«PARTY-ZAN фільм»: магія лічбаў галоўнай навагодняй кінапрэм’еры
«PARTY-ZAN фільм» —
першы і адзіны айчынны фільм, які патрапіў на шырокі экран у навагодні пракат. Для
новай камедыі Андрэя Курэйчыка гэта не толькі канкурэнтны перыяд, але і
містычны.

Чаму містычны? 18 дзён сышло на здымкі карціны і па 18 сеансаў на дзень у вялікіх залах будуць праходзіць паказы. І гэта не адзінае цікавае супадзенне ў пераднавагодняй магіі лічбаў, пры тым што фільм зусім не містычны (нават сыходзячы з назвы). Пра гэта — ніжэй.
Прэм’ера
доўгачаканай камедыі адбылася ў кінатэатры «Масква». Пры поўным аншлагу,
што ўжо робіцца добрай традыцыяй для фільмаў маладога творчага аб’яднання Bez
Buslou Arts. Гэта іх трэцяя карціна, папярэднія — нашумелыя «ГараШ» і «Вышэй за
неба» карысталіся поспехам, што радуе, асабліва на фоне правалу некаторых беларускіх
фільмаў з дзярждатацыямі.

У фільме Андрэй
Курэйчык паспрабаваў з іроніяй зірнуць на тое, як у нас здымаецца кіно, над
якім ужо замацавалася вызначэнне «партызанскага».
Коратка пра сюжэт. Двое не
самых удалых хлопцаў — прадпрымальнік Аляксей (які прагарае ва ўсім за што не
бярэцца) і праграміст Дзяніс (якога па сутнасці выгналі з крутой IT-кампаніі
з-за чарговай авантуры ўсё таго ж Аляксея), здаецца, знайшлі спосаб як можна
хутка разбагацець.

Яны прадстаўляюцца маскоўскім кінавытворцам сур’ёзнымі кінапрадзюсарамі і за салідныя грошы (па разуменню маладых людзей) бяруцца за здымкі батальных сцэн. Дзякуй, беларускі кінематограф зарабіў на гэтым сабе аўтарытэт, чым хлопцы і скарысталіся. Сума па кантракту за здзейсненую працу павінна скласці 40 тысяч долараў. А вось тут яшчэ адно цікавае супадзенне — прыблізна гэтакую суму выдаткаваў і Курэйчык на здымкі свайго «PARTY-ZAN фільма».
Пачынаючыя
кінапрадзюсары грошы атрымалі. Падаецца, фартуна нарэшце ім усміхнулася. Можна
смела брацца за работу (і сабе не ў чым больш не адмаўляць). А па дарозе у
Брэст да іх яшчэ і прыгажуня Марта далучаецца. І тут пачынаецца.

Фартуна памахала ім ручкай, як і грошы, якія ўляцелі ва ўнітаз у прамым сэнсе. А тут і расійскія зоркі прыехалі — Даніла Казлоўскі, Гоша Куцэнка і Рэната Літвінава. А ў след за імі і вядомыя рэжысёр і аператар. Хлопцы разумеюць, што свецяць ім цяпер або сур’ёзныя калецтвы ад заказчыка, або турма за махлярства. І ім даводзіцца напружыць увесь свой талент сапраўдных махляроў, каб выкруціцца з амаль безвыходнай сітуацыі.
Тут у ход ідзе беларуская
кемлівасць, здольнасць выйсці з перамогай з любой сітуацыі. У якасці зброі
пайшла «настойка
на цыбулі, рапсе і журавінах», «настойка на каноплі», пасля якой любы
загартаваны арганізм зваліцца на суткі. Ну, і абаянне прыгажосцю беларускіх
дзяўчат, вядома.

Узнагарода — хэпі энд. Не гледзячы ні на якія перашкоды пачынаючыя прадзюсары не толькі знялі геніяльныя кадры, але і атрымалі яшчэ заказ — адразу на 300 тысяч долараў.
Цікава, ці выйдзе на гэту суму Bez Buslou Arts у наступнай карціне? Ці ў магчымым працягу, калі ён будзе. Бо канцоўка фільма не закрыта, завяршаецца з магчымым працягам.
Калі аналізаваць
гульню акцёраў, то можна заўважыць як вырас у прафесійным плане Аляксандр
Кулінковіч, які вельмі ўпэўнена і выразна сыграў сваю ролю. Вядома ж, выдатна
сыгралі і самі прафесіяналы — Эвеліна Сакура і Аляксандр Ефрэмаў (мал.). А
харызму калегі з гурту Кулінковіча «Neuro Dubel» Юрыя Навумава можна параўнаць
хіба што са здаравякам Яўгеніям Маргуновым з «Аперацыя “Ы”».

На добрым ўзроўні
зладзіліся са сваімі ролямі і галоўныя маладыя выканаўцы, узыходзячыя зоркі
беларускага тэатра і кіно: Аляксандр Тарасаў, Аляксандр Душачкін і Аліса
Аўчыннік. Курэйчык ужо паспеў параўнаць Алісу Аўчыннік па таленце (а магчыма
дзесьці і па знешніх дадзеных) з Камеран Дыяс.
Як і ў папярэдняй
карціне, прайшоўся Курэйчык у мяккай форме і па чыноўнікам, на гэты раз у сферы
культуры. У сучаснай стандапаўскай манеры ёсць пародыя і на местачковых
кінакрытыкаў. Багата карціна і на вядомыя і актуальныя для беларусаў выявы,
жарты і мемэ, накшталт «распранайцеся і працуйце» ці фота Дэпардзьё на
беларускай сенажаці з, самі ведаеце кім.

Трэба аддаць належнае Курэйчыку, многія жарты даволі смелыя (як і ўжыванне нацыянальнай сімволікі на працягу ўсёй стужкі), на якія не адважваюцца іншыя творцы, але абмяркоўвае большасць. Пры гэтым Курэйчык сцябаецца не толькі над іншымі, не забывае і пра свайго брата-рэжысёра. «Рэжысёры ў кіно — лішнія людзі. Навошта яны наогул патрэбны?» — кажа адзін з галоўных герояў. Жартаваць і іранізаваць над сабой у нас здольныя не многія.
Што да сюжэта — то ён зразумелы, не распадаецца на часткі, усё паслядоўна. Пры гэтым, падобна і тут Курэйчык не упусціў магчымасці «пасцябацца на кіналяпы». Калі ў «ГараШы» гэта быў кадр з адбіткам рукі, як у «Тытаніку», на надпісу ў СТА, то тут гэта пэўны перабор з прысыпам зямлі пасля ўзрыву, што нельга не заўважыць.
З сюжэтаў, якія,
на маю думку, асабліва атрымаліся — кадр
«бабціна сала». На галодны страўнік лепш не глядзець. Гэта проста сімфонія ці панегірык
нашаму нацыянальнаму прадукту! Так яго яшчэ ніхто не усхваляў. Паглядзіце і
ўпэўніцеся самі. І тут заслуга не толькі рэжысёра і акцёра, а ўсяго калектыву
цалкам — і аператара, і кампазітара.

Работу
кампазітара, Дзмітрыя Фрыгі, наогул варта адзначыць асобна — выдатная музыка,
там дзе трэба і колькі трэба. Апроч музыкі Дзмітрыя Фрыгі у карціне удала
гучыць музыка беларускіх гуртоў «Нейра Дзюбель», «Всё Crazy», «SuperBullz»,
«Recha», кампазіцыі Тодара Вайцюшкевіча многія іншыя.

Паглядзець фільм можна ў кінатэатрах сеткі SilverScreen, кінатэатрах «Масква», «Беларусь», «Аўрора», «Мір», «Камсамолец» і ў Falcon Club Буцік Кіно з 29 снежня, а таксама ў студзені ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Напрыканцы трохі кінасакрэтаў і цікавых фактаў:
1. У «PARTY-ZAN фільм» упершыню можна ўбачыць на экране ўсю сям’юАндрэя Курэйчыка — былую жонку Вольгу Курэйчык (актрыса Купалаўскага тэатра), сына Глеба і дачку Марту.
2. Акцёр Аляксандр Гусеў згуляў у фільме знакамітага маскоўскага кінааператара, па сюжэце ён зламаў нагу. Гіпс наклалі так удала, што ў канцы здымачнага дня яго вырашылі не здымаць, пакуль акцёр не адздымецца цалкам. Так што некалькі дзён артыст змушаны быў перасоўвацца на мыліцах і ў гіпсе.
3. Практычна ўсіх
галоўных акцёраў фільма клічуць Аляксандр: Тарасаў, Душачкін, Ефрэмаў, Гусеў,
Кулінковіч.

4. У фільме знята самая маштабная ваенная сцэна з часоў к/ф «Брэсцкая крэпасць».
5. Пракатнае пасведчанне стужка атрымала за 10 дзён да навагодняй кінапрэм'еры. Выніковая праграма АНТ «Контуры» назвала сітуацыю з выдачай пракатнага пасведчання «PARTY-Zan фільму» галоўным кіно-скандалам года, а сам фільм галоўнай навагодняй беларускай кінапрэм’ерай.
