Рыбны дзень маладой літаратуры
12 ліпеня самае нефармальнае літаб’яднанне Мінска — «Вобла» — абвясціла пра адкрыццё новага сезону. З гэтага тыдня аўтары, аб’яднаныя вакол выдавецтва «Галіяфы» (і не толькі яны), збіраюцца на літаратурныя чытанні і абмен досведам па панядзелках з 6-й да 10-й вечара ў краме-галерэі «Падземка» (праспект Незалежнасці, 43). (На здымку: Vobla — злева направа: Анка Упала, Павел Анціпаў, Юлія Цімафеева, Уладзь Лянкевіч, выдавец Міхась Башура, ногі запрошанага майстра Альгерда Бахарэвіча)
12 ліпеня самае нефармальнае літаб’яднанне Мінска — «Вобла» — абвясціла пра адкрыццё новага сезону. З гэтага тыдня аўтары, аб’яднаныя вакол выдавецтва «Галіяфы» (і не толькі яны), збіраюцца на літаратурныя чытанні і абмен досведам па панядзелках з 6-й да 10-й вечара ў краме-галерэі «Падземка» (праспект Незалежнасці, 43).
(На здымку: Vobla — злева направа: Анка Упала, Павел Анціпаў, Юлія Цімафеева, Уладзь Лянкевіч, выдавец Міхась Башура, ногі запрошанага майстра Альгерда Бахарэвіча)
Творчая суполка з такой спецыфічнай назвай з’явіліся больш за год таму пасля даволі розгаласнай гісторыі горадаўпарадкавання, калі паўстала пагроза закрыцця ў цэнтры сталіцы, на вуліцы Карла
Маркса, крамы «Рыба». Гандлёвае прадпрыемства старой закалкі са спецыфічным пахам рыбы і піва было мілае не аднаму пакаленню беларускай савецкай багемы. На факультэце філасофіі БДУ,
з інтэрнатам якога крама суседзіць, яна калісьці славілася тым, што адчынялася а 8-й, і можна было яшчэ да заняткаў туды завітаць. Апроч таго, мастакі адзначаюць унікальныя керамічныя барэльефы, якія
ўпрыгожваюць інтэр’ер установы. На абарону «Рыбы» тады ўзняліся мастакі ды паэты. Выйшаў альманах «Тэксты», прысвечаны акіянічнай тэматыцы.
І вось «Вобла» працягвае плаванне. «Нас пацешыла гасціннасць крамы «Падземка», — расказвае адзін з лідэраў аб’яднання Зміцер Вішнёў,
запарваючы гарбату ў кубак. Прыемна, што пасля адкрыцця галерэі «Ў» творчае жыццё адсюль не схлынула. Да таго ж, мы ўжо маем дамоўленасць: у «Падземцы» будуць
па-ранейшаму прадавацца беларускія кніжкі».
А пакуль што на ўтульных насыпных крэслах размясціліся тыя, хто іх піша. Або збіраецца пісаць. Або, прынамсі, перакладае. Перакладчык Ігар Жалткоў, таксама натхняльнік «Воблы»,
расказвае: «Фармальна пасяджэнні нашага аб’яднання — гэта майстар-класы: мы запрашаем прызнанага пісьменніка на чытанні. У другой частцы права выказвацца атрымлівае
моладзь. Завязваецца нязмушаны дыялог. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе ахвочыя, дастаткова смелыя, каб агучыць публічна свае тэксты».
Запрошаны майстар Альгерд Бахарэвіч
----------------------------------------------------------------------------------
Літаб’яднанні Мінска
«Вобла» — усё робіць супраць плыні . Вось і адкрыццё сезону — у час адпачынкаў. Але ж рыхтуемся да восені — пары ведаў і заняткаў.
Назавем яшчэ дзве цікавыя творчыя пляцоўкі ў Мінску, дзе перыядычна ладзяцца абмеркаванні маладой літаратуры.
«ЛІTO.Беларусь»: Кіраўнікі — Георгі Барташ, Віка Трэнас. Месца сустрэчы — майстэрня мастака Дзяніса Кандрацьева, праспект Незалежнасці, 45. Дні
сустрэч вызначаюцца стыхійна. Абвесткі можна пабачыць на сайце http://lito.ru/club/by. Фармат сустрэч — выступ запрошанага госця: беларускага або расійскага творцы. Аднак канцэрт мэтра
наступае толькі пасля таго, як прысутныя літаратары агучаць свае новыя творы і пачуюць крытыку ад старэйшага калегі.
«Літаратурнае прадмесце»: Кіраўнік — Людміла Рублеўская. Дні сустрэч — чацвяргі, а 18:30. Месца сустрэчы — апошнім часам сустракаліся ў
Купалаўскім музеі. Фармат сустрэч: некалькі чалавек чытаюць свае вершы, а некалькі іх разбіраюць. На наступным тыдні крытыкі абавязаныя выставіць на чужы суд ужо свае творы. Суполка шумная, вясёлая,
любіць ладзіць унутраныя святы, конкурсы, літаратурныя гульні.