Таццянін дзень як беларускае свята
Таццянін дзень здаўна не толькі рускае, але і беларускае свята! Нездарма Таццянін дзень часта храналагічна супадае з Днём беларускай навукі, які адзначаецца ў апошнюю нядзелю студзеня.
“Nomen est omen” (“імя — гэта лёс”), — казалі старажытныя рымляне. А.Ф. Лосеў сцвярджаў, што імя — гэта энергійнае аблічча асобы. І гэта сапраўды так. Імя Таццяна перакладаецца з грэчаскай мовы як “заснавальніца”. У кнізе “Таямніца імя” Б.Ю. Хігір малюе характар гэтых дзяўчат як валявых, актыўных, рашучых, прынцыповых, артыстычных, эгацэнтрычных, інтравертак з высокім практычным інтэлектам, якія не выносяць аднастайнасці ў адносінах з каханым.
Паколькі святая Таццяна была пакутніцай, то і лёс у так названых асоб бывае нялёгкім. Дарэчы, у Мінску ва Уруччы на вуліцы Русіянава, 50 ёсць Храм святой пакутніцы Таццяны.
На Русі так звычайна называлі сялянскіх дзяўчынак. Аднак пасля выхаду рамана ў вершах “Яўгеній Анегін” А.Пушкіна гэта імя знайшло дарогу і ў дваранскія саслоўі ды стала вельмі папулярным. Таццянін дзень здаўна не толькі рускае, але і беларускае свята! Мы ведаем бабулю Максіма Багдановіча Таццяну Восіпаўну Мякота. Сярод Таццян — не толькі творчыя людзі, дзеячы культуры, але і вучоныя (Таццяна Шамякіна, Таццяна Аўтуховіч, Таццяна Кабржыцкая, Таццяна Дасаева, Таццяна Алешка, Таццяна Фіцнер, Таццяна Аляшкевіч, Таццяна Вабішчэвіч, Таццяна Мацюхіна, Таццяна Барысюк і інш.).
Нездарма Таццянін дзень часта храналагічна супадае з Днём беларускай навукі, які адзначаецца ў апошнюю нядзелю студзеня. Святам студэнтаў Таццянін дзень стаў пасля таго, як расійская імператрыца Елізавета Пятроўна 25 студзеня 1755 года падпісала Указ пра заснаванне Маскоўскага ўніверсітэта.
Музычна-паэтычныя вечарыны “Таццянін дзень” у рамках мерапрыемстваў паэтычнага тэатра Арт.С Таццяна Барысюк арганізоўвае ўжо дзясяты раз. Першая вечарына была ёй праведзена ў 2010 годзе. Звычайна яны адбываліся ў сценах літаратурнага музея Максіма Багдановіча, і толькі аднойчы — у літаратурным музеі Янкі Купалы. За час правядзення гэтых імпрэзаў зацікаўленыя маглі азнаёміцца з творчасцю вядомых творчых Таццян і тых, у каго Таццяны — сваякі. Гэта спявачкі і спевакі (Таццяна Атрошанка, Таццяна Беланогая, Таццяна Грыневіч, Таццяна Пладунова, Л.Шчэрба, Серж Мінскевіч, Юрась Нераток), паэтэсы і паэты (Таццяна Барысюк, Таццяна Будовіч-Барадуля, Таццяна Мацюхіна, Таццяна Мушынская, Таццяна Пратасевіч, Таццяна Сівец, Вольга Маркітантава, Кацярына Мяшкова, Юлія Новік, Людміла Рублеўская) і многія іншыя.
Удзельнікі свята — таленавітыя беларускія паэты, музыкі, спевакі. Сёлета 25 студзеня перад наведвальнікамі музея М.Багдановіча выступілі: Таццяна Барысюк, Таццяна Пратасевіч, Андрэй Мельнікаў, Аляксандр Паўлоўскі, Яраш і Альжбэта Малішэўскія. Вялі вечарыну Таццяна Барысюк і Дзяніс Канёк. Таццяна Пратасевіч прачытала свае вершы пра прыроду, радзіму і мілосць. Андрэй Мельнікаў, граючы на гітары, праспяваў пра каханне. Таццяна Барысюк згадала, як бацька хацеў назваць яе Марсіянай, самае цікавае са свайго студэнцкага жыцця і азнаёміла прысутных са сваёй інтымнай лірыкай апошняга часу. З нагоды залічэння ў гімназісты Альжбэта Малішэўская-Спрынчан выканала песню “Гіль” на словы Аксаны Спрынчан пад акампанемент мандаліны Яраша Малішэўскага. Рускамоўны паэт Аляксандр Паўлоўскі распавёў пра месца Таццян у сваім жыцці і прачытаў свае вершы пра каханне, перакладзеныя на беларускую мову Таццянай Барысюк. Вядучыя вечарыны задалі пытанні пра беларускіх паэтэс — прадстаўніц гэтага жаночага імені — і асоб, народжаных 25 студзеня, а госці-эрудыты атрымалі за правільныя адказы прызы. Песні і лірычныя вершы зрабілі зімовы вечар у казачна-прыгожым Траецкім прадмесці яшчэ больш чароўным і рамантычным.