«Кожны з нас можа сабраць людзей і павесці на Плошчу»

Гомельскі відэаблогер распавёў, чаму збіраецца пратэставаць супраць новай рэдакцыі «дармаедскага» дэкрэта.

rubcov_2.jpg

Адзін з лідараў вясновых пратэстаў у Гомелі адказаў на пытанні сайта Беларускага нацыянальнага кангрэса напярэдадні Марша раззлаваных беларусаў 2.0, які пачнецца 21 кастрычніка ў 14:00 на Кастрычніцкай плошчы Мінска.
— Праз пару дзён нас чакае «абноўлены» Дэкрэт № 3. Ці змянілася стаўленне людзей да яго?
— На «абноўлены» дэкрэт рэакцыя такая ж, як і на неабноўлены. З лайна цукерку не зробіш — груба, але сумленна.
— Дэкрэт стаў толькі нагодай для вясновых пратэстаў. Ёсць шмат іншых праблем. Якая цяпер у Гомелі сітуацыя з заробкамі, працай?
— Сумная. Відавочнай стала карціна таго, што з'явілася расслаенне на чыноўнікаў і ўсіх астатніх. Чэргі з жадаючых знайсці працу ў службе занятасці не памяншаюцца, я сам стаю на ўліку як беспрацоўны. З красавіка мне не могуць знайсці вакансію, хоць у мяне маса спецыяльнасцяў. Апошняя прапанаваная — гэта фрэзіроўшчыкі шостага разраду з заробкам у 360 беларускіх рублёў.
У Гомелі ідуць павальныя скарачэнні, у дзяржаўных СМІ гэта называюць «аптымізацыяй». Нават у «Беларусбанку» будуць скарачэнні, гэта вядома з прыватных гутарак.
Людзі шукаюць працу як у Расіі, так і ва Украіне. Многія гамяльчане з'язджаюць на заробкі ў краіны ЕС. Адтуль, як правіла, не вяртаюцца, хіба што для таго, каб забраць астатніх членаў сям'і. Многія жартуюць пра тое што пачаўся масавы зыход беларусаў ад шклоўскай банды. Нядаўна я сам быў у Мінску, афармляў візу, разгаварыўся з супрацоўніцай страхавой кампаніі. Яе цытата: «Народ з'язджае пачкамі, з жонкамі едуць, з дзецьмі». Калі раней прапаганда адводзіла гнеў у бок ад Лукашэнкі, то цяпер людзі наўпрост абвінавачваюць яго і яго світу ў бедах. Можна пачуць і крытыку ў адрас саміх сябе: «Куды я глядзеў, калі галасаваў».
— Гомель вясной праславіўся найбольш масавымі акцыямі пратэсту. Наколькі моцныя пратэстныя настроі зараз?
— Наколькі моцныя пратэстныя настроі я магу меркаваць па нашым канале на YouTube «Беларускае поле эксперыментаў». Апошні ролік «Беларус, плаці падаткі» прагледзелі на сёння больш за 60 тысяч чалавек. Улічваючы той факт, што канал мае 4500 падпісчыкаў, гэта вельмі вялікая колькасць. Суадносіны лайкаў і дызлайкаў — 2000 да 23. У роліку абмяркоўваецца праблема падаткаў і іх размеркавання, а таксама прычыны пратэстаў. Магу смела сцвярджаць, што пратэстныя настроі пайшлі ўверх. Таму я падтрымліваю Марш раззлаваных беларусаў 2.0. Любая масавая акцыя пратэсту на вуліцы кажа лепш і гучней, чым любое СМІ. Вулічныя пратэсты прымушаюць уладу чуць. Не выходзіць — значыць зрабіць чарговы крок у бок Паўночнай Карэі.
Я беларус, я раззлаваны, і я хачу быць на Маршы. Кожны з нас можа сабраць і павесці людзей, кожны можа падняць сцяг. Усе мы разумеем, што нашы вядомыя лідары і актывісты могуць не патрапіць на мітынг па цалкам аб'ектыўных прычынах. Таму патрэбныя новыя лідары, пра якія пакуль не ведае ніхто, і гэтыя лідары — вы, беларусы.

Паводле bnknews.org