Арэнда пакояў Гары Потэра

На online-пляцоўцы для размяшчэння, пошуку і кароткатэрміновай арэнды прыватнага жылля па ўсім свеце — сайце Airbnb.com — з’явілася аб’ява аб здачы камфартабельных пакояў на дваіх у «фамільным доме Гары Потэра».

arenda_pakojau_hary_potera.jpg

Дом «De Vere House» размешчаны ў вёсцы Лавенхэм у графстве Суфолк (Вялікабрытанія), якое ў кінакарцінах пра хлопчыка-які-выжыў прадстаўлялі Годрыкавай лагчынай. Менавіта тут, як вынікае з кніг, і нарадзіўся знакаміты на ўвесь свет чараўнік Гары Потэр, там жа Лорд Валан-дэ-Морт забіў яго бацькоў, у Годрыкавай лагчыне жылі шматлікія персанажы з кніг брытанскай пісьменніцы Джоан Роўлінг.

Пакой у доме можна арандаваць мінімум на дзве начы, а пражыванне разам са сняданкамі абыдзецца падарожнікам 254 фунты стэрлінгаў (800 беларускіх рублёў). Абодва пакоі, якія здаюцца, маюць асобны ўваход, ложак з балдахінам, асобны ванны пакой, месца для працы на ноўтбуку, тэлевізар, Wi-Fi. Акрамя гэтага, госці могуць выходзіць у гасціную з камінам і ў сад. Англійскі сняданак падаецца ў сталовай галоўнага крыла дома.

Лавенхэм з’яўляецца найлепшай сярэднявечнай вёскай у Брытаніі, бо ў ёй выдатна захаваліся больш чым 300 ахоўных аб’ектаў гістарычнай спадчыны. Там знаходзяцца цудоўная сярэднявечная царква, некалькі рэстаранаў, мноства цікавых рамесных і антыкварных крам, кавярні, мясныя лаўкі, пякарні, тры бакалейныя крамы, спа-салон, два музеі, мастацкая галерэя, тэнісныя корты і чатыры палі для гольфа. «De Vere House» размешчаны ў самым цэнтры гэтай прыгожай і маляўнічай вёскі.

Пра сябе гаспадары пішуць: «Уладальнікі жывуць у галоўным доме і любяць распавядаць пра яго гісторыі і гісторыі нашай дзіўнай вёскі. У нас таксама ёсць улёткі, карты і даведнікі, якія госці могуць узяць напракат і паглядзець, што наведаць і дзе можна паесці».

Дарэчы, пакоі ў «доме Гары Потэра» арандаваны на ўсе даты ўжо да наступнага сакавіка.