Прэмію “За свабоду думкі” ўручаць на радзіме Васіля Быкава

Цырымонія ўручэння ўзнагароды адбудзецца 21 чэрвеня ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне.



byczki.jpg

Прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава заснаваная лідарам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Ёю ўзнагароджваюцца асобы, якія праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды.

Як паведамляе прэс-служба руху “За свабоду”, суботнюю цырымонію разнастаяць сяброўскі абед, выступы вядомых музыкаў і віктарына, прысвечаная Васілю Быкава. Будуць разыграныя нядаўна выдадзеныя непадцэнзурныя аўтарскія варыянты аповесцяў “Мёртвым не баліць” і “Ліквідацыя” (“Сотнікаў”).

Лаўрэатамі прэміі “За свабоду думкі” мінулымі гадамі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык-літаратар Павел Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, палітык-паэт Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, музыка Зміцер Вайцюшкевіч і мастак Алесь Марачкін.

“Лаўрэатаў прэміі “За свабоду думкі” вызначае не рух “За свабоду”, а выбітныя людзi Беларусi. Спачатку, у 2008 годзе, быў складзены cпic з 50 найбoльш вядомых лiдараў думак, якія і вызначылі першых уладальнікаў прэміі. У наступныя гады iмёны пераможцаў сталі называць лаўрэаты папярэдніх гадоў. Такім чынам, журы кожны год папаўняецца аўтарытэтнымі асобамі. Лiчу такi прынцып вельмi справядлівым і аб’ектыўным”, — цытуюць naviny.by Аляксандра Мілінкевіча.

euroradio.fm