Студзеньскі “Верасень”
7 студзеня 2010 года ў дольнай зале Чырвонага касцёла святых Сымона і Алены прайшла прэзентацыя першага нумара літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень». Падзея неардынарная: не часта ў нашай краіне нараджаюцца новыя недзяржаўныя поўнафарматныя выданні. (Гурт “Пліса Кастуся Герашчанкі)
7 студзеня 2010 года ў дольнай зале Чырвонага касцёла святых Сымона і Алены прайшла прэзентацыя першага нумара літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень». Падзея неардынарная: не часта ў нашай краіне нараджаюцца новыя недзяржаўныя поўнафарматныя выданні.
(Гурт “Пліса Кастуся Герашчанкі)
Старонкі часопіса, на якіх адзначыліся каля трох дзесяткаў маладых і не вельмі аўтараў, як і настрой у зале падчас прэзентацыі, сведчаць: прафесійных майстроў слова ў краіне хапае. Нестае падтрымкі
дзяржавы свядомай культурнай палітыкі, таму ініцыятыву даводзіцца браць ва ўласныя рукі літаратарам, філолагам, мастакам.
Так адбылося і з «Вераснем». Сваю энергію ў юрыдычнае афармленне ініцыятывы ўклала Кацярына Маркоўская, зарэгістраваўшы часопіс і выдавецтва, знайшлася арганізацыя, якая дала грошы
на першы выпуск (на старонках часопіса выказваецца падзяка за падтрымку Алесю Усеню), знайшоўся, нарэшце рэдактар — Эдуард Акулін, які ў кароткі час сабраў годныя тэксты для першага
выпуску.
Эдуард Акулін
Эдуард Акулін і вёў прэзентацыю, распачатую і суправаджаную каляднымі мелодыямі ў выкананні народнага гурта «Пліса» Кастуся Герашчанкі.
Эдуард Акулін, ведучы імпрэзу, выказаў спадзяванні на шчаслівы лёс выдання: «Прэзентацыя часопіса адбываецца ў гэтых намоленых сценах, дзе цесна з-за колькасці людзей, але вольна нашым
беларускім душам. У наступны раз, можа, у пятую гадавіну «Верасня», мы сустрэнемся ў Палацы рэспублікі…»
Але і першыя крокі «Верасня» суправаджаліся добрымі і пазітыўнымі пажаданнямі з боку старэйшынаў беларускага пісьменства. Зачытанае Акуліным, са сцэны прагучала прывітанне Ніла
Гілевіча: «Падзея, якая сабрала нас, — гэта сапраўднае свята, свята беларускай літаратуры і нашага роднага слова. А свята ў гонар нованароджанага вырастае з пачуцця высокага і
прыгожага, вырастае з вялікай любові тых, хто да нараджэння спрычыніўся, і яно чакаецца з радасным хваляваннем… Веру, што да вашага свята будуць далучацца новыя і новыя пакаленні
творцаў…»
Алена Анісім і Алег Трусаў
А вось радкі паэтычнага вітання Рыгора Барадуліна: «Даваць парады маладым — / Занятак смеху варты. / Лепш пажадаць / Упартым ім / Піць неба з поўнай кварты. / Умець патрэбна маладым
/ Наставіць чорту рогі: / Хай пан Інтым, / Хай пан Экстрым / Не ведаюць знямогі!»
Як робіцца зразумелым, часопіс, у адрозненне ад свайго старэйшага літаратурнага брата «Дзеяслова», плануе даваць слова пераважна маладым творцам. Таму Эдуарду Акуліну на самым
пачатку давялося даць тлумачэнне — чаму ж выданне носіць быццам восеньскую назву «Верасень», прыдуманую, дарэчы, адным з заснавальнікаў, Станіславам Суднікам? Адказ
нескладаны: апрача сэнсавай нагрузкі, якая падкрэслівае аўтарскую спеласць прапанаванага чытання, яго выдаўцы вылучаюць у назве свайго літаратурнага дзіцяці першую частку —
«вера». «Вера ў залацісты, ясны дзень беларускай літаратуры, якую прадстаўляюць маладыя… І ў нашу родную Беларусь… Слова было — напачатку, і
будзе — пасля нас. Усё знікне, але слова беларускае слова застанецца». Вера будзе весці новы часопіс па шляху, на якім ён мусіць замяніць іншыя літаратурныя выданні для моладзі, што
апошнім часам сышлі з выдавецкага рынку, — «Першацвет» і «Бярозку».
Леанід Дайнека
Хросным бацькам новага часопіса яго галоўны рэдактар назваў старшыню ТБМ Алега Трусава. Галоўнай задачай, якая бачыцца, — падкрэсліў спадар Алег, — ёсць задача пераходу ад
паўгадовай да паквартальнай перыядычнасці.
З віншаваннямі да гасцей на вечарыне звярнуліся вядомыя майстры беларускай культуры: Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Панізнік, Леанід Дайнека, Барыс Пятровіч, Рыгор Сітніца. Іх радкі
можна сустрэць на старонках часопіса, але заканамерна таксама, што на сцэну выходзіла багата маладых аўтараў.
Вершы чыталі Настасся Кудасава, Віталь Рыжкоў, Воля Чайкоўская, спявала Таццяна Беланогая, а самыя шчырыя авацыі атрымалі літаратурныя дэбютанты — юныя паэткі з клубу
«Спадчына» вёскі Дварэц Дзятлаўскага раёну, першым паэтычным спробам якіх у часопісе прысвечаны раздзел «Верасок».
Юныя паэткі з клубу «Спадчына» вёскі Дварэц Дзятлаўскага раёну
Апошні раздзел якраз надае часопісу своеасаблівае гучанне, дапаўняючы структуру сур’ёзнага выдання, дзе ёсць месца і паэзіі, і прозе, і драматургіі, і крытычным эсэ разам з публіцыстыкай,
гарэзлівай дзіцячай ноткай. Асобная, гэтым разам невялікая секцыя, — пераклады, дзе прапануюцца пераклад Эдуарда Акуліна вершаў балгарскай паэткі Элкі Няголавай, і Аксаны Данільчык
— дзвюх казак і апавядання Джані Радары. А яшчэ ёсць музычная крытыка, прадстаўленая Анатолем Мяльгуем, агляд паэтычных дэбютаў “Дзеяслова–2009 Юнэлі Сальнікавай,
успамін пра Анатоля Сыса і нізка ягоных вершаў, якія задаюць паэтычную планку выдання.
І, нарэшце, анкета “Верасня, своеасаблівае credo часопіса і падвядзенне літаратурных вынікаў папярэдняга года. Найбольш часта называная ў ёй кніга — зборнік прозы
Уладзіміра Някляева “Цэнтр Еўропы. Сярод найчасцей узгаданых прозвішчаў — Бураўкін, Гілевіч, Дранько-Майсюк, Разанаў, Казько, Брыль, Федарэнка, свае культурныя героі
— Пятровіч, Акулін, Сітніца.
Чытайце першы нумар “Верасня!