Пра аўтара і героя аднаго нарыса
На пачатку сакавіка на імя кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы прыйшоў ліст ад імя Рады ТБМ Кастрычніцкага раёна Мінска з патрабаваннем надрукаваць іх заўвагі на нарыс Марыі Мартысевіч «Франачак», апублікаваны яшчэ ў другім нумары «Новага часу» (23 студзеня 2009 года).
Ліст калектыўны. Яго падпісалі (прыводзім з захаваннем азначэнняў арыгінала): старшыня Кастрычніцкай рады ТБМ Ян Грыб, а таксама — Т. Грыб, Я. Пятроўская, Ю. Пальчэўскі, А. Пальчэўская,
І. Коваль, І. Табушава, А. Ходан, Базнікін, І. Антанок, Л. Белахвостава, Зянькевіч, Н. Качаноўская, В. Найдзенова.
На жаль, выканаць гэта патрабаванне ні цалкам, ні нават у цытатах мы не можам. Па той прычыне, што заўвагі па сутнасці ў лісце адсутнічаюць, а сам кароткі тэкст (тры чвэрці аркуша буйным шрыфтам)
густа перасыпаны неэтычнымі ярлыкамі, мянушкамі, намёкамі. Паўтараць іх — не ў правілах СМІ.
Змест жа ліста зводзіцца да абурэння нарысам Марыі Мартысевіч, які яны палічылі абразлівым у адносінах да Франака Вячоркі. Выказваецца таксама здзіўленне беспрынцыповасцю рэдактаркі Алены Анісім,
«якая дазволіла друкаваць гэта «тварэнне».
Паважаныя аўтары ліста, прашу вас адразу зняць усе прэтэнзіі да Алены Анісім, а разам з тым папрасіць у яе прабачэння, бо канцэптуальны і канкрэтны змест выдання знаходзіцца ў сферы адказнасці
шэф-рэдактара «Новага часу», г. зн. маёй адказнасці. Рэдакцыя самастойна вызначае сваю палітыку, над намі няма ніякай адміністрацыі.
Аўтары ж ліста, хацелі яны таго ці не, але ўжо самім фактам калектыўнай скаргі «па начальству» ў сукупнасці з яе зместам, па сутнасці патрабуюць пільнага кантролю (цэнзуры) над
матэрыяламі газеты. Што абсалютна непрымальна для дэмакратычнай прэсы і дэмакратычнай арганізацыі. Мы — не вертыкаль, і капіяваць яе стандарты нам не да твару. Пішыце заўвагі, сваё бачанне
чалавека — надрукуем абавязкова. Абмяркуем, падыскутуем.
Што тычыцца самога нарыса Марыі Мартысевіч, то ён прыцягнуў да сябе павышаную ўвагу і ўспрыняты быў, сапраўды, неадназначна. У прыватнасці, многія з чытачоў, насуперак аўтарам згаданага ліста,
палічылі яго кампліментарным Франаку Вячорку.
І герой і аўтар нарыса — з новага пакалення. Прычым з яго дэмакратычна-пратэстнай, да таго ж крэатыўнай, творчай часткі. Той, якая спрабуе вырвацца за рамкі закаснелых формаў паводзін і
пісьменства. Пазбягае позы, пыхлівай гераізацыі ў жыцці і ў творчасці. Не можа і не хоча трымацца стандартаў аўтарытарнай прапаганды, калі пра станоўчых герояў — толькі з прыдыханнем і
ўзвышана. Піша іранічна, метафарычна, з добрым пачуццём гумару. Дзейнічае. Кідае выклік. І апошняе, да ведама падпісантаў ліста: аўтарка нарыса, як і яе герой, не толькі з новага пакалення, але і з
аднаго лагера — Плошчы Каліноўскага.
На жаль, бацылы аўтарытарнай хваробы пранікаюць і ў дэмакратычны асяродак. Што ж, гэта трэба ўсведамляць. Самалячэнне тут — выдатны сродак, не раз апрабаваны ў гісторыі пераходных
грамадстваў.