Per sph[t]agnum ad astra*, ці найноўшая картаграфія беларускага балота

І ён мусіў трываць, адно імкнучыся наперад, каб як-небудзь дапнуцца да берага гэтага бясконцага балота. (Васіль Быкаў. «Балота»)



boloto_dlia_klimata2.jpg

Жыў-быў адзін беларускі пісьменнік. Усё ў яго было добра. То бок — па-рознаму. Яго раманы і забаранялі, і выдавалі ў перакладзе на іншых кантынентах. Асаблівасці нацыянальнай літаратурнай сітуацыі выявіліся ў дачыненні да яго ясна, як на лакмусавай паперцы: некаторыя аспрэчвалі рэальнасць забароны яго першага рамана, хтосьці асуджаў яго руска-беларускі білінгвізм, нехта агулам «па сукупнасці публікацыяў» — за «ружовыя соплі». Яго «Параною» чыталі па дыяганалі, шукаючы альбо вострасюжэтную паднаготную з жыцця спецслужбаў, альбо пасцельныя сцэны. Не заўважалі іронію ў фразах кшталту «Анатолий брызнул котенком по двору» (а гэта, на секундачку, амаль даслоўная цытата з Булгакава) і сур'ёзна крытыкавалі за іх, прымаючы за ляпы. Абмяркоўвалі не столькі самі раманы, колькі постаць аўтара з усім журналісцкім кантэкстам, іміджавым антуражам і сантыментамі ў бок крутых хлопцаў тыпу Хантэра Томпсана.

Але «ружовыя соплі» скончыліся разам з паранояй. Выйшаў новы раман Віктара Марціновіча«Сфагнум» — усё той жа мідліт (як ахарактарызавала кірунак, у якім працуе Марціновіч, Марыйка Мартысевіч), але больш сухі, суровы, кінематаграфічны — з багаццем дыялогаў (у тым ліку мацерных) і мінімумам апісанняў душэўных пакутаў герояў. Калі ў «Параноі» аўтар зліпаўся з галоўным героем, а ў рамане «Сцюдзёны вырай» настолькі ад герояў дыстанцыяваўся, што наогул згубіўся, у «Сфагнуме» чытачу з трохі саркастычным апавядальнікам цалкам камфортна.

 

У той жа час, «Сфагнум» — бадай, адзін з найбольш песімістычных тэкстаў Марціновіча.

 

Нават у «Параноі», сярод нагрувашчванняў інтэлектуалісцкіх прымавак (Маклюэн, бач ты!) і рамантычных пакут, нягледзячы на ​агульную дэпрэсіўную тэму падкантрольнасці Вялікаму брату, быў і свой палёт, і ўдалыя матывы — напрыклад, картаграфія Мінска як горада кахання і Сустрэчы. За кошт гэтага быў у «Параноі», акрамя пераследу, зладзействаў і жахаў аўтарытарызму, яшчэ і «лёгкі подых», і чыталася яна ўсё ж як раман пра каханне, якое заўжды ёсць пакутай. Таму што «любовь зла» пакахаеш і палюбоўніцу казла, без права на хэпі-энд. У «Сфагнуме» ж гарадской рамантыцы месца больш няма — на сцэну заступае адна з цэнтральных метафар беларускай аўтарэфлексіі – метафара балота, якую Марціновіч накладвае на жорсткую сацыялогію.

 

Цікава, што называючы раман такім чынам, аўтар кіраваўся хутчэй батанічнымі асацыяцыямі (пры ўсім іх сімвалізме): сфагнум — гэта від балотнага моху. Даследуючы старажытнагрэцкія вытокі гэтага лацінскага слова, знаходзім у якасці роднасных паняццяў і «ахвярапрынашэнне», «разлажэнне» і «тлен» і да т.п. — словы, што адсылаюць да тэмы гвалтоўнай смерці, сакралізацыі мёртвага, інэртнага, хтанічнага. Сфагнум — гэта мох часу, які акуклівае змярцвеласці, муміфікуе тое, што магло б быць жывым.

 

Балота вечнае. Яно было і будзе заўжды. Ад аднаго язычніка-кансерватара мне даводзілася чуць, што адвечнае балота – гэта і ёсць наш крывіцка-дрыгавіцкі космас, у які неабходна вярнуцца. Неба, спушчанае на зямлю, інфернальная дрыгва, якая засмоктвае цябе ... Не трэба прыдумляць касмалёт, каб паляцець да зорак, не патрэбная цывілізацыя, якая, развіваючыся ад грэкаў да Цыалкоўскага, і марачы пра зоркі, па ходзе справы вынайшла дэмакратыю, грошы, прамую перспектыву, стральчаты крыжовы звод гатычнага храму, паравы рухавік і лямпачку напальвання. У Беларусі — нічога гэтага не трэба, зоркі ўжо тут, яны пахаваныя пад тоўшчай бясплоднай зямлі, якая раптам можа прачнуцца, каб выйсці злавесным дарам-скарбам, або праглынуць і цябе самога.

 

Гэта міфалогія беларускага балота. Яе ў «Сфагнуме» дастаткова — тут і Plica polonica, і варажбіты з вядзьмаркамі-русалкамі. Іншая справа — як уся гэтая «Беларусь у фантастычных апавяданнях і казках» уключае ў сябе архіпелагі згусткаў хваравіта знаёмай нам штодзённасці.

 

Галоўныя героі новага рамана Марціновіча — банальныя, але па-свойму абаяльныя гопнікі, якія ўвязваюцца ў крымінальную гісторыю, дзе выступаюць, самі таго не ведаючы, сляпымі прыладамі ў руках лёсу, які, што сімптаматычна, у рамане абарочваецца «панаехаўшым» расійскім бандыцкім капіталам.

 

Кажучы пра сюжэт (устрымаюся ад спойлераў), варта адзначыць — так, усе адсылкі да фільмаў Гая Рычы і Таранціна сапраўды справядлівыя. Зрэшты, калі ўжо шукаць кінематаграфічныя асацыяцыі, то пачатак рамана можа выклікаць у памяці нешта са старажытна-савецкіх прыгодаў сельскага міліцыянера Аніськіна. Але гэта, як і ў мінулым рамане Марціновіча «Сцюдзёны вырай», хутчэй для прэвентыўнага зрыву шаблонаў у свядомасці чытача: быў ужо і мінскі гламур, і стамбульска-віленскае поп-барока, а вось наце вам яшчэ глускіх міліцыянераў.

 

Паглядзім на Беларусь вачыма тых, хто з найноўшай беларускай літаратуры альбо выпадаў, альбо адлюстроўваўся ў шэра-бура-малінавай гаме ворага ўсяго чыстага, светлага, нацыянальна-свядомага і прагрэсіўнага — з пазіцыі беларускага гопніка.

 

Даючы голас гопніку, Марціновіч паказвае — «на яго месцы мог бы быць я!» — «нап'ешся — будзеш!». Увогуле кожны з нас пры тых ці іншых абставінах мог быць не Віцем-мастацтвазнаўцам з яго кава/пешыя прагулкі/ Хабермас, а Віцем-з-Аўтаза, з півам і малыхай, якае шчоўкае семкі. Ужо калі мы чытаем кніжкі і рэцэнзіі на іх — нас, відаць, міма такой долі пранесла — гэта, напэўна, нагода падзякаваць лёсу. Але варта памятаць, што ўваход у гэты клуб — вольны. І тут зноў падключаюцца кінематаграфічныя асацыяцыі: цалкам у духу фільмаў Сяргея Лазніцы («Шчасце маё»), Ангеліны Ніканавай («Партрэт у прыцемках») або Мікалая Хамерыкі і Барыса Хлебнікава, раман Марціновіча паказвае, наколькі стыхійна адбываецца перасоўванне паміж «месцамі пад сонцам» і сацыяльным балотам.

 

Стылістычна гэты раман — поўная супрацьлегласць першым дзвюм кнігам Марціновіча, у ім няма ранейшых спробаў сыходу ад публіцыстычнасці ў вычварныя моўныя эксперыменты. У «Сфагнуме» ўсё выразна і па справе, наколькі наогул можна казаць пра цяжкавагавыя тэмы вялікай беларускай літаратуры ў форме дэтэктыва. Беларуская глыбінка выпісаная з інтанацыяй абарыгена, які вярнуўся дадому пасля дзесяцігоддзяў рафінаванага гарадскога жыцця — з «остранением» (амаль па Шклоўскаму), да якога прымешваецца рытарычнае пытанне — «Ну чаму ў нас бляць усё ТАК?»:

 

«В этом автобусе хорошо звучала бы песня «Крылатые качели», но доминировал тут русский шансон. Надсаженный мужской голос пел про купола и кресты, хотя чувствовалось, что на самом деле он поет про любовь, женскую красоту, одиночество и что-то еще, такое очень сложное, не выразимое словами, отчего хочется бессвязно выть и биться головой о стену».

 

З фірмовым сарказмам Марціновіча, адшліфаваным гадамі непрымірэнчай барацьбы з усім «байтрэшавым» у Белгазеце, апісаныя прадстаўнікі ўлады на месцах. Старшыні райвыканкама і сельсавета, распіваючы ў кабінеце віскі, размаўляюць пра серыял «Сваты» і памідоры, якія «чырнеют», «пырскай» іх альбо «не пырскай». Ад гэтага таксама хочацца біцца галавой аб сцяну і бязладна выць — карціна разлажэння і заняпаду намаляваная ў рамане настолькі пераканаўча, што сумневаў з нагоды будучыні такой Сінявокай застаецца мала — «все будет так, исхода нет». І ўжо наколькі не люблю я «псіхалогію народа», развагі пра нейкую досыць стабільную ментальнасць, якая нібыта ўласцівая пэўнаму этнасу ... але даводзіцца прызнаць — «выпісанасць сацыяльных тыпажоў», прычым спрадвечна беларускіх, у наяўнасці маецца, і нешта накшталт айчынных «Мёртвых душ» паказаць атрымалася, прычым стылістыка тут не спрачаецца з сюжэтам, а падтрымлівае яго — складана ўявіць больш адэкватную мову для перадачы логікі нашага айчыннага ідыятызму:

 

«Лесник в Глусском районе, как, впрочем, и в целом по стране, должен обладать тремя главными навыками. Во-первых, умением договориться с браконьерами и самогонщиками о том, чтобы результатов труда браконьеров и самогонщиков не было видно. Во-вторых, лесник должен уметь отыскивать большие камни, устанавливать их на окраинах леса у дорог и писать на них слова «Лес – наше богатство». Высшим пилотажем является способность сопроводить надпись рисунком бабочки, олененка, скопированного с обертки шоколадной конфеты «Варюша», аиста или задумавшегося о чем-то бобра. Третьим главным навыком лесника является умение организовать пикник с дичью для представителей районной, областной, либо республиканской администрации».

 

Абсурдам сялянскай Беларусі, зрэшты, аўтар не абмяжоўваецца. З'яўляюцца тут, мімаходзь, калі не сказаць, кантрабандай, і гарадскія персанажы – накшталт дзяўчыны Вічкі Есючені, якая здае ў ВНУ іспыт па сучаснай філасофіі. Цяжка сказаць, што ў гэтай «гераіні» шакуе больш — гэты персанаж хоць і прахадны, але, на жаль, самы яркі жаночы вобраз у рамане. Студэнтка лёгкіх паводзінаў, якая не асабліва ўяўляе розніцу паміж кантэкстам здыму італьянскіх турыстаў у барах і сітуацыяй іспыту, тлумачыць структурны псіхааналіз Лакана «на пальцах»... 

 

Аўтар апускае чытача ў даволі непрыемную субстанцыю — яе плынь свядомасці, у якой ёсць і нязручныя стрынгі, і маларазумныя развагі пра сутнасць мужчын і жыцця, у цэлым выступае даволі пераканаўчым злепкам светапогляду падобных дзяўчат, якія, на жаль — частка вобразу Беларусі-экспартнай. Але гэта — сталіца! У глыбінцы ж жанчыны мудрыя і суровыя — настолькі, што дзесяцігоддзямі чакаюць і кахаюць аднаго адзінага мужчыну, і, прабачце за міжвольны каламбур, мужна старэюць, захоўваючы разам са старэчай хітрынкай і глыбокае пачуццё ўласнай годнасці. Спакушаюць, накладваючы сурокі — з усё той жа спакойнай годнасцю.

 

Словам, хоць любоўная лінія ў рамане — дастаткова маргінальная і выяўляе хутчэй тугу галоўнага героя па магчымасці кахання, чым распавядае пра яго, эпізадычныя жаночыя вобразы вельмі сімптаматычна кантрастуюць з гамагенна-гопніцкай тройцай галоўных герояў, паказваючы, што ў Беларусі не толькі хтанічны, але і жаночы твар.

 

Сярод жаночых твараў з'яўляецца ў рамане і жаночы голас. Справа ўжо набліжаецца да сумнай развязкі, і ў сувязі з гэтым галоўны герой раптам успамінае пра самую цудоўную музыку ў ягоным жыцці — выпадкова пачутую па радыё арыю Вівальдзі ў выкананні Чэчыліі Барталі. Гэты ўспамін надае фіналу рамана дадатковае акустычнае вымярэнне, адчуванне, што ў тэкста з'яўляецца саундтрэк.

 

Можа быць, таму фінальная сцэна з пабітым ротам галоўнага героя, які крычыць у нікуды хрэстаматыйнае «я ні ў чым не вінаваты», усё ж размыкае гісторыю — з лакальнай драмы — у неверагодную сусветную тугу, якая, як паказвае Марціновіч, уласцівая не толькі асобным «высокапрасветленым слаям насельніцтва», але і гопнікам, якія дзеля яе і з яе прычыны трапляюць у пераплёт — гэта вечны рухавік усіх сюжэтаў і вось колу сансары. Па чым гэтая туга — па Радзіме, каханні, справядлівасці, па жыцці, грошах — вызначыць не ўяўляецца магчымым — гэта, як казала Зінаіда Гіпіус, туга па чымсьці «чего на свете нету, чего нету на свете».

 

* Per sph[t]agnum ad astra: Праз мох/балотада зораў (лат.)

 

Лідзія Міхеева, bookster.by