Сьвятар, палітвязень, стваральнік падпольнай сэмінарыі
Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі стварыў умовы для адраджэньня структураў каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, хаця амаль не ўбачыў іх на свае вочы. Сёньня дзень памяці сьвятара, які памёр у 1991 годзе. Яго драматычны і натхняльны лёс зьяўляецца яскравым прыкладам Божага слугі.
Шлях да сьвятарства
«Жыцьцё Вацлава і адначасова — крок за крокам — набліжэньне да сьмерці пачалося на Беласточчыне 21 красавіка 1902 года. У яго бацькоў — Міхала і Ганны — было пяцёра дзяцей. Атмасфэра ў доме будучага сьвятара стварала спрыяльны грунт для плённай веры, патрыятызму і сьвятарскага пакліканьня. У гэтым доме квітнелі карані пабожнасьці, узорнай сумленнасьці, адказнасьці, любові да Касьцёла і Айчыны», — так казаў біскуп Антоні Дзям’янка, адзін з навучэнцаў падпольнай сэмінарыі, арганізаванай ксяндзом Пянткоўскім у часы камунізму.
Пасьля сканчэньня школы Вацлаў вырашыў стаць сьвятаром і паступіў у пінскую сэмінарыю. Затым, у міжваенны перыяд, навучаўся ў Рыме.
Біскуп Антоні Дзям’янка распавядае пра свайго настаўніка:
«Ксёндз прэлат распавядаў пра сустрэчу з біскупам Зыгмунтам Лазінскім. Ерарх прыняў яго на навучаньне ў Пінск, а праз год скіраваў у Рым, дзе той стаў доктарам тэалёгіі. Перад апошнім годам навучаньня Вацлаў Пянткоўскі прыбыў у Пінск і папрасіў біскупа Лазінскага, каб яму ўдзялілі пасьвячэньне. У сваёй матывацыі ён напісаў: “Хачу падчас навучаньня ў Рыме на магілах апосталаў і мучанікаў, у катакомбах цэлебраваць сьвятую Імшу”».
Пасьля вяртаньня ў Беларусь ксёндз Вацлаў быў капеланам у Пінску, і таксама адказваў за фармацыю будучых сьвятароў у духоўнай сэмінарыі. Потым ксёндз Вацлаў Пянткоўскі быў прызначаны прэфектам Наваградзкай гімназіі імя Адама Міцкевіча, а пасьля вайны стаў у Мядзьведзічах, што ля Ляхавічаў. Адначасова з гэтым ён выконваў абавязкі Генэральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі.
Палітвязень
Сярод шматлікіх абмежаваньняў рэлігійнага жыцьця, якія ўводзіла савецкае права, была i забарона існаваньня дзейнасьці манаскіх ордэнаў, мужчынскіх i жаночых. Некаторыя з гэтых аб'яднаньняў выехалі ў Польшчу. Іншыя, аднолькава i манашкі, i манахі, вырашылі застацца ды працаваць у новых умовах. Яны ахапілі парафіі, што пакінулі былыя служкі. Вядомыя выпадкі такой працы сярод босых кармэлітаў, францішканцаў, езуітаў, салезіянаў, аблятаў, марыянаў, піяраў, місыянэраў. Большасьць тых сьвятароў прыехала зь вялікіх гарадоў, найперш зь Вільні. Манашкі захавалі свае аб'яднаньні толькі ў такіх гарадах, як Гародня або Пінск, дапамагалі таксама ксяндзам у кіраваньні парафіямі, як узгадвае Адам Глябовіч.
У гэты перыяд адбыліся зьмены на пасадах генэральных вікарыяў. Замест ксяндза Васілеўскага, які быў арыштаваны, сасланы, а затым памёр, у Пінскай дыяцэзіі, што існавала на тэрыторыі СССР, стаў ксёндз Ян Барысюк, а калі i апошняга арыштавалі i саслалі, тады гэтую пасаду ў 1947 годзе заняў ксёндз Вацлаў Пянткоўскі, сьвятар у Берасьці, а з лютага 1948 года ў Мядзьведзічы.
У 1950 годзе ксёндз Вацлаў Пянткоўскі быў арыштаваны чырвонымі камісарамі, а потым сасланы ў казахскія стэпы. Сьвятара абвінавацілі ў тым, што ён заклікаў сялянаў не ўступаць у калгас, а таксама назвалі «агентам Ватыкана».
Сваімі ўспамінамі пра арышт і жыцьцё ў лягеры ксёндз Вацлаў потым падзяліўся з навучэнцамі падпольнай сэмінарыі.
«Калі набліжаўся дзень арышту, ён гэта прадчуваў, бо суседнія сьвятары былі ўжо арыштаваныя. Але асабліва да гэтага не рыхтаваўся», — распавёў адзін з вучняў падпольнай сэмінарыі, сёньняшні біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Ксёндз Пянткоўскі распавядаў сэмінарысту, што аднойчы вечарам каля адзінаццаці гадзінаў хтосьці пагрукаў у дзьверы яго плябаніі.
«Ксёндз Вацлаў, лежачы на ложку, запытаўся: “Хто?” Адказ быў, што гэта старшыня сельскага савета. Тады ён запытаўся: “А чаго вы хочаце?” “Мы хочам з вамі паразмаўляць”, — данёсься голас з-за дзьвярэй. Сьвятар адказаў: “Калі ласка, я запрашаю вас удзень”. Галасы за дзьвярыма адазваліся: “Не, мы хочам цяпер”. Ксёндз адказаў: “Цяпер не змагу”. — “А чаму?” —
“Бо добрыя людзі прыходзяць удзень, а вечарам толькі злодзеі і рабаўнікі”.
І тады з-за дзьвярэй пачуўся голас: “Калі вы не адчыніце дзьверы, то мы будзем вымушаныя іх выламаць”. На гэта сьвятар адказаў: “Ну што ж, калі хочаце ламаць, ламайце”. І сапраўды, узламалі дзьверы, пасьвяцілі ліхтарыкам сьвятару ў вочы (а ксёндз у гэты час не падымаўся з ложка) і запыталіся: "Як прозьвішча?". Ксёндз адказаў: “Не будзьце артыстамі, вы ведаеце добра, як маё прозьвішча”», — працягнуў расповед біскуп Антоні Дзям'янка.
«Затым яму сказалі: "Уставайце, вы затрыманы". Ксёндз устаў, а адзін з “гасьцей” падняў падушку і, паклікаўшы другога, кажа: паглядзіце, у яго пад падушкай быў пісталет. На гэта ксёндз прэлат адказаў:
“Сам паклаў пісталет пад падушку, сам яго і забірай. І не рабі з сябе артыста”»,
— працягнуў аповед біскуп Антоні.
Марыя Канцылярчык зь Мядзьведзічаў узгадвае, што пра арышт сьвятара даведалася ў школе. «Як нам сказалі, мы ўсе сядзелі і плакалі на ўроках», — падзялілася жанчына.
Ксёндз Вацлаў быў зьмешчаны ў менскую вязьніцу. Там ён прабыў каля трох месяцаў. Паводле ўспамінаў, яго трымалі ў вузкім пакоі, прыкладна мэтар на мэтар. Сьвятар распавядаў, што сьцены былі сырыя, а «ўнізе цяклі сьмярдзючыя каналізацыйныя стокі». Такая ж вільгаць цякла па сьценах «камэры».
«На ноч давалі табурэт. Рэгулярна праз некалькі хвілінаў адмыкалася акенца і вартаўнік крычаў: “Не дремать!”. І так цэлую ноч. На дзень забіралі табурэт, і трэба было ад рана да вечара стаяць.
Былі пастаянныя допыты, каб ён прызнаўся, што зьяўляецца шпіёнам Ватыкана»,
— дзеліцца расповедам сьвятара біскуп Антоні Дзям’янка.
Такія катаваньні працягваліся 18 дзён. Потым ксёндз Вацлаў страціў прытомнасьць, а калі ачуняў, то ўбачыў над сабой лекара зь вязьніцы.
Ксянзду Пянткоўскаму прысудзілі 10 гадоў турмы. Пакараньне ён адбываў у Казахстане, у статлягу №4.
«Аб працы шмат не казаў, але распавядаў, што быў зьмешчаны ў лягер для інвалідаў. У навакольных вёсках жылі таксама каталікі, але немцы. І ён вечарам падманваў лягернае кіраўніцтва, бо рабіў на ложку ляльку, а сам сыходзіў, каб цэлебраваць сьвятую Імшу для вернікаў, спавядаць і катэхізаваць», — распавёў біскуп Антоні Дзям’янка.
Таемная сэмінарыя
У лягеры ксёндз прабыў 6 гадоў, а падчас «хрушчоўскай адлігі» вярнуўся ў мядзьведзіцкую парафію.
1970 годзе ў Беларусі сярэдні ўзрост ксяндзоў, што засталіся дасягнуў 63,4 гадоў. У СССР пасьля Другой сусьветнай вайны камуністычны рэжым дазволіў функцыянаваць толькі дзьвюм духоўным сэмінарыям, у Коўне i Рызе. У 60-х гадах ксяндзы, якія працавалі ў Беларусі, разумеючы, што пры такой дзяржаўнай палітыцы ў дачыненьні да каталіцкага Касьцёла ён можа загінуць, нават без адкрытых забаронаў, пачалі патаемна арганізоўваць вакол сябе моладзь.
Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі падрыхтаваў у сьвятарстве 10 клерыкаў.
Як узгадвае Адам Глябовіч, малы пакой ксяндза Пянткоўскага пераабсталявалі ў аўдыторыю, а ягоны пісьмовы стол стаў прафэсарскай катэдрай. Маладыя мужчыны, якія вучыліся або працавалі, адчуваючы ў сабе пакліканьне, прыязджалі сюды ў вольныя суботы, нядзелі, на вакацыях i падчас адпачынкаў.
Уначы слухалі лекцыі, раніцай ішлі ў касьцёл i бралі ўдзел у сьвятой імшы. Пані Зофія, якая апекавалася ксяндзом, запарвала гарбату, пякла бліны, гатавала баршчы i крупнікі, бо гэтых канспірацыйных студэнтаў тэалёгіі трэба было i накарміць, i напаіць.
Так да духоўнага стану пад кіраўніцтвам ксяндза Вацлава падышлі дзесяць будучых сьвятароў. Па наяўных i пазычаных кнігах, выкарыстоўваючы ўласныя веды, ён выкладаў гісторыю Касьцёла, тэалёгію, кананічнае права, літургію i этыку, філязофію i ўсе тыя прадметы, якія звычайна вывучаюцца ў духоўнай сэмінарыі. Вучыў таксама іграць, карыстаючыся старой фісгармоніяй, што стаяла ў куце пакоя.
Пасьля зьязджаліся запрошаныя ксяндзы i экзаменавалі слухачоў. У розных парафіях яны праходзілі нешта накшталт практыкі. Павінна было адбыцца шмат вандровак, каб давесьці да пасьвячэньня гэткім чынам падрыхтаваных да душпастырскай працы ксяндзоў. Патрабавалася дакумэнтальна пацьвердзіць, што кандыдат на духоўны стан быў ахрышчаны, бежмаваны i што прайшоў курс адукацыі.
Іншым разам даводзілася прасіць у адпаведнага ўпаўнаважанага менскіх уладаў дазволу на працяг навучаньня ў духоўнай сэмінарыі ў Рызе і, нарэшце, — на атрыманьне парафіі.
Менавіта ў гэтай таемнай сэмінарыі навучаліся сёньняшнія беларускія біскупы Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец.
«Мая першая сустрэча з Вацлавам Пянткоўскім адбылася ў жніўні 1967 года. У гэты час я скончыў сярэднюю школу і падаў дакумэнты на паступленьне ў Рыжскую духоўную сэмінарыю. На жаль, мяне там не прынялі, сьвецкія ўлады з Беларусі на гэта не далі дазвол, і сэмінарыя не мела права такіх кандыдатаў прыняць. Тады пробашч сказаў, што ёсьць яшчэ адзін шлях, і прывёз мяне ў Мядзьведзічы ў пачатку жніўня», — дзеліцца ўспамінамі біскуп Антоні Дзям’янка.
«Пянткоўскі быў вялікім аскетам, шмат маліўся. Для мяне ён зьяўляецца вялікім прыкладам сьвятасьці», — заўважае дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.
«Мне вельмі запомнілася, калі пасьля сьвятой Імшы мы з ксяндзом Вацлавам прыйшлі ў сакрыстыю і я дапамагаў яму здымаць арнат. Ён глядзеў як бы ў неба і са смуткам казаў: “Ай-яй, што ж гэта будзе? Паміраюць ксяндзы, няма другіх. Парафіі пустыя застаюцца. Што ж гэта будзе?” А потым хвіліна цішыні, і з вялікай упэўненасьцю, што я запомніў гэта на ўсё жыцьцё, ён сказаў: “Прыедуць ксяндзы з Польшчы". Тады, ён быццам прадбачыў тое, што сапраўды адбылося», — дадае біскуп Казімір Велікаселец.
Апошнія гады свайго жыцьця ксёндз Вацлаў Пянткоўскі працягваў актыўную дзейнасьць. З 1980 па 1984 гады служыў таксама ў парафіі ў Новай Мышы. Быў адміністратарам Пінскай дыяцэзіі і патаемна арганізоўваў для сьвятароў штомесячныя дні духоўных разважаньняў. Вёў шырокую рэлігійную перапіску. У 1988 годзе Папа Ян Павал ІІ надаў ксяндзу Вацлаву годнасьць інфулата (інфулат — сьвятар, які не зьяўляючыся біскупам мае права насіць мітру).