Сем бочак арыштантаў

Чаму мастацкая літаратура выціскаецца з абсягу нашых зацікаўленняў? 

Фота pixabay

Фота pixabay

Хоць чытанне і з’яўляецца заняткам для розуму, усё-такі ў большай ступені яно, напэўна, — занятак для душы. Важнаю прыкметаю якога спрадвеку была даходлівасць, уцямнасць. Тая ўцямнасць, якой большасці сучасных мастацкіх твораў, як прозы, так і паэзіі, відавочна бракуе. Нашае захапленне стылёвымі пошукамі, сэнсавая размытасць тэкста, недакладнасць словаўжывання, а то і адсутнасць належнага ўзроўню граматнасці — усё гэта не спрыяе росту папулярнасці кнігі. Гэтаксама, як і часопіса, бальшыня тэкстаў якога часам — відавочная халтура ў выглядзе галаваломак з прэтэнзіяй на запачаткаванне саміх сябе ў якасці адэптаў новага слова ў прыгожым пісьменстве.

У свой час трапна выказаўся пра няўцямнасць у словатворчасці Л. Талстой: «Нельга казаць пра твор мастацтва: вы не разумееце яшчэ. Калі не разумеюць, значыць, твор нядобры, бо яго задача ў тым, каб незразумелае зрабіць зразумелым». Наогул, пісьменнік лічыў схільнасць да мудрагелістасці выказвання (пісьма) праяваю душэўнай хваробы аўтара.

Гэтаксама і ў страты людской цікавасці да літімпрэзаў маюцца суб’ектыўныя прычыны. Вось адкуль той цікавасці з’явіцца, калі, да прыкладу, добра, як дзесяць адсоткаў выступоўцаў да заяўленых у аўдыторыі выступаў рыхтуюцца належным чынам. Звычайна так: пару-тройку кантычак сунуў чалавек за пазуху — і ўсяе падрыхтоўкі. Пяць хвілін потым дастае дзядзька ці цётка прылюдна ў аўдыторыі тыя кантычкі, яшчэ гэтулькі часу разгортвае. Затым пачынае чытаць — нудотна, невыразна, быццам напаўголаса літанію па нябожчыку адмаўляе. А не, каб пераадолець уласную ляноту ды на памяць хаця б вершык-другі ці кавалак уласнае прозы вывучыць. Потым, здарыцца, яшчэ каторая паперчына выслізне ў небаракі падчас чытання са жмені — нагнецца падняць і корпаецца, корпаецца пад сталом на пацеху прысутным.

Яшчэ адна мова на даляглядзе замаячыла. Быццам бы расейская, толькі вось беларускімі словамі «ўзбагачаная». Добрыя людзі такую звычайна называюць «трасянкаю». А тут яна, як вынікае з маналога жанчыны, што пры складанні вершыкаў ёю карыстаецца, — «новая» мова. Сядзіць кабеціна ў тэлестудыі ды не міргнуўшы вокам распавядае пра тое, як яна, мовы тутэйшае не ведаючы, дзеля спасціжэння душы карэннага народа да такога вынаходніцтва дайшла і як, мабыць, будуць усцешаныя ў будучыні даследчыкі яе паэзіі, натыкнуўшыся на старонках кніжак на гэткі бясцэнны «моўны скарб».

Набокаў у «Дары» адзначае, што, нягледзячы на пэўную рэзкасць поглядаў Чарнышэўскага на тагачаснае расейскае грамадскае ўладкаванне, некаторыя саратаўскія гімназісты «захапіліся ім» (у сэнсе — яго поглядамі). І адразу пасля гэтага — пасаж пра тое, што з усіх колішніх вучняў Міколы Гаўрылавіча на яго пахаванне прыйшлі праз сорак гадоў ці то толькі двое з тых гімназістаў, ці то наогул — не прыйшоў ніводзін. Што, як вынікае з інтанацыі аповеду, быццам бы сведчыць пра яго непераканаўчасць у ролі педагога.

Але ж, напэўна, якраз уменне настаўніка адпускаць вучняў у вялікі свет без прэтэнзіі на іх пажыццёвую ўдзячнасць і памяць — найперш сведчанне належнага ўзроўню яго прафесійнае вартасці. І, наадварот, жаданне трымаць выхаванцаў ледзь не да скону ў полі ўласнага бачання свету — не што іншае, як праява эгаізму. Канечне, нядобра, калі настаўніка замала, але і калі зашмат — таксама нічога добрага.

Ці не тое самае датычыць і настаўніцтва ў літаратуры. Дзе, дарэчы, на недахоп яго ў дачыненні да сябе часцей за ўсё наракаць людзі, самі да настаўніцтва з-за кепскага нораву элементарна няздатныя.

Найдакладней матывы і мэты дарадцаў ад мастацтва (у тым ліку, вядома, і літаратуры) на прадмет таго, што можа, а што не можа быць для творцы аб’ектам зацікаўленасці, акрэсліў Борхес: «Тыя, што кажуць, быццам мастацтва не павінна нараджаць дактрынаў, маюць на ўвазе дактрыны, якія не супадаюць з іх уласнымі».

Так што не варта бачыць за злосцю рознага кшталту дыджэяў ад мастацтва толькі дбанне пра яго стан. Усё значна прасцей. І ўсё, як правіла, — гучання асабістага. Дарэчы, добра, ва ўнісон з аргенцінскім калегам выказаўся па тэме Х. М. Энцэнсбергер: «…для мяне паэзія ўсяедная. Усё, што можа быць цікавым чалавеку, знаходзіць тут сваё месца».  

Проза некаторых японскіх аўтараў — бы крохкі лёд пад нагамі на пачатку зімы. Беліва снежнае бязважкасці, па-за якою — анічога, апроч цішыні. Такой таемнай, загадкавай і непрадказальнай, што так і карціць як хутчэй у яе акунуцца.  

Што здзіўляе ў любай сэрцу «Доўгай дарозе дадому» Васіля Быкава, дык гэта бязрадаснасць пададзеных аўтарам карцін дзяцінства. Ажно такімі бязрадаснымі, шэрымі яны, асвечаныя імпэтам першароднага пазнання свету, паводле азначэння быць наўрад могуць. Тут, хутчэй за ўсё, спрацавала банальная адсутнасць падзей, здольных апісанню нават самай змрочнай явы дадаць фарбаў і каларыту пазітыўнага.     

Нават зусім няўдалыя кніжкі не раздражняюць. Магчыма, таму, што заўсёды ведаеш, што хочаш пачытаць, і на тое, што магло б раздражняць, папросту рэдка натыкаешся. Але калі нават часам і натыкаешся, гэта не нервуе і не раздражняе. Не тое, што хацелася б? Што ж, адкладзем убок, гэтаксама, як адыдземся падалей, нарваўшыся неўспадзеў на несімпатычнага чалавека.

А вось што раздражняе, дык гэта празмернае дбанне некаторых калег пра лёс літаратуры. Што пра яго дбаць? Нават калі і зусім спыніцца прыгожае пісьменства ў сваім развіцці, напісанага да нас застанецца так шмат, што ўсім і кожнаму на тысячу гадоў наперад хопіць.

З чытаных апошнім часам пісьменніцкіх ліставанняў самымі шчырымі падаліся лісты Салтыкова-Шчадрына. Пры ўсёй іх зместавай аднастайнасці і мностве паўтораў, асабліва датычна нараканняў адрасанта на кепскае здароўе і гэткія ж узаемаадносіны з жонкай, няма ў іх, падалося, гульні на публіку.

Яшчэ адна бясспрэчная каштоўнасць лістоў гэтага пісьменніка — смеласць у падачы фактаў літаратурнага жыцця. І найперш у плане ўзаемадачыненняў з цэнзураю і паводзінаў літаратараў у сітуацыі, калі патрабуецца ўчынак у абарону свабоды словы. Асабліва пераканаўча гучыць гэта ў перыяд атмасферы вакууму, у якім Салтыкоў-Шчадрын апынуўся як апальны былы рэдактар «Отечественных записок» пасля іх гвалтоўнага зачынення ў 1884 годзе.

Адна з перадумоваў паспяховасці пісьменніка — вынаходлівасць. І падчас напісання твора, і падчас рэалізацыі гатовага прадукту. Звычайна гэтай рысе не надаюць значэння, на­дзяляючы літаратара побытавай нехлямяжасцю, бездапаможнасцю, няўменнем распараджацца ані ўласным лёсам, ані лёсам сваіх твораў. І дарэмна.

Вось, напрыклад, Гогаль, кошт маёмасці якога, паводле акта вопісу яе пасля смерці пісьменніка, складаў усяго 43 рублі 88 капеек срэбрам, на думку аўтара яго жыццяпісу І. Залатускага, «зусім не быў бессярэбранікам». Прынамсі, ён так умела вёў свае справы, датычныя продажу кніг, так быў у гэтай сферы вынаходлівы, што калі часам дапускаў які-небудзь збой, то, як правіла, не праз уласнае нядбальства ці няўмельства, а адзіна праз недагляд канфідэнтаў.

 Бог ёсць любоў — усё-такі не тое. Напэўна, куды лепш было б атаясамліваць Яго са справядлівасцю. Ці прасцей — з праўдаю. Любоў у параўнанні з праўдаю — куды больш прыблізная, расплывістая катэгорыя. Адпаведна, для розных спекуляцый ды маніпуляцый вельмі зручная.  

Святар падчас малітвы верных на Імшы: «Молімся за ахвяраў тэрактаў у святынях Шры-Ланкі і аб прабачэнні для тых, хто іх учыніў». Канечне, як жа без гэтага. А яшчэ лепш было б — загадзя, яшчэ да ўчынення тэракта прабачыць і праз таблоіды пра гэткі чалавекалюбны жэст усяму свету распавесці.

Часам грубаваты, але заўсёды дасціпны святар Дзмітры Смірноў умее агарошыць верніка адказам:

1

Жанчына: «Падчас пажару, бацюхна, абгарэла ў нас у хаце ікона. Што б гэта магло значыць?»

Святар: «А тое, што ў вас у хаце маецца праблема з супрацьпажарнаю бяспекай».

Жанчына: «І ўсё?»

Святар: «А што, гэтага хіба мала?»

2

Жанчына: «Вучу ўнучку маліцца, а дачка мая, маці дзяўчынкі, прыходзіць потым да мяне ў хату і дурніцаю за гэта называе. Што рабіць, бацюхна?»

Святар: «Не адчыняйце дачцэ дзвярэй».

Жанчына: «Дык яна патэлефануе».

Святар: «Не адгукайцеся. І нумар тэлефона як хутчэй памяняйце».


Падчас карэктарства ва ўніверсітэцкім выдавецтве больш за ўсё здзіўлялі падабенствам зместу навуковыя даследаванні філосафаў. І найперш — трафарэтнасцю ў пераліку постацяў знакамітых папярэднікаў. Гайдэгер, Кіркегар, Шапенгаўэр, Артэга-і-Гасэт, Дэрыда, Дэлёз — джэнтльменскі набор прозвішчаў, без якога, трэба меркаваць, і філосаф не філосаф. Тое самае, што літаратуразнаўца без Кафкі, Набокава або Джойса ў якасці гуру. Ці сучасны віцебскі культуролаг без Малевіча альбо Шагала на кончыку пяра.

Восень. Буслы ўжо адляцелі ў вырай, але адзін, з паламаным крылом, не даў рады паляцець з суродзічамі, застаўся пры родных палетках. Худы — дзюба ды пер’е, бачна, што не жылец. Млява корпаецца ў траве наўзбоч дарогі, вышуквае хоць якога-небудзь харчу.

Побач — сцірта з саломаю, а на сцірце — коршак. Ся­дзіць, вычэквае, калі ж і яму ад шчадротаў прыроды, нарэшце, перападзе.

 Пры любым надвор’і, пры любой кан’юнктуры слушнае, ад празмернага дбання пра самыя раз’еўрапейскія, разагульначалавечыя каштоўнасці вольнае — выказванне скульптара Эрнста Неізвеснага: «Заплечных справаў майстар можа і падсезаньваць, і падхэмінгуэйваць, і падкафкваць — без шкоды для ідэалогіі». Крыху, мабыць, недакладна, лепшы было б: «галоўнае, каб без шкоды для…». Тады ўжо — стоадсоткава бяспечна.   

Хацела жанчына ўзяць 80-гадовую бяздзетную сястру, гэткую ж, як і сама, удаву, толькі на два дзясяткі гадоў маладзейшую, у горад, ды тая не згадзілася. Маўляў, звязеш адсюль, а потым у гэным горадзе на чужых кладах і пахаваеш. А мне гэтак не цікава. Я тут, паблізу роднае хаты, побач з мужам-нябожчыкам хачу легчы.

Кінула жанчына часова ў горадзе кватэру, паехала ў вёску даглядаць нямоглую старую.

Год пражылі сёстры разам у хаце, два. Абедзве стаміліся, але маладзейшая відавочна больш, хоць выгляду не падае. І ўсё-такі аднойчы не вытрывала, прагаварылася суседцы пра ў глыбоканькім спраце душы на дне прыхаванае. «А ведаеш, што, мабыць, самае кепскае на свеце? Здагадвацца, што, калі нават і любяць цябе моцна, і шкадуюць, а смерці тваёй усё адно — чакаюць».  

Канцэнтрацыя трагедыйнасці паведамлення ў стужцы Агенцтва навінаў ад 28 верасня 2017 года амаль такая ж, як магла б быць, напрыклад, у абвестцы пра пачатак вайны. «Трагічная навіна з Лос-Анджэлеса. Спачыў заснавальнік і шэф-рэдактар часопіса «Плэйбой» Х’ю Хефнер. Яму быў 91 год…»  

Здаецца, дарога як дарога ля таго патанулага ў хмызе, напалову спусцелага, звыклага да непамыснотаў вясковага жыцця Александро́ва. Ну, патрэсвае крыху, пакалыхвае аўтобус, ды што тое ўсё ў параўнанні са спярэшчанай рытвінамі і ямамі дарогаю даўжынёю ў сем вёрстаў да школы ў дзяцінстве?

Гарадскія спадарожнікі, нязвыклыя да такіх нязручнасцяў, круцяць насамі, моршчацца: маўляў, якое нядбальства. І паспрабуй ім давесці, што агромністая плошча Перамогі, што на грошы ад пабораў з сельскіх раёнаў у абласным цэнтры ўладжаная, — ані не меншае ўвасабленне нядбальства, як гэтая недагледжаная, да якой нікому, падобна, няма і не будзе ўжо ніколі справы, дарога наўзбоч Александрова.