Сын за бацьку…: мастак Сяргей Вішнеўскі

Шаўляй—Вільня—Докшыцы — назвы, якія акрэсліваюць жыццёвы і творчы шлях заходнебеларускага жывапісца і фотамастака Сяргея Антонавіча Вішнеўскага. Паміж дзвюма датамі: 1909–1992.



8edd72158ccd2a879f79cb2538568fdc.jpg

Шаўляй—Вільня—Докшыцы — назвы, якія акрэсліваюць жыццёвы і творчы шлях заходнебеларускага жывапісца і фотамастака Сяргея Антонавіча Вішнеўскага. Паміж дзвюма датамі: 1909–1992.
Прашнураваўшы млявымі, не надта люднымі восеньскімі вулачкамі Докшыц скрозь былую Барысаўскую, я збочыў на былую Полацкую і неўзабаве апынуўся ля непрэзентабельнага будыначка з шыльдай «Дом Рамёстваў». Сын Сяргея Вішнеўскага, да якога я ехаў, мастак-педагог гэтага «Дома», быў на рабочым месцы. Прадставіўся: «Алесь Вішнеўскі».
Алесь Вішнеўскі — ураўнаважаны, думны, далікатны, упарты і крыху сарамлівы мужчына, трохі вышэй сярэдняга росту, з чыстымі і тонкімі рысамі твару, у свае шэсцьдзесят выглядаў маладзей. Закончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута ў 1970 годзе. Папрацаваў у Віцебску, але паклікалі бацькоўскія мясціны. «Хацеў мець вялікую майстэрню, працаваць творча. Жыццё ж унесла свае карэктывы», — тлумачыць Алесь Сяргеевіч. Зараз ён займаецца керамікай. Лаўрэат абласной выставы народнага мастацтва «Кругазварот–1998», удзельнік і дыпламант рэспубліканскага свята «Ганчарны круг» цягам некалькіх гадоў.
«Дарэчы, — усміхаецца Алесь, — памяшканне студыі — гэта колішняя царква Св. Яна Багаслова. Была яна перанесена са старых, агульных праваслаўна-каталіцкіх могілкаў (з Даўгінаўскай). Царкву Покрыва св. Багародзіцы будавалі, а ў Св. Евангеліста і Апостала Яна Багаслова службу правілі. Памятую, як мяне малога вадзілі сюды на прычасце».
Ён паказвае фрагменты фрэсак, што захаваліся. Распавядае пра знаходку роспісаў, як ён вызваліў некалькі лікаў ад слою тынкоўкі, кажа, што роспісы ёсць і наверсе, але з-за аварыйнага стану будынка патрапіць туды немажліва, паказвае, дзе іконы віселі, дзе падсвечнікі стаялі, адкуль святар выходзіў. «Потым тут была бібліятэка, а як кабетам-супрацоўніцам на галаву пасыпалася тынкоўка, памяшканне аддалі пад мастацкую майстэрню. Праводзім тут заняткі па разьбе і кераміцы, на якія ходзіць дзятва і з Докшыцаў, і недалёкіх Барсукоў, Параф’янава, Таргуноў», — заканчвае ён караценькі экскурс.
Вільня
Адчуванне і бачанне наваколля і шырэйшага свету перадаваць фарбамі Сяргей Вішнеўскі намагаўся з маленства. Але невядома, што сталася б з гэтага, калі б работы юнака, якія ўпрыгожвалі ў 1930-я гады інтэр’ер адной з докшыцкіх гасцініц, не запрыкмецілі браты Слатвінскія, Людамір і Міраслаў. Яны і намовілі старэйшага Вішнеўскага адпусціць сына ў вялікі горад, далі юнаку пакойчык у сваім віленскім доме, фундавалі яго навучэнне.
Такім чынам, у 1934 годзе, вытрымаўшы ўступныя іспыты, Сяргей стаў студэнтам мастацкай школы імя Адама Міцкевіча.
Трапіўшы ў Вільню, местачковы маладзён Сяргей Вішнеўскі быў агаломшаны горадам-казкай. Бажніцы ўсіх канфесій, чароўная музыка шматмоўнай гаманы вялікага места, святло газавых ліхтароў, бібліятэкі, кавярні і вітрыны разнастайных крамаў, будынкі-помнікі, выставы сапраўдных твораў сапраўднага мастацтва, а галоўнае, новае кола людзей творчых і прагных на веды — усё гэта спрыяла развіццю разумовых здольнасцяў, сталенню душы і сэрца.
Ужо ў 1960-я, вандруючы разам з сынам, Сяргей Антонавіч паказваў нашчадку той двухпавярховы дамок на рагу былых вуліц Цвяточнай і А. Міцкевіча, у якім жыў і працаваў, паказваў, дзе месцілася мастацкая школа, тую крамку, у вітрыне якой, па дамоўленасці з гаспадаром, выстаўляў творы на продаж. І распавядаў, як, не ўбачыўшы работу за шклом, здагадваўся: прададзена! Атрымоўваў ганарар і адразу ж ладзіў сабе свята: купляў процьму фарбаў, грунтовак, пэндзляў і іншага мастацкага рыштунку. На сконе жыцця ён усё шкадаваў: «Як жа ж тады фарбаў не накупіўся!»
Творы
Творчы даробак мастака таго часу — 19 партрэтаў, напісаных алеем у 1934–1939 гадах, мы мелі мажлівасць упершыню пабачыць на персанальнай выставе, зладжанай у галерэі фальварка «Добрыя мыслі» ў 2005 годзе.
Работы, пісаныя мяккім, слухмяным пэндзлем, выразныя і запамінальныя. Перавага, аддадзеная партрэту, лучыць іх з гуманістычнымі традыцыямі Віленскай школы. Разнастайнасць тыпажоў: падлеткі, людзі сталага веку і старыя, жанчыны і мужчыны розных слаёў грамадства, за выключэннем хіба элітаў і ўяўных маргіналаў, відавочна сведчыць пра жыццёвую скіраванасць яго творчасці.
Пры відавочных здольнасцях і ўмельстве маладога мастака: плотнай і ўстойлівай кампазіцыі, не спрошчанай, а дарэчна абмежаванай каляровай палітры, пры ўсім вельмі своеасаблівым рэалізме, які хіба што вельмі фармальна і з вялікім дапушчэннем можна вызначыць як «тыпалагічна блізкі да твораў Сергіевіча і Сеўрука». Пры сканцэнтраванасці вобразаў і большай псіхалагічнай глыбінёй, чымсьці ў многіх, зараз вядомых нам заходнебеларускіх творцаў, ёсць у ягоных палотнах нешта такое, што калі не бянтэжыць, то насцярожвае. Пэўная адчужанасць герояў партрэтаў Вішнеўскага, замкнёных у сабе — позірк іх скіраваны скрозь гледача або ўнутр сябе.
Докшыцы
Абараніўшы дыпломную працу (карціна «Чалавек на фоне гарадскога краявіду»), Сяргей Вішнеўскі пабраўся шчаслівым шлюбам з докшыцкай дзяўчынай Антанінай, што працавала ў Вільні пакаёўкай. Яшчэ на нейкі час затрымаўся ў горадзе, які паспеў палюбіць. Але бацька Антон, які нацешыўся грамадскім варушэннем, прыдбаў шнурок зямлі (ад Параф’янаўскай дарогі да Беразіны) і паклікаў на гаспадарку.
Дух правінцыйных Докшыцаў, дзе людзі, абцяжараныя змаганнем за выжыванне, жылі бягучымі клопатамі мінаючага дня, быў далёкім ад творчасці і мастацтва. Як кажа Алесь Сяргеевіч, жыццё падпарадкоўвала, падмінала. Вадаспадам абрынуліся «навіны» на галаву жыццёва не надта спрактыкаванага мастака Сяргея Вішнеўскага.
Напрыканцы 1930-х гадоў пажар перакінуўся ад суседзяў і знішчыў іх хату. Вялікая сям’я (усе, ад дзядоў да ўнукаў, жылі пад адным дахам) мусіла адбудоўвацца наноў. Паспрабаваў сябе мастак і ў іканапісу, каб утрымліваць жонку, мець гарантаванае «заўтра», пайшоў выкладаць малюнак у школу.
Пачалася другая сусветная вайна. У мястэчку з’явіліся савецкія вызваліцелі. Разрабавалі сядзібу Слатвінскіх у Гняздзілаве. Непатрэбшчыну — маёнтак, творы мастацтва, вялізную бібліятэку — пусцілі дымам. Наіўнага пана Людаміра пад канвоем адправілі на Усход. Міраслаў, які жыў у добрай згодзе са сваімі сялянамі, мусіў ратавацца ўцёкамі. Аб’явіўся ўжо пад немцамі, але ўзімку 1943 года яго напаткала рука народных мсціўцаў — «жалезнякоўцаў». «Не любіў, а мо і пабойваўся згадваць пра тыя часіны бацька, — кажа Алесь Сяргеевіч. — Але распавядаў, як яны разам з конюхам пахавалі свайго пана Міраслава».
Мінула вайна. У Докшыцах з чатырох тысяч будынкаў ацалела трохі болей за дзве сотні, і туліліся яны, па большасці, на ўскрайках. За гады навалы тры тысячы чалавек было расстраляна ці закатавана. Наракаць у такіх варунках на адсутнасць творчай атмасферы, «адсутнасць арт-рынку», на незапатрабаванасці мастацтва не выпадала. Але разуменне гэтага не цешыла душу школьнага настаўніка малявання, пабуджанага да творчасці яшчэ ў часы міжмір’я. Душа прагна шукала выйсця.
Фотамастак
Такая навамодная прылада, як фотаапарат, была вядома і ў паваенных, і ў даваенных Докшыцах. Фотакамера была не цудам, але дзівам дзіўным. Хто-ніхто ведаў здымкі майстра з «мясцовых» Пётра Юзэфовіча, «за польскім часам» працавала тут некалькі прадпрымальнікаў з ліку местачковых. У 1950-я гады ў гарадку з’явіліся дэмабілізаваныя пераможцы. Асобныя з іх, апрача наручных гадзіннікаў ды «тэтэшнікаў», мелі ўласныя трафейныя фотаапараты.
Яшчэ падчас навучэння ў Вільні Вішнеўскі зацікавіўся і захапіўся «магічнай справай» фатаграфавання. Займаўся ў гуртку славутага майстра — Я. Булгака з Наваградчыны. Можна сцвярджаць, што першыя фотаздымкі Вішнеўскага — рэха даваеннага жыцця.
Выспу цудаў — прафесійную фотастудыю ў Докшыцах, са шкляным дахам для натуральнага асвятлення, сафітамі, разнастайнымі бутафорскімі рэчамі і антуражнымі дэталямі і інсталяцыямі, жывапіснымі заднікамі, іншым адмысловым рэквізітам, ён зрабіў напрыканцы 1940-х гадоў. Праіснавала яна да таго часу, як у гарадку распачалося энергічнае будаўніцтва. Было гэта ў другой палове 1960-х. На месцы фотамайстэрні зараз стаіць будынак райвыканкаму. Майстар жа мусіў прыстасаваць пад майстэрню ўласную хату.
Сумленна-пільнае стаўленне да працы, памножанае на патэнцыял мастака-партрэціста спрыялі нараджэнню фоташэдэўраў. Самыя значныя імгненні чалавечага быцця, ад нараджэння да кладаў, увекапомненыя выразна і кампазіцыйна нязмушана.
Партрэт невядомага
У пакойчыку, дзе фактычна месціцца галерэя твораў Сяргея Вішнеўскага, з агульнага шматгалосся вобразаў і чалавечых лёсаў вылучаецца пагрудны франтальны партрэт зграбнага, досыць валявога юнака з дапытлівым позіркам (не толькі рукі, але і вочы мог мастак пісаць!) блакітна-шараватай сарочцы паўспартовага крою з уладарна скрыжаванымі рукамі на нейтральным, каларыстычна складаным фоне. Адзін з нешматлікіх партрэтаў майстра, з якіх мадэль жорстка і бескампрамісна літаральна ўпіваецца сваім позіркам у гледача.
«Далёкая суродзічка з Польшчы, — распавядае Алесь Сяргеевіч, — пані Раіса (прафесар беларусістыкі Кракаўскага універсітэта), пазнала яго. Юнак гэты — сын памешчыка з-пад Дзісны (маёнтак Дарожкавічы) Капылова. Таго, што пасля канфіскацыяў 1863–1864 гадоў уладарыў у маёнтку братоў Кастравіцкіх: Караля — бацькі Каруся Каганца, Адама і Апалінара — бацькі паэта Гіёма Апалінэра».
Жывапісныя творы Сяргея Антонавіча зберагае сын Алесь. Партрэты 1930-х гадоў вярэдзілі мастацкасць яго душы і вызначылі яго асабісты выбар. Сын Алеся Сяргеевіча таксама мае мастацкую адукацыю, але свой уласны выбар зрабіў на карысць больш прагматычнага часу.