«Права на праўду» — 10 том поўнага збору твораў Васіля Быкава прэзентавалі ў Мінску
19 чэрвеня, у дзень, калі споўнілася 90 гадоў з Дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, у мінскай галерэі “Ў” адбылася прэзентацыя дзясятага тома поўнага збору твораў Васіля Уладзіміравіча
Барыс Пятровіч адкрыў вечарыну
Кніга выдадзеная ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і “Кнігазборам”, укладанне і каментары Сяргея Шапрана. Непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы тома бралі ўдава пісьменніка Ірына Міхайлаўна Быкава і ягоныя сыны Сяргей і Васіль.
У новае выданне ўвайшлі аўтабіяграфічныя дыялогі з Алесем Адамовічам, а таксама артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі і выступленні з 1957 па 1980 гады. Гэта першая кніга 10 тома.
Як распавёў першы намеснік Старшыні СБП Алесь Пашкевіч, у пачаткова запланаваныя 14 тамоў збору твораў не змяшчаюцца ўсе тыя шматлікія матэрыялы, не вядомыя раней шырокай публіцы, у тым ліку аповесці Васіля Быкава, не апублікаваныя пры ягоным жыцці або якія не выйшлі ў поўным, аўтарскім варыянце, “адрэдагаваныя” савецкімі ідэолагамі.
Ірына Міхайлаўна Быкава
Алесь Пашкевіч
Нядаўні выхад так званага бесцэнзурнага двухтомніка — кніг “Мёртвым не баліць” і “Ліквідацыя” (больш вядомая назва “Сотнікаў”) — пацверджанне таго, што спадчына Васіля Уладзіміравіча патрабуе далейшага даследавання і захоўвае ў сабе яшчэ не раскрытыя скарбы.
Канцэпт праўды, мастацкай і жыццёвай, стаў дамінантай для ўсёй творчасці Васіля Быкава. Менавіта таму вялікае месца ў публіцыстыцы пісьменніка займае апісанне гэтага паняцця:
“<…> Літаратура — справа старая. Вопыт шматлікіх пакаленняў <…> шмат чаму вучыць <…> Было б толькі жаданне праўды жыцця. Служыць народу можна па-рознаму, з рознаю мерай аддачы, і калі ўжо казаць пра матыў пераадолення <…>, дык, відаць, шмат каму з тых, хто становіцца літаратарам, перш за іншых трэба намагчыся, каб пераадолець у сабе і жабрака, і ўласніка, і раба. З гэтага і пачынаецца мастацтва”, — адзначаў Васіль Уладзіміравіч у артыкуле “Права на праўду” (1963), фрагменты з якога былі зачытаны на прэзентацыі і які змешчаны ў 10 томе.
Празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, адкрываючы вечарыну, нагадаў прысутным пра асноўныя перыяды творчасці Васіля Быкава, пра ягоныя дасягненні і кірункі дзейнасці, якімі вылучалася для Васіля Уладзіміравіча кожнае дзесяцігоддзе. Асабліва важнымі і яркімі для Быкава былі 1990-я гады, калі Беларусь набывала сваю незалежнасць і калі спадар Васіль актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і палітычным жыцці краіны.
Як згадваў у сваім выступе Лявон Баршчэўскі, вялікі аўтарытэт пісьменніка сярод інтэлігенцыі і простых людзей адыграў значную ролю ў аб’яднанні народа ў той пераходны перыяд, і такой моцнай асобы, якая стала б сумленнем нацыі, цяпер вельмі не хапае.
Анатоль Вярцінскі
Анатоль Вярцінскі павіншаваў усіх беларусаў з выхадам 10 тома, падкрэсліў яго значнасць для нашай культуры і прачытаў свой верш, прысвечаны Быкаву.
Сяргей Законнікаў
Сяргей Законнікаў распавёў пра сваё сяброўства з Васілём Быкавым, пра тое, якім чынам працаваў механізм савецкай цэнзуры і як яны супольна з Васілём Уладзіміравічам спрабавалі гэтаму супрацьстаяць.
Вольга Гулева, загадчыца аддзела навуковай прапаганды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, расказала пра адкрыццё мемарыяльнага музея-дачы Васіля Быкава, якое адбылося ўдзень 19 чэрвеня.
Гэты дом два гады таму быў перададзены Ірынай Міхайлаўнай Быкавай дзяржаве з мэтай стварэння музея і ўвекавечання памяці Васіля Уладзіміравіча. У ім, па словах Вольгі Гулевай, максімальна захаваная аўтэнтычнасць і адлюстраваная атмасфера часу, праведзенага там гаспадаром і яго сям’ёй.
Увага надаецца малюнкам пісьменніка (як вядома, спадар Васіль меў мастацкі талент), якіх захавалася дастаткова шмат, ягоным хобі — напрыклад, празаік быў заўзятым аўтамабілістам, і ўсяму таму, што найбольш поўна паказвае Васіля Быкава як асобу і як рознабаковага творцу.
У зале – паэтка Валянціна Аксак
Андрэй Хадановіч і Ціхан Чарнякевіч
Напрыканцы прэзентацыі гледачы мелі магчымасць набыць дзясяты том поўнага збору твораў Васіля Быкава ў кнігарні “Логвінаў”.
22 чэрвеня, у дзень смерці пісьменніка, у 12.00 на Усходніх могілках у Мінску адбудзецца ўскладанне кветак да магілы Васіля Быкава.