Бычкі: Васіль Быкаў — вялікі палітык і праўдалюб
21 чэрвеня больш за сотню людзей прыехалі ў вёску Бычкі, на радзіму Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, каб адзначаць 90-я ўгодкі слыннага сына Беларусі, якога ведае ўвесь цывілізаваны свет.
Ля хаціны Васіля Уладзіміравіча адбылося ўрачыстае ўручэнне прэміі “За свабоду думкі”, якую заснаваў і якой штогод уганароўвае выбітных беларусаў Рух “За свабоду”.
Арганізатары імпрэзы шчыра прызнаваліся, што сёлета ў Бычкі прыехала нечакана вялікая колькасць людзей з усіх абласцей Беларусі. Тут былі і пісьменнікі, і навукоўцы, і паэты, і палітыкі, і грамадскія дзеячы, журналісты і проста грамадзяне нашай краіны (ды не толькі). Вельмі радасна было бачыць малодшую сястру Васіля Быкава Валянціну Уладзіміраўну з буйным букетам валошак у руках, а таксама Валянціну Міхайлаўну, удаву Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які нядаўна, на жаль, пакінуў гэты свет, Народную артыстку нашай краіны Зінаіду Бандарэнку. Можна сказаць, што ў Бычках знаходзілася сапраўднае суквецце нашай нацыі.
Уладзімір Някляеў
Волат нацыі
Напачатку імпрэзы выступіў вядомы літаратар з Віцебшчыны Іосіф Навумчык, які ўжо шмат год з’яўляецца адным з суарганізатараў мерапрыемстваў у Бычках.
“Калі мы збіраемся ў гэты дзень, каб адзначыць дзень народзінаў нашага славутага земляка Васіля Уладзіміравіча Быкава, а сёлета гэта 90-я ўгодкі, мы збіраемся для таго, каб захаваць яго памяць, каб уганараваць імя, творчасць сапраўднага волата беларускае нацыі. Тая нацыя, якая мае такіх людзей, як Васіль Быкаў, як Рыгор Барадулін, як Генадзь Бураўкін, не можа быць на абочыне гісторыі. Нацыя, якая мае такіх пісьменнікаў, што пісалі на роднай беларускай мове, павінна і будзе шанаваць беларускую мову. Яна была і будзе заўсёды першай дзяржаўнай мовай у нашай краіне. Тут людзі з розных куткоў Беларусі, мы сабраліся, каб падзяліцца думкамі, каб успомніць добрымі словамі Васіля Уладзіміравіча Быкава, каб узгадаць і звярнуць увагу ўсіх на тыя ідэі, на тыя маральныя прынцыпы, якія ён спавядаў у сваёй творчасці і ў сваім жыцці”, — сказаў Іосіф Навумчык.
Сястра Васіля Быкава Валянціна Уладзіміраўна доўга распавядала пра маленства і юнацтва свайго старэйшага брата, пра пахаванку, якую яна атрымала, і пра ліст ад самога Васіля, які быў датаваны пазнейшай датаю, таму яна зрабіла правільную выснову, што Васіль жывы.
Валянціна Уладзіміраўна Быкава і Валянціна Міхайлаўна Барадуліна
Валянціна Міхайлаўна Барадуліна, якая часта бывала ў Бычках, адзначыла, што вельмі даўно пачала лічыць сябе сямейніцай Быкавых. “Калі ў мяне нарадзілася дачка ў Гродна, менавіта Васіль Уладзіміравіч першым прыйшоў да мяне ў радзільню. Мой Рыгор быў у той час у Мінску, і ажно тры дні адзначаў нараджэнне спадкаемца, але ўвесь час быў упэўнены, што ў яго нарадзіўся сын. І не хацеў верыць, што нарадзілася дачка, якая пазней сталася ягонай самай любімай дачушкаю”, — з сумнаю ўсмешкаю распавяла прысутным удава слыннага літаратара і блізкага сябра Быкава.
Выступалі таксама прадстаўнікі Ушацкага райвыканкама (намесніца старшыні Наталля Марковіч) і мясцовага музея народнай славы (Дар’я Мілая), якія адзначылі велізарны ўнёсак у беларускую і сусветную літаратуру іх земляка. Паэт Уладзімір Някляеў прычытаў верш, прысвечаны Васілю Уладзіміравічу. Шчырыя словы пра Быкава казалі пісьменніца Вольга Іпатава і літаратар ды перакладчык Уладзімір Папковіч, старшыя Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў.
Пісьменнік і палітык
Прынамсі, мне запаў выступ былога старшыні Вярхоўнага Савета, падпісанта першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі Мечыслава Грыба.
Мечыслаў Грыб
“Сёння ўсе кажуць, што Быкаў — вялікі пісьменнік. З гэтым ніхто спрачацца не будзе і не павінен. Мне падаецца, што хочуць крыху раздзяліць Быкава — пісьменніка, з аднаго боку, і Быква — чалавека, палітыка, з другога боку. І гэты другі бок зрабіць меншым, больш прыніжаным, чым Быкаў — пісьменнік. Мне цяжка сказаць, які бок быў большым, а які меншым. Быкаў у цэлым быў вялікі і сусветны чалавек. Ён быў не толькі добрым пісьменнікам, вядомым на ўсю нашу краіну і далёка па-за яе межамі, але ён быў вялікі палітык, вялікі праўдалюб. Ён усё жыццё шукаў праўду. Але праўда ў нас такая: нос пакажа і знікае! Толькі ты яе знайшоў, і зноў яе няма. Ізноў трэба шукаць праўду, а той, хто шукае праўду, таму вельмі цяжка жывецца. Тут сёння шмат шукальнікаў праўды, і яны добра ведаюць, як цяжка і складана гэта рабіць было і ў савецкія часы, і ў нашы часы гэта рабіць не лягчэй. Чалавек жыве столькі, колькі пра яго помняць людзі. Людзі не вечныя, яны нараджаюцца і паміраюць, а памяць жыве сярод іншых людзей. І калі судзіць па сённяшняй сустрэчы, то сёння тут значна больш людзей, чым было мінулыя разы. Думаю, гэта звязана не толькі з 90-годдзем Васіля Быкава, але з тым, што памяць і цікавасць да гэтага чалавека і тых падзеяў, якія ён апісваў, — простых людзей, салдатаў, сялянаў, узрастае з кожным годам… Дай Бог, каб мы заўсёды памяталі гэтага добрага чалавека, і не толькі мы, але нашы дзеці і ўнукі”, — сказаў Мечыслаў Грыб.
Уручэнне прэміі
Другой часткай імпрэзы было агалошанне і ўганараванне лаўрэата прэміі “За свабоду думкі”. Гэтая прэмія была заснаваная старшынём Руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам у 2008 годзе. Ідэя прэміі ўзнікла пасля атрымання Мілінкевічам прэміі “За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапейскі парламент. Прэмію атрымліваюць асобы, якія праявілі сябе праз грамадскую і творчую дзейнасць на карысць Беларусі і свабоды.
Сёлета абвесціць чарговага лаўрэата было даручана яе мінулагодняму ўладальніку мастаку Алесю Пушкіну. “Гэта чалавек смеху. Гэта чалавек, каторы гумарам робіць нашае жыццё аптымістычным. Гэта артыст, якога ведае ўся Беларусь і які даўно чаканы намі на гэтай імправізаванай сцэне. Гэты ўніверсальны чалавек паходзіць з таго горада, дзе ўпершыню пасля вайны жыў і працаваў Васіль Уладзіміравіч Быкаў. Гэта — Віктар Шалкевіч!” — прамовіў Алесь Пушкін пад бурлівыя воклічы і апладысменты.
Віктар Шалкевіч і Аляксандр Мілінкевіч
Уручыў памятную статуэтку лаўрэату Аляксандр Мілінкевіч, а сам лаўрэат аддзячыў прысутных невялікім канцэртам.
Да Віктара Шалкевіча лаўрэатамі прэміі “За свабоду думкі” ў Бычках уганароўваліся паэт Рыгор Барадулін, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, палітык і літаратар Павел Севярынец, краязнаўца Ада Райчонак, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі, краязнаўца і настаўнік Алесь Белакоз, мастак Аляксей Марачкін, музыка Зміцер Вайцюшкевіч і ўжо згаданы вышэй Алесь Пушкін.