамя ўласнага ляманту, —гэта воклічы Вялікай Сястры, якая нясецца па калідоры, змятаючы пацыентаў з дарогі плеценым кошыкам. Чую, што яна блізка, але ніяк не магу суняцца. Выю, пакуль яна не прыбягае. Мяне трымаюць, а яна закалочвае мне ў рот кошык з усім змесцівам і прапіхвае яго ўнутр дзержаком ад швабры.

(Ганчак з усяе моцы брэша ў тумане, бегае, спалоханы і разгублены, бо нічога не бачыць. На зямлі няма слядоў, акрамя яго уласных, і ён вынюхвае ва ўсе бакі халоднай чырвонай гумкай носа, але адзіны пах, які ён ветрыць, — пах уласнага страху. Страху, які прапякае яго, як пара).

Мне будзе пячы гэтаксама, калі я нарэшце апавяду пра ўсё гэта: пра шпіталь, пра яе, пра астатніх... і пра Макмэрфі. Я столькі маўчаў, што зараз гэта з ровам пальецца з мяне, як паводка, і вам падасца, што той, хто расказвае такое, трызніць і шалее. Божачкі, вам падасца, што гэта надта жахліва, каб адбыцца насамрэч, надта жудасна, каб быць праўдай! Але прашу вас... Мне дагэтуль цяжка захоўваць ясны розум, калі я думаю пра гэта. І ўсё ж гэта праўда, нават калі гэтага й не было.

2.

Калі туман рассейваецца, я бачу, што сяджу ў дзённым пакоі. Гэтым разам мяне не здалі ў Шок-Блок. Памятаю, што мяне выцягнулі з галільні і замкнулі ў ізалятары. Не памятаю, ці я снедаў. Відаць, не. Магу прыгадаць раніцы, калі мяне зачынялі ў ізалятары і чорныя прыносілі туды ежу — нібыта для мяне, але з’ядалі ўсё самі — так што ўсе трое наядаліся, а я ляжаў на засцаным матрацы і глядзеў, як яны падчышчаюць лустай смажанага хлеба рэшткі яечні. А часам яны прыносілі халодную кашу і прымушалі мяне есці, нават не пасаліўшы.

Гэтым ранкам я папросту не памятаю. У мяне напхалі дастаткова штучак, якія яны называюць пігулкамі, так што я нічога не цяміў, пакуль нарэшце не пачуў, як адчыніліся дзверы ў аддзяленне. Гэта значыць, што ўжо прынамсі восьмая гадзіна, то бок я, відаць, паўтары гадзіны быў у адключцы ў ізалятары; тэхнікі маглі прыйсці і ўсталяваць усё, што загадае Вялікая Сястра, а я нават здагадвацца не буду, што мне паставілі.

Чую шум ля дзвярэй у аддзяленне, недзе на калідоры, куды не магу зазірнуць. Гэтыя дзверы ўпершыню адчыняюць а восьмай, а потым яны адчыняюцца і зачыняюцца тысячу разоў за дзень, шых, шчоўк. Штораніцы мы сядзім шэрагамі з двух бакоў дзённага пакоя, перамешваем пасля сняданку кардонкі ў карцінках-складанках, прыслухоўваемся, як ключ уваходзіць у замок, і чакаем, што гэта нам прынясе. Больш асабліва няма чаго рабіць. Часам у дзвярах з самай раніцы з’яўляецца малады практыкант, каб паглядзець, як мы паводзімся да прыёму лекаў. Яны гэта называюць дэ-пэ-эл. Часам некага наведвае жонка на высокіх абцасах, прыціскаючы сумачку да жывата. Часам гэта вывадак школьных настаўніц, якіх вядзе на экскурсію ёлупень з аддзелу сувязяў з грамадскасцю. Ён заўсёды пляскае ў вільготныя далоні і кажа, як ён рады, што псіхіятрычныя шпіталі выкаранілі усе нялюдскія метады з мінулага: “Якая бадзё-ёрая атмасфера, праўда ж?” Ён мітусіцца вакол настаўніц, якія ад страху збіліся ў купку, і пляскае ў далоні: “О, калі я згадваю мінулыя дні, гэты бруд, кепскую ежу, нават жорсткае абыходжанне, так-так, о, я ўсведамляю, шаноўныя паненкі, які плён далі нашыя намаганні!” Хто б ні з’явіўся ў дзвярах, звычайна гэта расчараванне, але заўсёды ёсць шанец на нешта іншае, і калі ключ уваходзіць у замок, усе галовы падымаюцца, быццам іх разам пацягнулі за вяровачку.

Гэтым ранкам замкі бразгочуць дзіўна: ля дзвярэй не звычайны наведнік. Чуваць голас ахоўніка, нервовы і нецярплівы: “Хто на прыёме, распішыцеся за новенькага”. Чорныя ідуць туды.

Новенькі. Усе спыняюць гульню ў карты ды "манапольку" і паварочваюцца да дзвярэй. Звычайна ў гэты час я б якраз падмятаў у калідоры і пабачыў бы, каго прывезлі. Але сёння, як я вам ужо тлумачыў, Вялікая Сястра загнала ў мяне паўтоны, і я нават у крэсле варухнуцца не магу. Звычайна я першы бачу новенькага, як ён запаўзае ў дзверы, соўгаецца ўздоўж сцяны і стаіць, спалоханы, а чорныя распісваюцца за яго і вядуць у душ, дзе яго раздзяваюць і пакідаюць дрыжаць ля адчыненых дзвярэй, пакуль яны ўтрох бегаюць па калідоры, шукаюць вазелін. “Нам трэ вазелін, — кажуць яны Вялікай Сястры. — Для градусніка”. Яна акідвае іх позіркам. “Ну вядома ж ён вам патрэбны, — і дае ім трохлітровы слоік. — Але памятайце, хлопцы, не гуртуйцеся там”. Потым я бачу, як двое ці ўсе трое ў душавым пакоі з новенькім намазваюць градуснік вазелінам слоем з палец, мармычуць: “От так, пацан, от так”. А потым яны зачыняюць дзверы і ўключаюць напоўніцу ўсе душы, так што нічога не чуваць, акрамя шалёнага сычэння вады на зялёнай кафлі. Звычайна я ў калідоры і бачу ўсё акурат так.

Але гэтым ранкам мне даводзіцца сядзець у крэсле і адно чуць, як яго прымаюць. Нават не бачачы, я ведаю, што гэта не звычайны новенькі. Не чую, каб ён спалохана соўгаўся ўздоўж сцяны, а калі яму кажуць пра душ, ён не паддаецца слабым ціхім “так”; ён адразу ж адказвае гучным і рэзкім голасам, што і так ужо мыты-перамыты, чысты, як халера ясная, дзякуй.

— Мяне ранкам памылі ў душы ў судзе, а ўчора ўвечары — у каталажцы. Хрыстом Богам клянуся, яны б мне і па дарозе сюды ў таксоўцы вушы вымылі, калі б там лазня была. Гэх, хлопча, здаецца, кожны раз, як некуды вязуць, ім трэба мяне адшараваць напярэдадні, пасля і падчас пераезду. Для мяне ўжо гук вады як сігнал, што трэба пажыткі збіраць. Ды адксціся ты ад мяне з гэным градуснікам, Сэм, дай мне хвілінку агледзець сваё новае жытло; я ж ніколі раней не быў у інстытуце мазгазнаўства.

Пацыенты збянтэжана пераглядаюцца, потым ізноў глядзяць на дзверы, адкуль па-ранейшаму чуваць голас. Ён гаворыць гучней, чым трэба, калі чорныя недзе побач. Такое ўражанне, што ён наверсе, над імі, што ён плыве на вышыні метраў сорак і гукае тых, хто стаіць на зямлі. Гэта голас некага вялікага. Чую, як ён ідзе па калідоры, і яго хада таксама належыць камусьці вялікаму — ён дакладна не соўгаецца; на яго абцасах жалеза, і ён б’е імі аб падлогу, як падковамі. З’яўляецца ў дзвярах, спыняецца, засоўвае вялікія пальцы ў кішэні; ногі шырока расстаўленыя; ён стаіць там, а ўсе глядзяць на яго.

— Здароўкі, братва.

Над яго галавой на нітцы вісіць папяровы кажан — застаўся з Хэлаўіна — новенькі падымае руку і пстрычкай пасылае фігурку круціцца.

— Нішцяковы восеньскі дзянёчак.

Ён гаворыць крыху падобна да Таты, гучным і магутным голасам, але выглядае па-іншаму. Тата быў чыстакроўны індзеец — сапраўдны правадыр — цвёрды і бліскучы, як прыклад стрэльбы. Гэты хлопец руды, з доўгімі бакенбардамі і кудламі, якія вылазяць з-пад кепкі, так і просячыся пад нажніцы. Ён такі ж шырокі, як Тата быў высокі — шырокі ў падбароддзі, у плячах, у грудзях, з шырокай зубялявай гарэзлівай усмешкай. Ён таксама цвёрды, але не як Тата — хутчэй як бывае цвёрдым бейсбольны мяч пад абшарпанай скурай. Па яго носе і шчацэ бяжыць шнар, з якога яшчэ не знялі швоў — нехта добра яго апрацаваў у бойцы. Новенькі стаіць і чакае, а калі бачыць, што ніхто не спрабуе яму адказаць, пачынае смяяцца. Ніхто не можа дакладна сказаць, чаму, бо нічога смешнага не адбываецца. Але ён смяецца не так, як той па сувязях з грамадскасцю. Свабодны і гучны смех выплывае з шырокага выскаленага рота, разыходзіцца ўсё далей, плёхаючыся аб сцены палаты. Не так, як сыты смех таго ёлупня. Гэты гучыць па-сапраўднаму. Раптам да мяне даходзіць, што я чую смех упершыню за шмат гадоў.

Новенькі стаіць, пазірае на нас, гойдаецца ў цяжкіх чаравіках і ўсё смяецца ды смяецца. Ён пакінуў вялікія пальцы у кішэнях, а астатнія пераплёў на жываце. Бачу якія велічэзныя і спрацаваныя ў яго рукі. Усім у палаце — пацыентам, медпэрсаналу, усім — мову заняло ад яго і ад яго смеху. Ніхто не спрабуе яго спыніць, не спрабуе нічога сказаць. Ён смяецца, пакуль не вырашае, што гэтым разам досыць, і заходзіць у дзённы пакой. Нават калі ён не смяецца, вакол яго лунае водгулле смеху, як вакол вялікага звона, які толькі што суцішыўся — водгулле ў яго вачах, у тым, як ён усміхаецца і ўпэўнена крочыць, у тым, як ён размаўляе.

— Мяне завуць Макмэрфі, братва, Эр-Пэ Макмэрфі, і я заўсёды рады згуляць на інтэрас. — Ён падміргвае, напяваючы радок з песні — …і дзе б я ні ўбачыў картаў стос, я стаўлю… грошы … там, — і зноў смяецца.

Ён падыходзіць да століка, дзе гуляюць у карты, чапляе раздачу аднаго з пацыентаў сваім тоўстым загрубелым пальцам і касавурыцца на яе, ківаючы.

— Ага, я дзеля таго і прыехаў у ваш балаган, каб наладзіць вам, кураняткі, дзвіж і весялуху за гульнявым сталом. У Пэндэлтане, на "хіміі", ужо нікога не засталося, каб мне жыццё расквеціць, во я й перавёўся, цяміце? Свежая кроў спатрэбілася. Аёй, толькі паглядзіце, як гэнае птушанятка карты трымае, свеціць на ўвесь раён, анягож! Я вас, дзетачкі, як авечачак абстрыгу.

Чэзвік збірае свае карты. Руды падае яму руку для прывітання.

— Здароў, братка, у што гуляем? У тысячу? Дык не дзіва, што вы тут нават не спрабуеце картаў хаваць. У вас што, нармалёвай калоды няма? Ну ладна, не праблема, я тут на ўсялякі выпадак сваю прыхапіў, тутака не проста стандартная размалёўка — паглядзіце на карціначкі, га? Усе розныя. Пяцьдзясят дзве позы.

У Чэзвіка і так ужо вочы на лоб павылазілі, а тое, што ён бачыць на картах, яшчэ падлівае смалы ў агонь.

— Глядзі не запэцкай; спакуха, мецьмем яшчэ досыць часу, нагуляемся ўдосталь. Люблю гуляць сваёй калодай, бо звычайна праходзіць прынамсі тыдзень, перш чым астатнія звяртаюць увагу хаця б на масць

На новенькім працоўныя штаны і кашуля з папраўчай фермы; сонца выпаліла іх да белі разбаўленага вадой малака. Яго твар, шыя і рукі — колеру дубленай бычынай шкуры, ад доўгай працы ў палях. У кудзерах заблыталася чорная матацыклетная кепка, а праз руку ён перакінуў скураную куртку. Боты ў яго шэрыя, пыльныя і такія цяжкія, што выспяткам можна пераламаць чалавека напалам. Ён адыходзіць ад Чэзвіка, здымае кепку і выбівае з яе аб сцягно сапраўдную буру пылу. Адзін з чорных усё кружляе вакол яго з градуснікам, але ён для іх занадта хуткі; ён ужо ў кампаніі вострых пацыентаў і пачынае абыходзіць усіх, паціскае ім рукі, таму чорны не паспявае пацэліць. Тое, як новенькі размаўляе, яго падміргванне, гучны голас, фарсістая хада — усе гэта нагадвае мне гандляра машынамі ці быдлам альбо прадаўца на нейкім перасоўным кірмашы — такі дзядзька ў яркай паласатай кашулі з жоўтымі гузікамі стаіць перад каляровымі сцяжкамі, што трапечуць ад ветру, і прыцягвае погляды, нібы магнітам.

— Тут бачыце якая штука: я на "хіміі" ўлез у парачку разборак, калі ўжо казаць вам чыстую праўду, і мяне суд прызнаў псіхапатам. І няўжо ж я спрачацьмуся з судом? Без праблем апошні цэнт можаце ставіць, што не. Калі можна ўцячы з гэных клятых гарохавых палёў, дык я буду кім толькі іх душачкі пажадаюць — псіхапатам, шалёным сабакам ці ваўкалакам — бо мяне не дужа пакрыўдзіць, калі я больш да смерці матыкі не ўбачу. Мне сказалі, што калі зашмат б'ешся і баб дзярэш, дык ты псіхапат, але ж гэта не дужа да праўды падобна, як мяркуеце? Хто калі чуў, каб мужыку было зашмат дзюркі?

— Здароў, братка, як цябе клічуць? Мяне Макмэрфі, і я гатовы зараз жа паставіць два баксы, што ты мне не скажаш, колькі маеш ачкоў на руках, э-э-э,не падглядай. Два баксы, ну што? Халера, Сэм, ты можаш хоць паўхвілінкі пачакаць і не тыцкаць у мяне гэным сваім градуснікам?
пераклад з  ангельскай   – Аляксей Знаткевіч, часопіс  «Прайдзісвет»