Якія кінапрэм'еры нас чакаюць у 2017?
Бліжэйшым часам «Universal Pictures» — найстарэйшая і адна з найбольш знакамітых кінастудый — прапануе кінаманам фільмы амаль на любы густ.
Кампанія «Інтэрфільм Дыстрыб’юшн» прэзентавала кінапрэм'еры ад “Universal Pictures”, якія беларускі глядач зможа ўбачыць на экранах айчынных кінатэатраў у першай палове 2017 года. Камедыя, экшэн, хорар, мультфільмы, сямейныя фільмы і гістарычныя рамантычныя драмы…
Распачнецца год ад “Universal Pictures”, як ні дзіва, зусім не навагодняй камедыяй, а самым што ні на ёсць хорарам. Але менавіта добры жудасцік пасля навагодніх ласункаў можа стаць вішанькай на торце, дасць трохі гаркаты, каб абудзіць пачуцці. І гэта вішанька — трылер «Трансфармацыя», прэм’ера якога адбудзецца 26 студзеня. Галоўная гераіня фільма жыве ў ціхім мястэчку і жудасна баіцца павукоў. Аднойчы яе выкрадаюць невядомыя асобы. Калі гераіня ачуняла, дык высвятляецца, што яна знаходзіцца ў таемнай лабараторыі, дзе над людзьмі з генетычнымі анамаліямі праводзяцца дзіўныя вопыты. Жанчыне даводзіцца прайсці праз жудасную серыю эксперыментаў.
Добрыя чаканні ў кінапракатчыкаў ад наступнай стужкі, якая стартуе таксама 26 студзеня. Гэты фэнтэзійны прыгодніцкі баявік «Вялікая сцяна» з Мэтам Дэйманам у галоўнай ролі быў зняты сумесна з кітайскімі кінавытворцамі. Вялікую сцяну ўзвялі, каб ахоўваць Паднябесную ад любых пагроз, але з такім ворагам не сутыкаліся нават самыя адважныя яе абаронцы. Калі ўварванне не спыніць — свет будзе знішчаны.
2 лютага, у дзень сусветнага рэлізу, пачнецца паказ крымінальнага экшэна «Аўтабан». Амерыканскі турыст Кейсі Штайн (Нікалас Холт), які падарожнічае з сяброўкай па Еўропе, аказваецца ўцягнутым у разборкі паміж дзвюма мафіёзнымі групоўкамі. І з гэтага моманту пачынаецца смяротна небяспечная гонка на неверагоднай хуткасці, бо на коне жыццё яго каханай. Фільм добры і тым, што ў ім зняўся сам Энтані Хопкінс, які звычайна не здымаецца ў дрэнных фільмах, — гэта ўжо пра многае кажа. Па дынаміцы фільм нагадвае «Фарсаж», а па меркаваннях пракатчыкаў плануецца, што фільм дагоніць па зборах стужку «Перавозчык: Спадчына» — 1 300 000 BYN. Паказы фільма адбудуцца ў 2D і 3D.
З 9 лютага аматараў «50 адценняў шэрага» чакае працяг нашумелай гісторыі — «На 50 адценняў цямней». Стужка хутчэй разлічана на жаночую аўдыторыю, якая, між іншым, па даследаваннях кінапракатчыкаў, лічыцца найбольш мабільнай і актыўнай у тым, што тычыцца любві да фільмаў і наведвання навінак. Плануецца, што фільм дасягне па касавых зборах 1 200 000 BYN, нават нягледзячы на тое, што ў ім менш эратычнага складніку, у адрозненні ад папярэдняй гісторыі. Пакуль Крысціян Грэй змагаецца са сваімі ўнутранымі дэманамі, Анастэйша Стыл змушана супрацьстаяць гневу і зайздрасці тых жанчын, што былі з Крысціянам да яе. З гэтага часу ніякіх правіл, ніякіх умоў і ніякіх сакрэтаў. Запрашаем у свет раскошы і спакусы.
Рамантычную лінію 2 сакавіка працягне прыгожая гісторыя па аднайменнаму раману «Цюльпанавая ліхаманка». Фільм таксама хутчэй больш жаночы. Прыгожа касцюміраваны і добра прапрацаваны ў дэталях — псіхалогія адносін, вострыя пачуцці. Рамантычная гісторыя кахання на фоне цюльпанавай ліхаманкі XVII стагоддзя. На фоне цюльпанавай утрапёнасці багаты гандляр Карнеліс бярэцца шлюбам з прыгажуняй Сафіяй. У гонар шлюбу Карнеліс замаўляе іх сямейны партрэт. Але паступова праца над карцінай перарастае для мастака і Сафіі ў нешта большае — гарачае і палкае каханне.
Не забылі і пра дзіцячую аўдыторыю. З 2 сакавіка стартуе поўнаметражны мультфільм «Зверапой». На яго кінапракатчыкі таксама ўскладаюць вялікія спадзяванні. Яго можна параўнаць з «Таемным жыццём хатніх жывёл». Кожная жывёла марыць стаць зоркай. Сланіха, баран, бык, і нават свінка — літаральна ўсё рвуцца да славы. Хто ведае, каму ўсміхнецца капрызная фартуна і чый партрэт упрыгожыць заўтра вокладкі глянцавых часопісаў. Усё як у людзей. Але гэты мультфільм не толькі для дзіцячай аўдыторыі, хутчэй, ён разлічаны для сямейнага прагляду, на ўсе ўзросты. Паглядзець яго будзе можна як у 2D, так і 3D.
З 26 сакавіка ў абмежаваным пракаце выходзіць трылер «Спліт». Стужка хутчэй на аматараў жудасцікаў і не затрымаецца доўга ў пракаце. Cярод белага дня са шматлюднай паркоўкі незнаёмец выкрадае трох дзяўчат. Яны аказваюцца ў дзіўным таямнічым месцы, дзе паўсюль раскладзены кветкі, а ў душы ўладальніка дома ўтойваюцца 23 аблічча страху. Адзін з іх яшчэ пакажа сябе свету.
30 сакавіка чакае аматараў жудасці і класіка жанру — «Жах Аміцівіля: Абуджэнне», чарговы рэмейк фільма 1979 года. Гісторыя заснавана на рэальных падзеях (па словах кінавытворцаў). Аднойчы ўначы ў паліцэйскім участку мірнага мястэчка прагучаў тэлефонны званок, у якім паліцыянтаў прасілі як мага хутчэй прыбыць у адзін з дамоў. Там яны выявілі некалькі скрываўленых цел цэлай сям'і, якая была па-зверску забіта. Праз пару дзён адзіны выжыўшы з сям'і прызнаўся, што гэта ён застрэліў сваіх родных. Па яго словах, ім авалодаў нейкі голас, які загадваў здзейсніць забойства. Праз некалькі гадоў у будынак заехала маці-адзіночка з трыма дзецьмі з думкамі, што яны знайшлі дом сваёй мары. Неўзабаве з імі пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. Сям'ю пераследавалі вусцішныя галюцынацыі і жахлівыя галасы.
На фоне папярэдніх фільмаў асабліва добразычлівай і мілай будзе стужка, якая дакладна прыйдзецца даспадобы ўсім сабачнікам — гэта фільм «Сабачае жыццё», які стартуе таксама 30 сакавіка. Сабакі — нашы самыя адданыя сябры. Усе яны кожны дзень выпраўляюць і сустракаюць нас ля парога ва ўпэўненасці, што пакуль ім ёсць каго аблізваць і любіць, у іх жыцці ёсць сэнс. Прыгожая стужка пра рэінкарнацыі сабачай душы ад рэжысёра «Хаціка: самы адданы сябра».
Адной з самых доўгачаканых прэм’ер дакладна стане крымінальны сапраўдны экшэн «Фарсаж 8». Глядач не стамляецца глядзець, а кіношнікі не стамляюцца здымаць. Він Дызель, Дуэйн Джонсан, Джэйсан Стэйтэм, Курт Расэл… А да іх у гэтай частцы далучаецца і прыгажуня Шарліз Тэрон. Прагноз пракатчыка па зборах у Беларусі — 1 900 000 BYN! Для самай крутой каманды ў свеце няма нічога немагчымага, пакуль яны разам. Але калі на іх шляху апынецца адна з самых прыгожых жанчын на планеце і па сумяшчальніцтву каралева кіберзлачыннасці, дарогі сяброў разыдуцца...
Даволі добры баявік пачнецца
паказам з 20 красавіка — «Сакрэтны агент». У адрозненні ад
многіх баевікоў, інтрыга ў ім не раскрываецца амаль да канца. У выніку таго,
што агента ЦВУ зманам завабліваюць у пастку, Лондан аказваецца пад пагрозай
біялагічнага нападу.
27
красавіка пачынаецца паказ яркага і дынамічнага сямейнага мультфільма «Спарк».
Выдатная анімацыя, графіка, прарысоўка. Спарк — маленькая малпачка і яе сябры,
Чанк і Вікс, знаходзяцца на заданні, каб вярнуць планету Бана — каралеўства,
захопленае злым уладаром Чжун. Камандзе адважных таварышаў давядзецца
адправіцца ў аддаленыя глыбінкі космасу.
З 8 чэрвеня стартуе фэнтэзійны прыгодніцкі баявік «Мумія».
Пасярод бязлітаснай пустэльні ў велічным саркафагу пахавана дачка егіпецкага
фараона, але надыдзе дзень і яна з'явіцца ў наш свет вярнуць сабе тое, што
прыналежыць ёй па праве. У галоўнай ролі — Том Круз, прысутнасць якога ў
фантастычных фільмах заўсёды абяцае добрыя зборы. Касавыя зборы гэтай франшызы
чакаюцца ў суме 1 250 000 BYN.
Завершыцца паўгоддзе паказамі з 29 чэрвеня сямейнага поўнаметражнага
кампутарнага мультфільма «Брыдкі я 3» у 2D і 3D. Працяг вясёлых гісторый пра
міньёнаў, якія трапляюць у розныя камічныя сітуацыі. Новыя прыгоды Гру, што
жыве разам з Люсі і трыма прыёмнымі дочкамі. Чакаецца, што гэтыя смешныя
мультпрыгоды збяруць каля 1 850 000 BYN.
Прэзентацыя ад кампанія «Інтэрфільм Дыстрыбьюшн» не абмежавалася толькі анонсам прэм’ер. Па выніках 2016 года былі адзначаны прызамі лепшыя пракатчыкі мінулага года. Зрабіў падчас імпрэзы кароткі анонс новай камедыі «PARTY-ZAN фільм» і рэжысёр Андрэй Курэйчык, які паабяцаў прызы ад аднаго са сваіх спонсараў лепшым пракатчыкам і сваёй стужкі.