Дэкрэт №3: не ў лепшы час

Усе «дармаеды», журналісты, праваабаронцы ды іншыя зацікаўленыя асобы застылі ў чаканні. Яны прагнуць пабачыць абноўлены дэкрэт №3 пра дармаедаў, тэкст якога павінен быў быць дапрацаваны да 1 кастрычніка — дэдлайну, прызначанага Лукашэнкам для падрыхтоўкі гэтага дакумента.

dekret_1_1.gif

Пераказваць гісторыю скандальнага акту, напэўна, няма патрэбы. Задуманы, як сродак кампенсацыі непрацуючымі грамадзянамі выдаткаў на сацыяльныя гарантыі, ён змяніў шмат канцэпцый. Ад «кампенсацыі шкоды» да спробаў «легальнага працаўладкавання», ад «выхаду непрацуючых з ценю» да «заахвочвання да працы», ад агульнарэспубліканскага дакумента да надання мясцовым уладам магчымасці самім вырашаць, дзе дэкрэт працуе, а дзе не. І нават ад спробаў вытрасці грошы з насельніцтва да адваротнага эфекту — высвятлення тых, каму патрэбная дзяржаўная дапамога. Неаднаразова было, што людзі, якія ішлі ў мясцовыя выканкамы за палёгкай у сплаце падатку, раптам высвятлялі, што дзяржава, наадварот, павінна аказваць ім дапамогу ў «складанай жыццёвай сітуацыі».

Але ўсім «пачакунам» даводзіцца расчаравацца. Пра спрэчны дэкрэт размова будзе цягнуцца яшчэ доўга, ён будзе заставацца «пудзілам», якое трымае ў напружанні грамадства. Але рэальнае дзеянне ён набудзе не хутка. А можа, і не набудзе ўвогуле. Прынамсі, не зараз.

Нічога апроч шкоды

Можна шмат казаць пра заганы дэкрэту №3, недапрацоўкі, нявызначанасць статусу «дармаеда» і гэтак далей. Але апроч таго, што ён не патрэбны ўвогуле, ён папросту па часавым паказчыку разбегся з асноўнымі фінансавымі дакументамі краіны.

Асобныя беларускія дэпутаты пра тое, што бюджэт–2018 будзе «збалансаваным, накіраваным на развіццё эканомікі, павышэнне інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, на выкананне асноўных абавязацельстваў» і гэтак далей, казалі ўжо ў маі гэтага года. То бок, праца над бюджэтам вялася ўжо тады, калі спрэчкі пра трэці дэкрэт яшчэ былі ў самым разгары, а Мінфін разам з падатковай вырашалі, што рабіць з ужо сплачанымі грашыма «дармаедскага падатку». У выніку грошы вырашылі вярнуць, але не ў тым справа.

Сёння асноўны фінансавы дакумент краіны ўжо сфармаваны, і дэпутаты павінны прыняць яго на восеньскай сесіі, якая пачнецца 2 кастрычніка. Канешне, нельга казаць, што народныя абраннікі прымуць бюджэт на наступны перыяд імгненна, у першы ж дзень пасяджэння. Але, тым не менш, гэта азначае, што ў бюджэт наўрад ці закладзеныя зборы дакумента, толькі праект якога павінен з’явіцца за дзень да адкрыцця сесіі. А праект трэба яшчэ абмеркаваць, прыняць, падпісаць…

Больш за тое, 16 жніўня, разважаючы наконт бюджэту на пасяджэнні Саўміна, прэм’ер Андрэй Кабякоў зазначыў: у частцы падатковай палітыкі прапануецца не мяняць склад і колькасць падатковых плацяжоў. Паводле яго слоў, падатковая нагрузка на эканоміку не павінна расці.

То бок, калі ў абноўленым дэкрэце №3 лайдакоў і ўтрыманцаў зноў абавяжуць плаціць падатак — як гэтыя грошы патрапяць у бюджэт? Карацей, увод у дзеянне абноўленага дэкрэту №3 — зноў галаўны боль, перш за ўсё, для ўлады: падатковых, Мінфіна, дэпутатаў, урада, і ўсіх, хто паўгода карпеў над бюджэтам Беларусі–2018. З-за аднаго дэкрэту давядзецца выкідаць у сметніцу ўсю працу?

Несупадзенне жаданага з сапраўдным

На карысць далейшай «замарозкі» дэкрэту сведчаць яшчэ некалькі аргументаў.

Аляксандр Лукашэнка 3 жніўня канстатаваў, што «ўжо завершана падрыхтоўка новай рэдакцыі дэкрэта №3», але ў той жа час ён бы хацеў «грунтоўны даклад на гэтую тэму». «Я спадзяюся, што апроч урада гэтым пытаннем сур’ёзна зоймуцца дэпутаты. Гэта іх хлеб. Ухіляцца ад гэтай праблемы дэпутату нельга», — дадаў тады кіраўнік краіны.

Прызначаючы новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі, 14 верасня Лукашэнка зноў вярнуўся да тэмы. Ён падкрэсліў, што дэкрэт №3 ніхто не адмяняў, і патлумачыў новым вертыкальшчыкам: «Гэта будзе ваш дакумент. Вы на месцы павінны вызначыць, хто ў вас не працуе, а павінен працаваць, і прымусіць іх усіх працаваць. У гэтым будзе асноўная сутнасць дакумента. Не з Мінска трэба кіраваць гэтымі працэсамі».

Што мы маем у выніку? Нейкая грунтоўная нарада альбо даклад па гэтым пытанні зробленыя не былі. Прынамсі, пра гэта не было нічога чуваць. Інакш кажучы, новая рэдакцыя дакумента нават прынцыпова не ўхвалена кіраўніком краіны.

Што ж тычыцца дэпутатаў, то ў плане іх працы на восеньскую сесію сапраўды прапісаны разгляд дэкрэту ад 29 чэрвеня 2017 года №3 «Аб змяненні дэкрэта». Аднак дакумент паступіў у Палату прадстаўнікоў 4 ліпеня 2017 года. І, нягледзячы на тое, што яго плануецца разгледзець аж у другім чытанні, яго «бягучая стадыя», як пазначана на сайце ППНС, — «падрыхтоўка да разгляду».

То бок, гэта зусім не той дакумент, які павінен быў быць распрацаваны да 1 кастрычніка.

Цягнуць валынку

Апазіцыя распрацавала альтэрнатыву «дэкрэту №3». Асноўная тэза прапаноў — скасаваць дакумент увогуле. Дэпутатка Ганна Канапацкая падкрэслівала, што дэкрэт аб дармаедах не адпавядае беларускай Канстытуцыі і міжнародным нормам, а таксама не вырашае тых пытанняў, для якіх ён ствараўся. Больш за тое, нават такога паняцця, як «сацыяльны ўтрыманец», у беларускім заканадаўстве няма.

На замену яму, паводле меркавання распрацоўшчыкаў альтэрнатыўнай канцэпцыі, павінны прыйсці звышліберальныя (у эканамічным сэнсе слова) працэдуры, тры новыя рэжымы аказання сацыяльных, адукацыйных і медыцынскіх паслуг.

«Першы рэжым — адрасная сацыяльная падтрымка на падставе стану бягучых даходаў, а таксама назапашаных зберажэнняў, рэсурсаў і стану здароўя. Другі рэжым — фінансаванне пачатковай сярэдняй адукацыі з дапамогай адукацыйных ваўчараў, то бок рэалізацыя прынцыпу «бюджэтныя грошы ідуць за вучнем». Трэці рэжым — увядзенне інстытута індывідуальнага медыцынскага страхавання сродкам адкрыцця кожнаму грамадзяніну страхавога медыцынскага назапашвальнага рахунку», — распавядалі арганізатары на прэс-канферэнцыі па альтэрнатыве трэцяму дэкрэту.

Гэта якраз ёсць спроба зрабіць дэкрэт непатрэбным, бо знікае яго аргументацыя — што беспрацоўныя і іншыя лайдакі, не маючы на гэта падстаў, карыстаюцца «бясплатнай медыцынай і адукацыяй».

Гэтыя прапановы былі перададзеныя ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы і іншыя органы, якія «дапрацоўваюць» дэкрэт №3. Паколькі прапановы былі перададзеныя 12 верасня, то яшчэ не скончыўся месячны тэрмін для адказу на іх. Адпаведна, як мінімум на 12 кастрычніка яны павінны разглядацца. Калі, канешне, сапраўды будуць разглядацца.

Безумоўна, народныя абраннікі наўрад ці прымуць гэтыя прапановы — яны занадта радыкальныя і патрабуюць шмат зменаў у іншых заканадаўчых актах. Але, дзякуючы той жа Канапацкай, на профільнай камісіі разглядацца яны павінны. Што яшчэ раз выкліча спрэчкі, прапановы, абмеркаванні… А значыць, уваход у дзеянне абноўленага дэкрэту №3, натуральна, зацягнецца.

Сацыяльныя наступствы

Як вядома, «дармаедскі дэкрэт» быў асноўным рухавіком вулічных пратэстаў вясны гэтага года. На 21 кастрычніка ў Мінску запланаваная новая акцыя такога кшталту.

Аднак уладу, насамрэч, хваляваць павінна не вулічная актыўнасць. Адначасна з абмеркаваннем абноўленага дэкрэту №3 пачнецца кампанія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання. Гэтыя выбары павінны прайсці не пазней за 20 лютага 2018 года.

А зараз узгадаем словы Лукашэнкі пра тое, што львіная доля «разборак» наконт «дармаедскага падатку» павінна праходзіць на ўзроўні мясцовых уладаў. І «мясцовыя» павінны самі вызначаць, хто ў іх дармаед, а хто не, каго, па словах Аляксандра Рыгоравіча, «трэба за руку прывесці на працу, каго перапрафіляваць, навучыць новым спецыяльнасцям, а каго проста нахіліць». Менавіта таму, паводле меркавання палітолагаў і аналітыкаў, барацьба супраць адыёзнага дакумента можа стаць «фішкай» мясцовых выбараў.

Скарыстаць гэтую «фішку» можа не толькі «тытульная апазіцыя». Вясновыя пратэсты вывелі на паверхню шмат мясцовых лідараў, відэаблогераў, актывістаў, прафсаюзных дзеячаў, фармальна сувязямі з «пятай калонай», як любіць называць яе Лукашэнка, не звязаных. І вось тут ужо ўладзе не пазайздросціш.

Карацей, зараз папросту не час аднаўляць дзеянне «дармаедскага дэкрэту».