Міні-кніжка Шарлоты Брантэ выкуплена на аўкцыёне за 600 тысяч еўра
Пасля некалькіх гадоў пошуку неверагодна рэдкай маленькай кнігі падлетка Шарлоты Брантэ Таварыства сясцёр Брантэ выкупіла яе на парыжскім аўкцыёне.

Таварыства заплаціла за яе 600 000 еўра (плюс аўкцыённыя выдаткі). Кніга мае памер усяго 35x61 міліметраў. Напісаная ў 1830 годзе, калі Шарлоце было 14 гадоў, яна з’яўляецца часткай серыі з шасці міні-кніжак, створанай аўтаркай у падлеткавым узросце. Вядома, што захаваліся толькі пяць экзэмпляраў, адна кніжка знікла ў 1930 годзе.
Кніга будзе перададзена музею Брантэ, які месціцца ў былым сямейным доме ў Хаўорце (Ёркшыр). Там ужо захоўваюцца астатнія чатыры мініяцюрныя кнігі пад назвай «Часопісы для маладых мужчын».
Неапублікаваны рукапіс складаецца з трох розных аповедаў, адзін з якіх разглядаецца як папярэднік сцэнаў у «Джэйн Эйр». Апошні раз рукапісная міні-кніжка выстаўлялася на аўкцыёне ў 2011 годзе, але тады Таварыства сясцёр Брантэ не змагло яго набыць. Таварыства асцерагалася, што рукапіс патрапіць у прыватныя рукі, але дзякуючы чатырохтыднёвай публічнай кампаніі, якая праводзілася актывісткамі Джудзі Дэнч і Жаклін Ўілсан, Таварыства атрымала больш за 85 000 фунтаў стэрлінгаў у выглядзе грамадскіх ахвяраванняў, а таксама грант ад Мемарыяльнага фонда нацыянальнай спадчыны.
«Мы былі агаломшаныя падтрымкай ад людзей з усяго свету, якія дапамаглі нашай кампаніі, і не можам дачакацца, калі кніжка будзе на месцы побач з іншымі экзэмплярамі, даступная для ўсіх», — адзначыла Кіці Райт, выканаўчая дырэктарка Таварыства сясцёр Брантэ.
Эн Дынсдэйл, куратарка праекта, сказала, што вяртанне ўнікальнага рукапісу было «галоўнай падзеяй маіх 30 гадоў працы ў музеі» і дадала: «Шарлота напісала гэты малюсенькі часопіс для цацачных салдацікаў, з якімі яна і яе браты гулялі, і калі мы праходзім праз тыя ж пакоі, што і яны, здаецца вельмі дарэчным, што рукапіс вяртаецца дадому, і мы хацелі б сказаць вялікі дзякуй усім, хто зрабіў гэта магчымым».