Стагоддзе айчыннага танка (фота)
Мінула роўна 100 год з таго часу, як Максім Багдановіч напісаў першы верш у стылі танка па-беларуску. А ўчора ягоная паэзія загучала на японскай мове, для якой гэты стыль вершаскладання з’яўляецца натуральным. Дзея адбылася ў Багдановічаўскім музеі.
“Даследчыкі налічылі ў Максіма Багдановіча чатыры танка”, — паведаміла вядоўца імпрэзы Таццяна Барадуля пасля вітальнага слова. І прапанавала паслухаць іх з
паслядоўным перакладам на мову краіны сакуры.
Пераклады зачытала іх аўтарка, кіраўнік інфацэнтра японскай культуры ў Мінску Масака Тацумі. Незвычана і адначасова захапляльна было чуць беларускі верш на мове такой далёкай краіны. Слухаеш
пераклад і чуеш у сістэме гукаў японскага маўлення беларускі складнік.
На вечарыну арганізатары запрасілі выбітных выступоўцаў. Адзін з іх — класік літаратуры Алесь Разанаў. На яго думку, кожная мова мае ўласцівыя ёй формы вершаскладання,
якія арганічна перанесці ў іншую мову ніколі не атрымаецца. “Я не пішу ні танка, ні хоку, — сказаў паэт. — Бо для мяне не так важна выявіць дух іншай літаратуры ў
беларускай, чым быў захоплены Максім Багдановіч. Я адчуваю патрэбу паказаць наш дух і таму абраў формай сваёй творчасці пункціры і акапункціры. Прынцып пункціраў, — працягнуў Алесь Разанаў
перад тым, як пачаць чытаць свае вершы, — схопліваць уражанне і пераносіць яго на паперу. Калі нехта ці нешта ў будзёным жыцці зверне на сябе вашу ўвагу —атрымаецца пункцір.
А вось акапунцкірам можна назваць вершаваны твор, які трымаецца на суадносінах і паразуменні сэнсу і гуку”. Варта адзначыць, што пункціры і акапунцкіры — вынаходніцтва
самога Алеся Разанава.
Наступны чытальнік сваіх вершаў Арцём Кавалеўскі таксама выказаў меркаванні наконт беларускіх танка. “Вытанчанасць, эстэтызм, адмысловыя гульні — вось што
характэрна для японскага стыля вершаскадання, — сказаў ён. — Мы не можам стварыць класічнага японскага верша, які б быў вышэйшы за Эверэст”.
Паэтэса Людміла Хейдарава распавяла цікавую гісторыю. Калі выйшаў яе першы зборнік вершаў, сябры прачыталі яго і вырашылі падарыць маладой аўтарцы кнігу японскай паэзіі.
“Вось гэта — сапраўдныя вершы, — сказалі яны ёй. — Так ты і павінна пісаць”.
Таксама на імпрэзе свае творы, напісаныя ў японскім стылі, зачыталі Міхаіл Бараноўскі і Канстанцін Касяк.