Талькаўскі фэст зноў сабраў аматараў беларускай песні і паэзіі
Каля
40 аматараў беларускай песні і паэзіі сабраліся на лясной паляне каля вёскі
Талька Пухавіцкага раёна ў нядзелю, 1 кастрычніка.

Арганізатарка фэсту Наталля Ільініч, былая настаўніца
Талькаўскай школы, запрасіла на паэтычнае свята ўсіх жадаючых.
Прадстаўлены былі
розныя гарады: Мінск, Магілёў, Марьіна Горка, Слуцк, Гомель, Асіповічы.

Апладысмэнтамі сустракалі слухачы выступы вядомых бардаў Захарэвіча, Мельнікава, Абрамчука.

Распачаўся і скончыўся фэст песняй “Магутны божа”, якую выканалі ўсе ўдзельнікі.
Міхась Булавацкі прыехаў з Магілёва. Неардынарны чалавек, незвычайна таленавіты, былы выкладчык матэматыкі, а яшчэ вялікі аматар паэзіі таксама пачытаў свае вершы.
— Я з вялікай цікавасцю адношуся да Талькаўскага фэсту і прыязджаю сюды ўжо ў чацвёрты раз, — распавёў спадар Міхась. — Паважаю арганізатарку фэсту, таксама мне падабаецца атмасфера фэсту за яе прастату. Кожны ўдзельнік можа быць як слухачом, так і выступоўцам —артыстам. Ёсць магчымасць прабыць дзень у коласаўскіх мясцінах і ў асяроддзі прыемных беларускамоўных людзей, паспяваць, паслухаць новыя вершы і песні. Шмат прыехала новых людзей. Да таго ж для гараджаніна прабыць дзень у лесе каля вогнішча — гэта цудоўны адпачынак.

Уладзімір Рунцэвіч, паэт з Марьінай Горкі, прадставіў свой новы зборнік вершаў “ Пасля сябе пакіну дабрыню” і прачытаў некалькі сваіх твораў. Міласэрнасць, любоў да бліжняга, Бацькаўшчыны, яе мовы і родных краявідаў, інтымная і прыродаапісальная лірыка — гэтыя каштоўнасці адлюстраваны ў яго паэзіі.

Таццяна Барысік, якая некалькі гадоў таму перамагла ў конкурсе на прэмію Ежы Гедройца, павесяліла прысутных гумарыстычнымі нататкамі, узятымі з рэальнага жыцця.

Кінарэжысёр Вольга Нікалайчык прачытала вершы Вікторыі Ткачук, якая зусім нядаўна заўчасна адышла ў лепшы свет.
Прысутнічала на фэсце і ўсім вядомая Ніна Багінская. А таксама шмат іншых вядомых і не вельмі людзей. Усіх іх яднае адно: любоў да роднай мовы і Беларусі.

Марына Дамарад, якая прыехала ў Талькаўскі лес са Слуцка, задаволена паездкай.
— Мне вельмі спадабалася знаходзіцца сярод беларускамоўных таленавітых людзей і бясплатна слухаць такі цудоўны канцэрт. Я нават вырашыла ў бліжэйшы час стаць сябрам ТБМ, прапагандаваць беларускую мову і ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах таварыства, — падзялілася ўражаннямі жанчына. — Хацелася б арганізаваць падобны фэст з мясцовай разынкай і ў нашым раёне.

Доўжыўся гэты песенна-паэтычны марафон больш за 5 гадзін. У перапынках паміж вершамі і песнямі ўдзельнікі нават выконвалі старадаўнія беларускія танцы пад дуду. Іграў жа на дудзе Мікалай Дашыновіч, супрацоўнік музею народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах.

