На што здольныя моладзевыя субкультуры?

Стаўленне грамадства да субкультураў звычайна грэблівае, альбо, у лепшым выпадку, паблажлівае. Аднак менавіта яны часта робяцца той кіслатой, што павольна раз'ядае ланцугі таталітарнага грамадства.

Панкі. Ілюстрацыйнае фота

Панкі. Ілюстрацыйнае фота


Панкі, готы, рэперы, графітысты і скейтеры - гледзячы на іх, мы зрэдку бачым нешта, акрамя незвычайнага адзення, слэнгу і іншых знешніх атрыбутаў. І, сапраўды, многія моладзевыя субкультуры на сёння дэвальваваліся і камерцыялізаваліся. Усё купляецца і ўсе прадаецца: за грошы на рынку можна апрануцца хоць як панк, хоць як эма. Музыка любога густу спампоўваецца з інтэрнэту. Знайдзі аднадумцаў для тусовак і канцэртаў — прасцей простага. Ані грамадства, ані ўлады не звярнуць на твае схільнасці аніякай увагі — прынамсі, да часу...

У гэтыя дні ў Коўна адбываецца навуковая канферэнцыя "Youth subcultures, worldviews and lifestyles" ("Моладзевыя субкультуры, светапогляды і стылі жыцця"), дзе навукоўцы з Польшчы, Расіі, Латвіі, Літвы, Грэцыі, Швецыі, Фінляндыі, Велікабрытаніі і нават Сінгапура абменьваюцца ведамі аб праявах субкультурнага жыцця як сёння так і ў мінулым. Цэлая група прэзентацый была прысвечана жыццю, дакладней, выжыванню субкультурнай моладзі ў аўтарытарных краінах і таму, што яна робіць для пратэсту. А рабіць шмат не трэба — часам дастаткова ўсяго толькі існаваць.

Удзельнікі "Грамадства свядомасці Крышны" ў познім СССР адпраўляліся на прымусовае лячэнне ў вар'ятні, выганяліся з працы і вучобы. Латвійскія панкі у тыя ж часы маглі быць арыштаваныя на вуліцы за празмерна яркія штаны. Арганізатары панк-канцэртаў у Інданэзіі мусяць плаціць 500 еўра ўладам, а пасля — прадстаўляць тэксты на ўзгадненне адпаведнай камісіі. Пець са сцэны дазволена толькі тое, што камісія адобрыць. У адваротным выпадку 500 еўра забіраюцца ў якасці залогу. Слэм і пога (панкаўскія танцы) забароненыя — моладзь слухае музыку проста стоячы...

Часам пратэст моладзі прымае дзіўныя, калі не сказаць пачварныя формы. У Нарвегіі ў 1990-я пракацілася хваля падпалу цэркваў, інспіраваная удзельнікамі блэк-метал сцэны. Да 1996-га ў гэтай пераважна хрысціянскай краіне было спалена больш за 60 цэркваў. Супраць чаго быў гэты бунт? Супраць занадта добрага жыцця і дамінуючых каштоўнасцяў дэманстратыўнага спачування і дабрыні? Цяжка сказаць. Але свой выхад пратэст знайшоў менавіта праз моладзевую субкультуру.

Сваё месца ў прэзентацыях заняла і маё 15-хвіліннае апавяданне пра беларускую DIY панк-хардкор субкультуру. Немагчыма было расказаць пра яе, не расказаўшы пра рэгулярныя рэйды АМАП на панк-канцэрты, пра тое, як сотні маладзёнаў ставілі да сцяны, збівалі, многіх затрымлівалі. Слухачы не разумелі: чаму адбываюцца гэтыя рэйды? Няўжо міліцыянты арыштоўваюць панкаў толькі за тое, што яны панкі? Я патлумачыў, што афіцыйнай падставай заўсёды быў пошук наркотыкаў. Аўдыторыя з разуменнем пасміхнулася...

Прыклад Беларусі выдатна кладзецца ў агульнае рэчышча: у аўтарытарнай дзяржаве, дзе любая палітычная актыўнасць забароненая, але прычыны для пратэсту і незадаволенасці нікуды не знікаюць, моладзь, у адсутнасці інстытуцыянальнай палітыкі і свабоднай апазіцыі, шукае іншыя шляхі для выхаду свайго абурэння крывадушнай рэчаіснасцю і дзяржаўным кантролем. І, звычайна, такім выхадам ёсць сыход у сваю субкультурную групу, якая спавядае альтэрнатўыныя каштоўнасці і стыль жыцця. Палюючы за апазіцыяй, дзяржава да часу звяртае менш увагі на моладзевыя суполкі — за іх сваеасаблівым культурным кодам, слэнгам і знешнімі атрыбутамі не заўсёды бачна "ворагаў рэжыму".

Аднак распазнаўшы пагрозу, дзяржава вядзе сябе бязлітасна. СССР, Інданэзія і сучасная Беларусь — таму прыклады.

Усё ж, нягледзячы ні на што, субкультуры — у тым ліку пратэстныя —  працягваюць існаваць. Хіпі з панкамі, металісты з байкерамі, і нават прадстаўнікі альтэрнатыўных рэлігійных плыняў, моладзь, якой не было справы да камсамольскіх сходаў і цытатнікаў Леніна, ужо прыклалі руку да труны як мінімум адной таталітарнай імперыі.

Як любы вампір баіцца свету, так любая дыктатура баіцца разнастайнасці і плюралізму. І сёння, як і ў 1980-я гады, нефармальная моладзь працягвае заставацца стрэмкай у целе аўтарытарнай дзяржавы. Не смяротнай, але надта непрыемнай і балючай.