Сварка з-за дранікаў. З'есці дранік — знішчыць каштоўнасць

Ці можна лічыць стравы з таркаванай бульбы нацыянальнай каштоўнасцяю іды ганарыцца імі?

Фота з сайта www.patee.ru

Фота з сайта www.patee.ru

Прэс-служба Міністэрства культуры паведаміла, што галоўная беларуская традыцыйная страва — дранікі — неўзабаве атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. І гэтая навіна выклікала неадназначную рэакцыю сярод людзей з культурніцкага асяродку.

Афіцыйна

Пытанне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыям прыгатавання і ўжывання страў з таркаванай бульбы — дранікаў, бульбяных бліноў, бабкі — разглядзелі на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Чальцы рады адзінагалосна прагаласавалі «за».

У Мінкульце адзначаюць, што, перш чым вынесці пытанне на абмеркаванне рады, арганізавалі даследаванне і пераканаліся, што традыцыя прыгатавання страў з таркаванай бульбы распаўсюджана па ўсёй Беларусі — было зафіксавана 235 народных рэцэптаў.

«Рашэнне аб уключэнні такіх страў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў будзе прынята найбліжэйшым часам», — паабяцалі ў Міністэрстве культуры.

З’есці дранік — знішчыць каштоўнасць?

Як толькі навіна абляцела СМІ, загучалі іранічныя галасы.

Старшыня ліквідаванага Беларускага камітэта ICOMOS Сцяпан Стурэйка напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: «Прабачце, людцы, не магу спыніцца рагатаць: Рада Мінкульта 13.05.2022 прыняла рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу «Стравы з таркаванай бульбы (дранікі, бульбяныя бліны, бабкі і інш.) — традыцыі прыгатавання і спажывання». Такі заканамерны фінал навуковай кар’еры аднаго генія беларускай этнаграфіі. Хаця… цяпер наўпросты шлях у акадэмікі!»

Падобную думку агучыў і Антон Астаповіч, які шмат гадоў узначальваў Таварыства аховы помнікаў. «Навукова-метадычная рада пры Мінкульце надала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі гатавання і спажывання страў з таркаванай бульбы — гэта дранікі, бабка і г.д. Цікава, зараз, калі я парушу гэтыя традыцыі, да мяне адміністрацыйная прыляціць? А можа, паяданне гэтых страў будзе кваліфікавацца як знішчэнне каштоўнасці? А ўвогуле, чаму яшчэ не надалі статус традыцыі спажывання чаркі ды скваркі?» — напісаў Астаповіч.

І патлумачыў сваю пазіцыю: «Нават з пункту гледжання храналогіі бульба ў традыцыйную, у нашым выпадку сялянскую, кухню ўвайшла даволі позна, у другой палове — напрыканцы XIX стагоддзя. А стравы з таркаванай бульбы — гэта ўвогуле запазычанне. Германская традыцыя, якая прыйшла ў Беларусь праз яўрэяў-ашкеназаў, а мы, беларусы, у іх запазычылі. Ну і фармулёўка самой каштоўнасці «касячная» — традыцыі гатавання і спажывання. Я разумею, калі ў дачыненні да кухні, да страў, ужываць такі тэрмін, як «з’ява». А тут выпендрыцца рашылі».

«Не бачу падстаў, каб ганьбіць»

На іншым баку ў дыскусію ўключылася заснавальніца фонду «Культурная спадчына і сучаснасць» Ала Сташкевіч:

— Найперш, ці з’яўляецца факт надання стравам з таркаванай бульбы статусу нематэрыяльнай культурнай спадчыны вульгарызацыяй палажэнняў Канвенцыі ЮНЕСКА 2003 года? Вы будзеце здзіўлены, паважаныя Сцяпан Стурэйка, Антон Астаповіч і іншыя, але не, не з’яўляецца. У артыкуле 2 Канвенцыі даецца падрабязнае вызначэнне нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС), дзе, у прыватнасці, адзначаецца, што гэта звычаі, формы выказвання і ўяўлення, а таксама веды і навыкі, якія перадаюцца ад пакалення да пакалення і прызнаюцца іх носьбітамі (а менавіта — датычнымі да іх супольнасцямі, групамі і асобнымі людзьмі) маркерамі сваёй ідэнтычнасці.

Беларускія традыцыі гатавання і ўжывання страў з таркаванай бульбы адносяцца да традыцыйных ведаў і практык, звязаных з кулінарыяй. Што з імі не так? Чаму мы не можам аднесці іх да сваіх нацыянальных каштоўнасцяў і ганарыцца імі, як, да прыкладу, Арменія ды яшчэ шэраг каўказскіх краін ганарацца сваім хлебам — лавашом, а французы — традыцыямі прыгатавання багета, Італія — мастацтвам неапалітанскіх піцыёла і традыцыяй прыгатавання ды ўжывання кавы, ці Кітай — чайнай традыцыяй.

Вось Антон Астаповіч піша, што стравы з таркаванай бульбы — гэта ўвогуле запазычанне.

Кухня — гэта, я вам скажу, увогуле гісторыя запазычанняў. А калі гэта адбылося, з пункту гледжання Канвенцыі 2003 года, — зусім не мае значэння. Галоўнае — прызнае ці не прызнае гэту з’яву сваёй пэўная супольнасць. Але ці ёсць такая супольнасць у дачыненні да практык з таркаванай бульбай? — пытанне, якое задае шэраг удзельнікаў дыскусіі, укладваючы ў паняцце «супольнасць» той самы сэнс, што і ў паняцце «грамада» (абшчына).

Тым не менш ЮНЕСКА зусім па-іншаму фармулюе гэты тэрмін. Паняцце «супольнасць» у сучасным сэнсе хутчэй паказвае на сацыяльную згуртаванасць, узаемадзеянне, прыналежнасць, блізкасць інтарэсаў. Супольнасці могуць быць звязаны разнастайным сацыяльным і культурным вопытам, сегментаваныя па розных крытэрыях — аб’ектыўных (этнічная прыналежнасць, мова, месцазнаходжанне, сацыяльныя сувязі) або суб’ектыўных (самаідэнтыфікацыя, салідарнасць). Удзел супольнасці ў ахове сваёй нематэрыяльнай культурнай спадчыны — гэта мабілізацыя яго членаў вакол спадчыны і здольнасць узяць адказнасць за яе.

Аднак сучасныя супольнасці па сваёй прыродзе неаднародныя. У кожнай супольнасці прысутнічаюць розныя сацыяльныя пласты і сувязі. У супольнасці таксама існуюць прамыя носьбіты і практыкі, тыя, хто іх захоўвае і ўвесь час практыкуе, але ёсць і тыя, хто не з’яўляецца актыўнымі практыкамі, але з энтузіязмам падтрымлівае іх і з’яўляецца прапагандыстамі спадчыны.

Мы можам вылучыць лакальныя вясковыя супольнасці, якія блізкія да гістарычнага вызначэння гэтага паняцця, а можам гаварыць аб аб’яднаннях рамеснікаў ці ў нацыянальным маштабе. Вось гэты маштаб, ці межы ўплыву гэтага маркера ідэнтычнасці ў дачыненні да НКС, таксама розныя: у рамках адной лакацыі ці нават нацыі і ў міжнацыянальным вымярэнні (мультынацыянальныя каштоўнасці).

Цяпер пра саму каштоўнасць з’явы — традыцыі прыгатавання і ўжывання таркаванай бульбы беларусамі. Прадстаўленая намінацыя (а яна ахоплівае ўсе рэгіёны Беларусі) адлюстроўвае менавіта каштоўнасныя характарыстыкі элемента спадчыны, ці тое, што называецца «прадметам аховы», а менавіта: лакальныя асаблівасці рэцэптуры гэтай стравы, анаматалагічныя аспекты, семантыку, адлюстраваную ў мясцовым фальклоры, традыцыі ўжывання і г.д.

Не бачу падстаў, каб ганьбіць ініцыятыву мноства людзей і тым больш прафесійную экспертную ацэнку таго ж Т.А.Навагродскага і іншых надаць такой цікавай беларускай з’яве, як стравы з таркаванай бульбы, статус нацыянальнай нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Мы ўсе гэту кулінарную традыцыю практыкуем, любім, ужываем з дзяцінства, чаму тады сумненні?

Ізноў жа, Антон Астаповіч, не трэба параўноўваць НКС з матэрыяльнай спадчынай. Гэта розныя рэчы. Нематэрыяльная культурная спадчына пастаянна змяняецца, эвалюцыянуе, яна не паддаецца кансервацыі, а ўстойлівае развіццё для яе з’яўляецца асноўным фактарам захавання.

«Бляклая» страва?

А вось што расказваў пра дранікі вядомы даследчык і гісторык беларускай кухні Алесь Белы.

— Савецкі гісторык кухні Пахлёбкін казаў, што беларуская кухня сфарміравалася недзе ў ХІХ стагоддзі. Выходзіць, што наша кухня вельмі маладая…

— Папраўдзе, акрэсліваць беларускую кухню пачалі значна пазней — у 50—60-я гады ХХ стагоддзя. Аж да таго часу не існавала ніякіх канцэпцый беларускай кухні дый самога паняцця «беларуская кухня». Але ж некаторыя стравы, што ўваходзяць цяпер у канон беларускай кухні, значна старэйшыя за гэтыя перыяды. Некаторым стравам ужо некалькі соцень гадоў і нават болей. Але даследаванне гэтага аспекту культуры ў савецкай Беларусі не надта віталася, бо культываванне кулінарных традыцый — гэта выразная «буржуазная» з’ява. Фактычна, толькі пасля смерці Сталіна ў саюзных рэспубліках пачалі выдаваць кулінарныя кнігі. Адпаведна, і размаўляць пра беларускую кухню пачалі адносна нядаўна, як ні дзіўна. Аднак ужо ў ХІХ стагоддзі існавалі кулінарныя кнігі на польскай мове Крыстыны Завадскай, Ганны Цюндзявіцкай — гэта той корпус, што агульны для беларусаў, палякаў і літоўцаў. Пытанне, наколькі сучасная кулінарная культура засвойвае гэты пласт кухні ХІХ ст. — шляхецкай, мяшчанскай дый ранейшыя.

 Можа, раскажаце штосьці цікавае пра беларускія дранікі?

— Дранікі мне падаюцца наогул вельмі бляклай стравай. Тая ж верашчака выклікае шмат разнастайных асацыяцый: гэта і спрэчкі пра паходжанне верашчакі, гэта і напаўміфічны кухмістар Верашчака, і аманімічнае прозвішча Марылі Верашчакі, сувязь гэтай стравы з французскай каралеўскай кулінарыяй. А цікавых гістарычных фактаў ці міфаў, звязаных з дранікамі, я бадай што не прыгадаю. Гэтая страва вельмі распаўсюджаная: і ў ашкеназійскіх яўрэяў, і ў літоўцаў, і ў немцаў, у палякаў… У нарвежцаў гэта адна з асноўных страў. Калі пашукаць агульнаеўрапейскую міфалогію дранікаў — можа, штосьці цікавае і знайшлося б. Але, шукаючы ўніверсальную гісторыю дранікаў, не варта абмяжоўвацца выключна беларускім матэрыялам.

Не толькі пра дранікі

Ці паўплываюць вынікі дыскусіі на канчатковае рашэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, пабачым бліжэйшым часам. Але галоўная выснова з дыскусіі выйшла далёка за тэму дранікаў.

«Справа ў нашай вечнай беларускай няўпэўненасці, а ці ёсць у нас увогуле свае культурныя правы», — падсумавала Ала Сташкевіч.

А святар з Мінска Яўген Грамыка дадаў: «Танец «Сіртакі» быў прыдуманы ў 1964 годзе для фільма «Грэк Зорба». Калі па ўсім свеце яго ўспрынялі як «традыцыйны грэчаскі танец», то грэкі не сталі супярэчыць, а падхапілі гэтую хвалю, і цяпер яны самі кажуць, што сіртакі — самы вядомы, самы традыцыйны грэчаскі танец!

Любая традыцыя была калісьці новай, а потым прыжылася.

Можа, беларусы калісьці і не ведалі, што такое бульба, але зараз гэта наша нацыянальная ежа. І няма сэнсу ў гэтым сумнявацца!»

 “Народная Воля”, budzma.org