Ракуцёўскае лета з Максімам Багдановічам

Музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае 30 ліпеня на свята паэзіі і песні «Ракуцёўскае лета-2017» у свой філіял «Фальварак Ракуцёўшчына» ў Маладзечанскім раёне.

131232_img_3687.jpg


Бліжэйшыя выходныя для жыхароў Мінска і ваколіц багатыя на падзеі: у суботу, 29 ліпеня, пройдзе Фестываль фінскага танга, у межах якога адбудуцца паказы скандынаўскага кіно, што працягнуцца і ў нядзелю падчас фестывалю FSP.
Ахвочыя збегчы з задушлівага горада могуць завітаць на фэст у Ракуцёўшчыну. Улетку 1911 года тут у фальварку дробнага шляхціца Вацлава Лычкоўскага адпачываў Максім Багдановіч. Наведаць гэтыя мясціны паэта запрасілі сябры па “Нашай ніве”, Антон і Іван Луцкевічы, якім гаспадар фальварка даводзіўся родным дзядзькам. Тут Багдановіч знайшоў сапраўдную крыніцу натхнення. Краса роднага краю, летнія водары лугоў, шапаценне лясоў, птушыныя спевы — усё адгукалася ў душы паэта і ўвасобілася ў непаўторных вобразах яго вершаў.


30 ліпеня гасцей свята чакае цікавая насычаная праграма: квэсты і майстар-класы, інтэрактыўныя гульнявыя пляцоўкі і выстаўкі. І, канешне, у багдановічаўскіх мясцінах не абыйсціся без вершаў і спеўнай паэзіі, якая гэтым разам прагучыць на дзвюх сцэнах — акрамя асноўнага канцэрта ўпершыню будзе праведзены “сядзібнік” у Лычкоўскіх. У свяце прымуць удзел беларускія паэты і фальклорныя калектывы з Мінска і Маладзечыншчыны. Сапраўдным падарункам для ўдзельнікаў свята будзе выступ гасцей з Латвіі.

afisza_5.jpg


Некаторыя з удзельнікаў падзяліліся з “Новым часам” сваімі планамі. Спеўны гурток грамадскай арганізацыі “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” выступіць з беларускімі традыцыйнымі жніўнымі песнямі. Бард Цімафей Авілін выканае ўласныя творы і, магчыма, песні са свайго альбома “Беларускі гарадскі раманс”, гэта акурат тэксты з часу, калі жыў Максім Багдановіч.

Фальклорны вянок да 125-годдзя Багдановіча (фота і відэа)


Падчас свята можна будзе падсілкавацца маладзечынскімі прысмакамі і набыць на памяць сувеніры беларускіх майстроў.
Для тых, хто захоча наведаць свята арганізаванай групай і прыняць удзел у інтэрактыўнай экскурсіі, будзе прадастаўлены аўтобус. Квіткі можна набыць па папярэдняй замове (кошт 10 руб.). Самастойныя наведвальнікі могуць дабрацца электрацыяй накірунку Мінск – Маладэчна да станцыі Уша і прайсці каля 2,5 кіламетраў да Ракуцёўшчыны пешкі, ці даехаць маршруткай Мінск – Краснае.

mapa_6.jpg


Свята распачнецца аб 11.30 прывітальнай імпрэзай каля памятных камянёў. Асноўная праграма будзе праходзіць з 12.00.