Сімвал беларускай свабоды: 300 гадоў мінскай катэдры
9 кастрычніка ў мінскім катэдральным касцёле св. Дзевы Марыі адбыліся юбілейныя ўрачыстасці, прысвечаныя 300-годдзю асвячэння храма. Святкаванні праходзілі пад дэвізам «Радасць і надзея» («Gaudium et spes») — сімвалічным для архітэктурнага помніка са складанай, як і ў самой беларускай сталіцы, гісторыяй.
9 кастрычніка ў мінскім катэдральным касцёле св. Дзевы Марыі адбыліся юбілейныя ўрачыстасці, прысвечаныя 300-годдзю асвячэння храма. Святкаванні праходзілі пад дэвізам «Радасць і
надзея» («Gaudium et spes») — сімвалічным для архітэктурнага помніка са складанай, як і ў самой беларускай сталіцы, гісторыяй.
Урачыстасць вёў спецыяльны легат Папы Рымскага Бенедыкта XVІ кардынал Юзаф Томка, які па-беларуску павітаў прысутных: «Сёння мы сустракаемся ў гэтым месцы з гісторыяй, якая можа здавацца
раманам. Трыста гадоў таму касцёл быў асвечаны, і за гэтыя тры стагоддзі архідыяцэзія неаднаразова скасоўвалася і зноў адраджалася. Касцёл працягваў існаваць і пасля другой сусветнай вайны як сімвал
надзеі».
Пасланне галавы каталіцкай царквы да грамадзян нашай краіны агучыў ксёндз Эдмунд Даўгіловіч. Ля старажытных сцен стаялі шматлікія вернікі: тыя, каму не хапіла месца, маліліся перад уваходам,
назіраючы за набажэнствам па вялікім маніторы на вуліцы.
Свецкая ўлада салідарызавалася з царкоўнай. Пасланне Аляксандра Лукашэнкі, такскама па-беларуску, зачытала намесніца кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Пяткевіч.
Спецыяльны легат папы Рымскага Бэнэдыкта XVІ кардынал Юзаф Томка 9 кастрычніка 2010 г. у Мінску
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падзякваўшы святому айцу і ягонаму спецыяльнаму пасланніку за шанаванне беларускага народа, яго культуры і касцёла, перадаў Бенедыкту XVІ
адмысловае запрашэнне: «Касцёл у Беларусі, не зважаючы на дзесяцігоддзі ганенняў, сёння адраджаецца, моліцца за Папу і вельмі, вельмі, вельмі яго чакае».
Храм і горад
Напярэдадні на канферэнцыі, прысвечанай юбілейным святкаванням, арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў думку, што на 8 новых пляцовак, выдзеленых дзяржавай для будаўніцтва новых касцёлаў, варта паспрабаваць
перанесці гістарычныя драўляныя храмы з закінутых вёсак. Зберагаючы спадчыну, можна адначасова вырашыць праблему нястачы храмаў у спальных раёнах сталіцы. Сапраўды, у горадзе з насельніцтвам у 1
мільён 839 тысяч чалавек дзейнічае толькі 4 касцёлы ў цэнтры і 1 у Серабранцы.
Катэдра ў 1914 г. Фота.
Мінчукі моляцца ў катэдры. Чэрвень 1941 г.Фота
Між тым, калі ў 1654 годзе ў Мінску на рагу вуліцы Койданаўскай і Высокага рынку (цяпер вул. Рэвалюцыйная, 1) мураваную сядзібу багатага месціча Ягора Гегера з драўлянай капліцай набыў для езуітаў
смаленскі біскуп Геранім Сангушка, насельніцтва горада вагалася каля 5 тысяч чалавек. А пасля таго, як 3 ліпеня 1655 года горад апанавалі маскоўцы і 4 гады рабавалі яго, насельніцтва значна паменела
— да 2 тысяч. Ды і ў 1800 годзе насельніцтва складала толькі 6656 чалавек.
Між тым, на момант з’яўлення ў Мінску езуітаў, якія пазней збудавалі будучую катэдру, у горадзе ўжо дзейнічалі: найстарэйшы касцёл св. Тройцы і Унебаўзяцця Марыі (1390), храмы кляштараў
дамініканцаў (пасля 1605), бенедыкцінак (пасля 1633), бернардынак (1642) і бернардынцаў (1644).
У 1680 годзе ў горадзе з’явіліся францысканцы — яшчэ да таго, як 31 ліпеня 1700 года езуіты заснавалі каменны храм. За 10 гадоў паўстаў прыгажэйшы ў Мінску будынак —
прыкладна такі, які, адрэстаўраваны, сёння бачаць мінчукі — трохневавая базіліка з дзвюма вежамі ў чатыры ярусы на фасадзе і са своеасаблівай галерэйкай пры ўваходзе, сцены якой тады былі
ўмацаваныя жалезнымі кратамі.
Асвячэнне храма пад тытулам Ісуса, Дзевы Марыі і св. Барбары 16 сакавіка 1710 года правёў віленскі біскуп Канстанты Казімір Бжастоўскі. Апошні быў ахвярадаўцам на езуіцкую місію і касцёл, падараваўшы
маёнтак Ніжняе ў Мінскім ваяводстве. Так, як і рэферэндарый ВКЛ Цыпрыян Бжастоўскі (у 1680-м перадаў місіі маёнтак Ніжыцы ў Аршанскім павеце і 50 тысяч злотых), і вядомы па партрэце Рэмбранта
(«Польскі вершнік» у Нью-Ёркскім музеі Фрык) канцлер Марцыян Аляксандр Агінскі (1685-ы — 50 тысяч злотых). Таму сродкаў на будоўлю каменнага храму хапала. Невыпадкова ў
левай ад галоўнага алтара капліцы св. Тройцы, фундаванай Цыпрыянам Бжастоўскім, яшчэ ў ХІХ стагоддзі, па сведчанні Уладзіслава Сыракомлі ў нарысе «Мінск», захоўваўся яго партрэт. На
ім адлюстроўвалася постаць у багатым палевым жупане, зашпіленым на мноства гузікаў з каштоўнымі камянямі.
Адзін з фундатараў катэдры – Марцыян Аляксандр Агінскі. Партрэт работы Рэмбранта, 1655 г. Музей Фрык у Нью-Ёрку.
Музей і ўніверсітэт
Місія расла і пачынала адыгрываць важнае значэнне ў жыцці горада. Набыла статус рэзідэнцыі, а ў 1714 годзе — калегіума, свайго роду гуманітарнага ўніверсітэта. У 1723 годзе былы дом Гегера
рэканструявалі ў 2-павярховы мураваны будынак, а да 1750-га перад ім паўстала прыгожая трохярусная вежа з барокавым дахам і гадзіннікам. Побач з касцёлам з’явілася аптэка з лабараторыяй. У
гэты час у калегіуме выкладалі рыторыку, паэзію, сінтаксіс, граматыку, тэалогію, старажытнагабрэйскую мову, этыку, матэматыку, фізіку, логіку, метафізіку. Дзейнічаў школьны тэатр і найлепшая ў
горадзе бібліятэка.
А храм пераўтвараўся ў сховішча святынь і выдатных помнікаў мастацтва. Партрэт Бжастоўскага мы ўжо прыгадалі, а вось у капліцы праваруч ад галоўнага алтара, якую фундаваў старадубскі стараста, а
потым мінскі ваявода Крыштаф Завіша, знаходзілася ягоная выява — у зброі, з блакітнай ордэнскай стужкай. Памяць пра Завішу была асабліва ўдзячнай, таму што ён падараваў храму мошчы св.
Феліцыяна — адну з самых знакамітых мінскіх хрысціянскіх рэліквій, вызначыўшы такім чынам і назву капліцы.
Партрэт Крыштафа Тэабальда Завішы. 1 палова 18 ст. Гістарычны музей, Мінск.
Дарэчы, уявіць сабе выгляд партрэта Завішы можна па выяве яго пляменніка, Крыштафа Тэабальда, якая прызначалася для суседняга касцёла св. Язэпа пры кляштары бернардынцаў, а зараз захоўваецца ў
Гістарычным музеі. Сцены капліцы размаляваў мастак Мацей Бейтнік, а на канчаткова завершаных вежах з’явіліся чатыры званы з чалавечымі імёнамі — Якуб, вагой 450 пудоў, Казімір,
Тадэвуш і Феліцыян. У нішах вежаў у другім ярусе паўсталі скульптуры апосталаў Пятра і Паўла, а ў цэнтральнай нішы франтона — постаць Божай Маці з Дзіцяткам.
У мастацкім жыцці горада храм адзначыўся і як месца працы самага папулярнага жывапісца ХІХ стагоддзя Яна Дамеля (1780–1840). Пераехаўшы ў Мінск у 1822 годзе, мастак, па ўспамінах яго
сучасніка Адама Шэмеша, у падзямеллях сабора, якія былі месцам пахавання прадстаўнікоў радавітай шляхты, рабіў натурныя пастаноўкі для сваіх карцін. Тых, дзе патрабаваўся эфект штучнага асвятлення ў
цемры: «Затворніцтва св. Пятра» і «Палажэнне ў труну».
Прыгаданы Адам Шэмеш, які па замове Уладзіслава Сыракомлі рабіў апісанні мінскіх храмаў для яго нарыса «Мінск», занатаваў шмат дэталяў пра аздабленне інтэр’ераў катэдры.
Чаму катэдры? Па скасаванні ордэна езуітаў у 1773 годзе касцёл робіцца прыходскім (а калегіум — 6-гадовай свецкай школай). А пасля таго, як Мінск падпаў пад расійскае панаванне, з утварэннем
Мінскай каталіцкай дыяцэзіі, па ўказе Паўла І храм атрымаў статус катэдральнага. Адбылася яго рэкансэкрацыя пад тытулам св. Дзевы Марыі.
У катэдры да ХІХ стагоддзя сабраўся сапраўдны музей. У закрыстыі — партрэты дабрачынцаў езуітаў: віленскага біскупа Канстанты Бжастоўскага, Сымона Міхоўскага, канцлера Марцыяна Агінскага,
Марціна-Казіміра Валадковіча… На сценах — стацыі Хрыстовай пакуты, копіі з палотнаў італьянца Дамінікіна, вывезеныя з Нясвіжа часоў Караля Станіслава Радзівіла, «Пане
Каханку». Нарэшце, 4 арыгіналы і адна ўдалая копія твораў выдатнага польскага мастака, выхаванца Акадэміі св. Лукі ў Рыме Шымана Чаховіча (1689–1775). Гэта былі вобразы святых
Юзафа, Барбары (пры бакавых алтарах, на месцы колішніх амбонаў, з якіх праводзілі дыспуты езуіты), Яна і Тадэвуша.
Шыман Чаховіч. “Палажэнне ў труну (1731) з Кракаўскага нацыянальнага музея.
Паколькі ў часы савецкага варварства храм быў зачынены (1934), а яго інтэр’еры і начынне канчаткова знішчаны перабудовай 1951 года, якасць жывапісу Чаховіча раім уявіць па карціне
«Палажэнне ў труну» (1731) з Кракаўскага нацыянальнага музея. Шмат новага ў храме з’явілася пры першым біскупе Мінскай дыяцэзіі Якубу Дадэрку, які аднаўляў будынак пасля
моцнага пажару 1797 года. Усе скляпенні трох нефаў, сцены і калоны карцінамі і сімваламі з Новага запавету, а таксама надпісамі і арнаментамі ўпрыгожыў лепшы мінскі мастак Казімір Анташэўскі.
Сёння роспісы часткова адрэстаўраваныя. У інтэр’ерах знаходзіліся творы слыннага майстра Іосіфа Аляшкевіча і работы менш вядомых мастакоў — Ігнація Дарэцці, Якуба Бразера. На
высокіх хорах усталявалі арганы «на 24 галасы, выдатнай архітэктуры».
Калі горад па складзе насельніцтва ўсё болей рабіўся габрэйска-расійскім, катэдра заставалася сімвалам даўняга часу, архітэктурнай дамінантай і мастацкай візітоўкай Мінска. Яе велічнае аблічча
адбілася на многіх творах — малюнках Іосіфа Пешкі, Напалеона Орды, літаграфіі Леона Жана Бапціста Сабацье па малюнку Б. Лаверня. На апошняй, датаванай 1840 годам, — панарама ўсёй
плошчы Высокага рынку, з ратушай і пірамідальнымі таполямі. За 17 гадоў да таго, як «хамская ўлада» з Усходу ў асобе Аляксандра ІІ Раманава загадае знішчыць ратушу — бо, па
ўспамінах сучаснікаў, «яна сваім існаваннем нагадвала жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра Магдэбургскае права». Сквер зруйнуюць таксама.
Катэдра на малюнку Напалеона Орды.
Як фенікс…
Рыхтуючыся да 300-годдзя катэдры, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч так сказаў пра храм: «Знішчаны, зняважаны і пакінуты на небыццё, ён адраджаецца, як фенікс з
попелу. На гісторыі гэтай нашай галоўнай святыні вельмі добра бачна, як Хрыстос піша проста на крывых лінейках гісторыі і як Ён ставіць апошнюю кропку над «і».
Нашчадкі Аляксандра ІІ з Ленінграду, «аднаўляючы» наш горад пасля другой сусветнай вайны, пераўтварылі касцёл у спартовую залу. А перад тым храм зачынілі. Паралельна зруйнаваўшы
мноства іншых святыняў і амаль увесь стары горад. Ёсць унікальны здымак канца чэрвеня 1941 года — мінчукі моляцца ў катэдры.
Тое, што касцёл св. Дзевы Марыі аднавіўся толькі пасля знікнення савецкай імперыі, уключае яго ў шэраг вобразных сімвалаў беларускай свабоды і незалежнасці. 21 кастрычніка 1997 года касцёл нанова
кансэкравалі.
10 снежня 2005 года адбыліся ўрачыстае асвячэнне ўзноўленага галоўнага алтара святыні і каранаванне абраза Імя Марыі Беззаганна Зачатай — дару Яна Паўла ІІ. Таксама былі асвечаны новыя
арганы, пабудаваныя аўстрыйскімі майстрамі.
Пакуль не ўсе сімвалы свабоды і незалежнасці вернутыя, але ўжо ёсць дзе памаліцца за вяртанне астатніх.