Шляхамі «паўночнага ззяння». Пяць цудоўных касцёлаў Віцебшчыны, якія дакладна вас уразяць
Віцебшчыне як нікому пашанцавала на разнастайнасць прыроды і надзвычай таямнічыя ландшафты. Тут шумны вадаспад на рацэ Вята і далікатныя заходы над Ельняй, духмяныя травы на балотах Бярэзінскага запаведніка і старажытныя браслаўскія капішчы, загадкавае Асвейскае возера і востраў Ду, разлівы магутнага Дняпра і бязмежнасць расонскіх лясоў.
Гэтую ідылію дапаўняюць фантастычна раскошныя касцёлы, якія нібыта баравікі пад дажджом «выраслі» амаль у кожнай вёсцы.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Відзах
Пачнем наш архітэктурны гайд з поўдня Браслаўшчыны. Тут, у пяці кіламетрах ад беларуска-літоўскай мяжы, знаходзіцца гарадскі пасёлак Відзы і яго візітоўка — Траецкі касцёл. Гатычная святыня здзіўляе не толькі сваім пампезным абліччам, але і вышынёй. Шпілі свяцілішча звернуты ў неба ажно на 59 метраў, а гэта зусім блізка да пераможца ў дадзенай намінацыі — гервятскага касцёла вышынёй 61 метр ад падножжа зямлі да верхавіны званіцы.
Першы каталіцкі храм у Відзах быў узведзены ў 1481 годзе манахамі-бернардынцамі, якія прыбылі з Вільні. Падчас акупацыі Расійскай імперыяй увесь комплекс разам з духоўнымі семінарыямі быў цалкам разрабаваны і канчаткова знішчаны ў 1867 годзе.
Новы грандыёзны будынак з чырвонай цэглы быў спраектаваны вядомым літоўскім архітэктарам і спецыялістам па неаготыцы ды антычных стылях Вацлавам Міхневічам. Пасля зацверджання праекту касцёл быў пабудаваны даволі хутка — з 1909 па 1914 год. Акрамя кідкага насычанага колеру найбольш прывабнымі элементамі збудавання з’яўляюцца велізарныя вокны-«ружы» і строгія вуглаватыя франтоны над цэнтральным уваходам.
Касцёл быў амаль цалкам разбураны абстрэламі расійскай арміі ў жорсткіх баях Першай Сусветнай вайны: лінія фронту на той момант праходзіла наўпрост праз мястэчка. Падчас савецкай акупацыі элегантную святыню пераўтварылі ў спартзалу ды сховішча лёну.
Касцёл сэрца Ісуса ў Слабодцы
Перамяшчаемся на поўнач у пошуках беласнежнага дыямента Віцебшчыны. Тут, ля маляўнічай дарогі ўздоўж Браслаўскіх азёр, на магутным узгорку стаіць ціхая еўрапейская вёсачка Слабодка. Святыня, што ўпрыгожвае гэты населены пункт, лічыцца адным з найважнейшых сімвалаў рэгіёна. Яе бліскучыя шпілі бачна ажно са ўсіх озаў азяровага масіву: нават з гары Маяк, што знаходзіцца ў дзевяці кіламетрах ад пабудовы.
Касцёл сэрца Ісуса — помнік архітэктуры неараманскага стылю з элементамі неаготыкі. Раскошная базіліка была пабудавана ў 1906 годзе на месцы старой святыні, якая ўжо не магла месціць такую колькасць вяскоўцаў: прыход быў вельмі вялізным. Да таго ж размяшчалася яна пасярод былой гандлёвай плошчы, дзе заўсёды перабываў буйны паток людзей.
Аўтарам новага касцёлу быў абраны шведскі архітэктар Карл Эдуард Страндман. Цікавым фактам застаецца тое, што ён спраектаваў два аднолькавыя каталіцкія саборы, адзін з якіх размясціўся на Браслаўшчыне, а другі ў мястэчку Аланта Уценскага ўезду Літвы. І яны сапраўды атрымаліся абсалютнымі блізнятамі!
Падчас будаўніцтва касцёла не раз узнікалі праблемы, у асноўным звязаныя з дастаўкай матэрыялаў. Высветлілася, што коні, якія перавозілі грузы, баяліся вышыні, у той момант як Слабодка — адзін з найвышэйшых пунктаў сярод азёраў. Тады будаўнікі вырашылі прымяніць хітрасць і збудавалі насціл, па якім коні перамяшчаліся з завязанымі вачыма.
У выніку слабодская святыня была пабудавана на 6 гадоў раней за алантскую. Выкананы праект быў падобны на папулярныя ў тыя часы касцёлы Германіі ды іншых паўночна-заходніх краін Еўропы. Тут вокны-«ружы» яшчэ багацейшыя: з каляровымі вітражамі ў выглядзе пялёсткаў кветачкі.
Першапачатковае аздабленне інтэр’ера на жаль не захавалася. Такое рэдка сустракаецца ў касцёлах дадзенага стылю ў нашых краях, але інтэр'ер стылістычна больш адаптаваны да праваслаўный царквы. Сцены і скляпенні тут размаляваны арнаментам і біблейскімі сюжэтамі, а вакол занадта шмат залатых і серабрыстых колераў.
Нельга не звярнуць увагу на яшчэ адну дэталь — дзверы. Жалезныя акоўкі, выкананыя мясцовым кавалём, маюць вельмі вялікую мастацкую каштоўнасць.
Успенская царква ў Сар’і
Наступны прыпынак у нашым аглядзе — вёсачка Сар’я ў памежнай зоне з Латвіяй. Нягледзячы на свае сур’ёзныя памеры, відзенскі і гервятскі касцёлы саступаюць у аздабленні ідэальнай верхнядзвінскай святыні.
Сыходзячы з такой пышнай і раскошнай архітэктуры, не можа не ўзнікнуць пытанне, як такі будынак можа належаць праваслаўнай царкве. Святыня сапраўды была ўзведзена пад патрэбы каталіцтва, але далей яе чакаў жудасны, такі беларускі ланцужок падзей.
Вядомы шляхціч Ігнацій Лапацінскі горача закахаўся ў дачку віленскага маршалка Станіслава Шумскага. Яны з Марыяй ажаніліся, у іх нарадзілася трое дзяцей. У трохгадовым узросце памёр іх сын-першынец, а потым і сама жонка.
Ігнацій бязмежна любіў Марыю і моцна сумаваў па ёй. У памяць аб дзяўчыне ён загадаў узвесці ў Сар’і храм, які павінен быў стаць увасабленнем яе прыгажосці і выразам усёй глыбіні яго пачуццяў. За такі няпросты праект узяўся прускі архітэктар Густаў Шахт і выдатна выканаў усе пажаданні шляхціча. Але праз шэсць гадоў адбыўся чорны 1863-ці.
Лапацінскі стаў актыўным удзельнікам паўстання, за што быў жорстка пакараны расійскімі катамі. Яны заявілі, што касцёл нібыта пабудаваны несанкцыявана без дакументаў і згодаў, канфіскавалі будынак і пераасвяцілі яго ў праваслаўную царкву. Ігнація ж ледзь не саслалі ў Сібір…
За гады суверэннай Беларусі касцёл так і не вярнулі каталіцкім вернікам.
Цяпер сар’інская святыня з чырвона-бурай цэглы з'яўляецца адным з лепшых помнікаў «палымнеючай готыкі» ў краіне. Такі багаты строй вельмі кантрастуе з маленькімі хаткамі, бульбянымі агародамі ды атмасферай сучаснай беларускай вёскі.
Касцёл Святога Тадэвуша ў Лучаі
Цікавай асаблівасцю гэтага касцёла з’яўляецца тое, што да яго з боку Пастаў вядзе ідэальна прамая дарога, а праз роўнасць рэльефа аблічча выдатна бачна за цэлых чатыры кіламетры.
Касцёл быў зафундаваны ў 1766 годзе вядомай грамадскай дзяячкай Вялікага княства Літоўскага Эльжбетай Пузынай з роду Агінскіх. Менавіта яе Адам Міцкевіч увасобіў у сваёй паэме «Пан Тадэвуш». Падчас будаўніцтва святыні ордэн езуітаў забаранілі, таму прынята лічыць, што лучайскі касцёл — апошні помнік іезуіцкай архітэктуры на зямлі беларускай. Больш за тое, ён спалучае ў сабе адразу два архітэктурныя стылі: будаваўся ён барочным, а на пачатку ХІХ стагоддзя быў крыху перабудаваны пад модны на той час класіцызм. І сапраўды, цяпер касцёл выглядае надзвычай эклектычна ды нават забаўна.
Аздабленне святыні выканана ў рэдкай для нашай краіны тэхніцы грызэйль — роспісе сцен і сводаў рознымі адценнямі аднаго колеру. Раней інтэр’ер таксама ўпрыгожвалі партрэты фундатараў Эльжбеты ды Антонія Пузыны, аднак падчас савецкай акупацыі былі вывезены ў Мастацкую галерэю Полацкага музея-запаведніка ды Віцебскі мастацкі музей. Касцёл жа саветы выкарыстоўвалі ў якасці гаража для трактароў.
Пасля аднаўлення незалежнасці святар Кшыштаф Пажарскі ўсталяваў мармуровую пліту з надпісам: «Цуда вяртання гэтай каштоўнай святыні пасля часоў пакут і мучэнняў».
Касцёл Святой Веранікі ў Селішчы
Апошні помнік архітэктуры знаходзіцца не ў такім выдатным стане, як папярэднія чатыры, але гэта дакладна не робіць яго меней гарным ды прывабным. Ва ўсходніх мясцінах Віцебскай вобласці ўжо не настолькі шмат касцёлаў, таму каб трапіць у Селішча, неабходна пераадолець не самы просты шлях з не самымі цудоўнымі дарогамі.
Кляштар бернардзінцаў быў заснаваны яшчэ ў 1723 годзе ротмістрам полацкім Янам Язэпам Рагозай. Менавіта гэтае месца было абрана не выпадкова: будынак спецыяльна ўзводзілі на беразе возера Янова. У выніку атрымаўся хупавы ўзор позняга барока з вельмі высокімі званіцамі, што ўзвышаліся па-над роўняддзю вады.
На жаль, падчас Першай сусветнай вайны Селішча трапіла пад арэну запеклых баёў. Дах і вежы касцёла жудасна пацярпелі ад удараў і больш ніколі не аднаўляліся. Возера пакрылася зараснікамі, манастырскія пабудовы спынілі існаванне, а францысканскі касцёл прыйшоў у заняпад. Цяпер помнік архітэктуры, які ахоўваецца дзяржавай, знаходзіцца ў стане пагрозы поўнага знікнення. У красавіку 2023 года тут цалкам абрынулася сцяна корпуса манастыра, і будынак працягвае рассыпацца на цаглінкі.
У 2000-х улады Беларусі ўключылі комплекс у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей пад другой катэгорыяй, аднак ніякіх дзеянняў па кансервацыі помніка зроблена не было. Як адзначае тэлеграм-канал каталіцкай епархіі, яны спрабавалі вырашыць пытанне, але паколькі будынак не мае даху, праект быў занадта дарагім, і ў выніку ад ідэі адмовіліся.
Вось такая розная ды эклектычная Віцебшчына ў нас ёсць. Абярыце будынак, які прыходзіцца вам па душы, і зрабіце цудоўнае падарожжа на поўнач Беларусі!