Асобная думка. Адвэнт пераўтварыўся ў гульню да Новага Года. Далей без Езуса?

Сёньня ў каталікоў і некаторых пратэстантаў распачынаецца адвэнт. Папулярны атрыбут гэтага перыяду – адвэнт-каляндар. І гэта не пра касметыку, моўныя курсы і нават не пра палітвязьняў. Разгледзім праблему, калі з рознымі намерамі стваральнікі адвэнт—календароў пасьлядоўна адкідваюць Хрыста.

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

Адвэнт

Для пачатку давайце акрэсьлім, пра што ўвогуле гаворка.

Адвэнт паходзіць ад латынскага слова Adventus, што азначае Прыйсьце. З пачаткам Адвэнту распачынаецца новы літургічны год у Касьцёле. Час Адвэнту – гэта перыяд радаснага чаканьня і падрыхтоўкі да сьвята Божага Нараджэньня. Гэта значыць, да сустрэчы з Езусам Хрыстом.

Гэты перыяд уключае ў сябе 4 тыдні, якія сканчваюцца Раством 25 сьнежня. Галоўнымі сымбалямі зьяўляюцца адвэнтавы вянок з чатырма сьвечкамі, якія сымбалізуюць 4 нядзелі. У кожную з такіх нядзеляў сям’я зьбіраецца ля вянка і запальвае чарговую сьвечку.

Першы такі вянок зрабіў у 1839 годзе пратэстанцкі пастыр і выхавацель дзіцячага прытулку для сіротак у Гамбургу Ёхан Хайнрых Віхэрн. Дзеці часта пыталіся яго: ”Калі ўрэшце прыйдзе Божае Нараджэньне?”. Тады ён вырашыў змайстраваць з кола вянок са сьвечкамі, якія падобна календару адлічвалі дні і тыдні да Сьвята Божага Нараджэньня.

Адвэнт-каляндар

Гэты атрыбут прыдуманы таксама адносна нядаўна, у ХІХ ст. нямецкімі лютэранамі. Захавалася нават імя меркаванай вынаходніцы — фраў Ланг, якая змайстравала Адвэнт-каляндар для свайго сына, каб зрабіць чаканьне Божага Нараджэньня для яго больш цікавым. Калі той сын вырас, ён пачаў друкаваць календары.

advent_calendar.jpg

Адвэнт-каляндар празь невялікія заданьні на кожны дзень нясе адзіную магчымую мэту: годна і ўрачыста падрыхтавацца да сьвяткаваньня нараджэньня Езуса Хрыста.

Словамі сьвятога Яна Паўла ІІ, можна сказаць, што Адвэнт — гэта інтэнсіўная падрыхтоўка да рашучага прыняцьця Таго, Хто ўжо прыйшоў, Таго, Хто прыйдзе, і Таго, Хто пастаянна прыходзіць.

А ў чым праблема?

Сёлета, як і ў іншыя гады, узьнікла хваля безьлічы ініцыятываў, прадуктаў, якія ўсё што заўгодна называюць Адвэнт-календаром.

Нават такая патрэбная і карысная рэч, як дзейнасьць на карысьць палітвязьняў, бярэ гэта на ўзбраеньне.

Напрыклад, ініцыятыва «Вольныя паштоўкі», як сьцьвярджаецца, падрыхтавала адвэнт-каляндар салідарнасьці з палітвязьнямі. У ім 25 тэматычных заданьняў.

Што прапануюць арганізатары: «5 сьнежня малюем вусны чырвоным, як Марыя Калесьнікава, і далучаемся да фота-флэшмобу ў сацсетках», «8 сьнежня, у Міжнародны дзень мастака, узгадваем Алеся Пушкіна і дзелімся сваімі малюнкамі» — вось некаторыя заданьні з календару. Больш за тое, яны называюць гэта «Адвэнт-маратонам салідарнасьці з палітзьняволенымі».

Вартыя ўсемагчымай падтрымкі ініцыятывы і ідэі, скіраваныя на дапамогу палітвязьням і іх сем’ям.

Але не называйце гэта «Адвэнт-каляндар». Здымак з чырвонымі вуснамі нагадае людзям пра Калесьнікаву, але не пра Хрыста.

Пры зразумелай станоўчай задуме, выкарыстаньне хрысьціянскіх сымбаляў у недарэчных мейсцах спрыяе выключна размываньню і зьнішчэньню сапраўднага сэнсу Адвэнту.

Іншыя «адвэнт-календары»

“Запускаю бясплатны English-адвэнт на Раство”, – прапануе дзяўчына, што займаецца заняткамі па вывучэньні моваў.

“Для тых, хто хоча пасьпець прапампаваць свой слоўнікавы запас у гэтым годзе. З 1 па 25 сьнежня буду дзяліцца з удзельнікамі 1 размоўнай фразай у дзень. Абіраць буду фразы, якія вы знойдзіце ў падручніку. Будзем разам іх адпрацоўваць. 25 дзён – 25 класных размоўных фразаў у вашым слоўнікавым запасе”.

Гучыць як добрая магчымасьць для тых, хто вывучае замежную мову. Толькі відавочна фразы будуць не з вершамі з Новага Запавету.  

Чаму б не назваць такую ініцыятыву кшталту “Бясплатны моўны бонус ад Школы на Новы Год”. Слова "Адвэнт" тут недарэчнае.

Анлайн-школа запусьціла праэкт “Інтэрактыўны Адвэнт-каляндар для дзяцей”. У апісаньні да яго знаходзім:

“31 крок да Новага года! Ператворым сьнежань у самы чароўны месяц. Мы падрыхтавалі для дзяцей займальныя гульні і заданьні, ідэі і рэцэпты, падборкі кнігаў і мультфільмаў і шматлікае іншае! Кожны дзень адчыняйце новае акенца і забірайце падрыхтаваны сюрпрыз”.

Адвэнт пераўтварыўся ў гульню да Новага Года, прабач Езус, тут без цябе.

Іншая дзяўчына вырашыла “правесьці зімовы кніжны Адвэнт”. Як піша арганізатарка, “Мы з вамі будзем рабіць кожны дзень маленькія прыемнасьці для сябе і іншых у чаканьні сьвятаў. Адвэнт будзе цягнуцца 20 дзён: 1-20 сьнежня. Сярод усіх удзельнікаў, хто выканае мінімум 10 заданьняў, я разыграю кнігу”.

Як бачна на гэтым прыкладзе, людзі ўжо і перыяд Адвэнту прызначаюць самі.

Калі ўзгадаць поўныя абсурду варыяцыі таго, што называюць “адвэнт-календаром”, можна схапіцца за галаву: віскі-адвэнт-каляндар, адвэнт-каляндар для сабакаў (з прысмакамі для жывёлы!), карма-адвэнт-каляндар і гэтак далей.

Пагартайце:

Пра добрае

Існуюць і цалкам адпаведныя назве, духу і сэнсу Адвэнт-календароў рэчы ў Беларусі. Адна з ініцыятываў прапануе Адвэнт-каляндар «Беларусь чакае Раство».

У апісаньні аўтары пішуць:

“Мы зрабілі яго сямейным і напоўнілі новымі, прадуманымі спецыяльна для беларусаў і для нашага часу, заданьнямі. Сёлетні адвэнт-каляндар зроблены ў лепшых клясычных традыцыях – у выглядзе доміка і з вакенцамі, якія адчыняюцца. Пад вакенцамі вы знойдзеце 25 заданьняў на кожны дзень адвэнта пра Раство, Беларусь і сэрца. Сутнасьць адвэнт-календара ў тым, каб кожны дзень адчыняць вакенца і выконваць заданьне. Наш сямейны адвэнт-каляндар мы стваралі, каб вы маглі разам усёй сям’ёй падрыхтаваць свой дом і свае сэрцы да Раства.

advent_2.jpg

Наш адвэнт-каляндар напоўнены прыгожымі, глыбокімі заданьнямі, якія падрыхтуюць вас да сапраўднага Раства, а не проста прабавяць ваш час. На задняй вокладцы адвэнт-календара вы знойдзеце падрабязную інструкцыю па карыстаньні і карысныя парады, а таксама плян чытаньня Бібліі на Адвэнт”.

Ці знаходзяцца гэтыя галоўныя словы, якія апісваюць Адвэнт: Бог, Біблія, Раство, Езус Хрыстус – у іншых рэчах, якія выкарыстоўваюць словазлучэньне “адвэнт-каляндар”?

Сябры, кожны з вас крэатыўны, разумны і кемлівы, прыдумляйце свае назвы для ўласных добрых ініцыятываў.

Усім – радаснага чаканьня сьвята Божага Нараджэньня.


Каталіцкі адвэнт-каляндар

Каталіцкі адвэнт-каляндар