Эканоміку выратуе палітыка?
Нас працягваюць радаваць лічбамі. Дабрабыт беларусаў расце, сярэдні заробак «бруднымі» за традыцыйна «дэпрэсіўны» жнівень, у якім шмат народу знаходзілася на вакацыях, склаў 844,4 рубля (каля 435 долараў), паведамляе Белстат.
У параўнанні з ліпенем заробак вырас на 16,9 рубля, у доларавым эквіваленце ў ліпені ён складаў $423, падкрэслівае ведамства. Нібыта, канешне, добра, але што такое сярэдні заробак? Як сярэдняя тэмпература па бальніцы…
Зразумела, такі рост у жніўні нечым абумоўлены. У нашым выпадку ён абумоўлены «бітвай за ўраджай». Менавіта падчас яе лепшыя заробкі атрымліваюць механізатары, трактарысты і камбайнёры. Але, зарабіўшы «ў сезон» па тры-чатыры сваіх звычайных аклады, у кастрычніку і лістападзе яны зноў падсядуць на звыклыя 200 рублёў. Хіба гэта можа радаваць?
І, да таго ж, трэба глядзець, у каго гэты заробак павысіўся. А тут статыстыка зусім не суцяшае.
За паўгода ў Беларусі звольнілі амаль 100 тысяч работнікаў. У студзені-жніўні прадпрыемствы больш звальнялі, чым прымалі на працу новых супрацоўнікаў. Па дадзеных таго ж Белстата, з пачатку года звольнілі 94,4 тысячы работнікаў, у той час як прынялі на працу на 7,6 тысячы менш. Больш за ўсё ў працэнтных адносінах звальнялі ў арганізацыях, якія аказваюць паслугі па часовым пражыванні і харчаванні (-27,3%), а таксама ў адукацыі (-24,6%) і горназдабываючай прамысловасці (-23,3%).
Асабліва непакоіць тут адукацыя і горназдабываючая прамысловасць (чытай, «Беларуськалій»). Праблемы ў апошняга са скарачэннем працоўных месцаў азначаюць, што адна з асноўных крыніц валюты пачынае адчуваць нейкія складанасці. А ад яе працы залежаць, найперш, нашы выплаты па знешніх пазыках. Усім вядома, што мы набралі процьму крэдытаў у каго толькі можна, а як іх аддаваць — незразумела. І, калі ў горназдабываючай прамысловасці будуць праблемы, гэта можа павярнуцца да нас якім-небудзь тэхнічным дэфолтам.
Праблема з кадрамі ў адукацыі яшчэ цікавейшая. Усе скардзяцца, што школам проста не хапае настаўнікаў, а дзіцячым садкам — выхавацеляў. І на гэтым фоне адукацыя з’яўляецца адным з лідараў па звальненні супрацоўнікаў. Як такое можа быць? Вельмі проста — звальняюць пенсіянераў, а новыя людзі настаўнічаць не прыходзяць. І нават не таму, што гэта не прэстыжна альбо кепска аплачваецца. Справа ў тым, што школа настолькі зарэгуляваная, а настаўнікі выконваюць столькі лішняй працы па запаўненні нікому не патрэбных папераў, што на само настаўніцтва часу не застаецца.
Што павінна насцярожыць яшчэ? Скарачаюцца ў нас не толькі «беларускія» працоўныя месцы. За год на траціну скарацілася і колькасць замежных работнікаў. Калі ў 2015-м у нас працавалі 28,4 тысячы замежнікаў, то ў 2016-м — 17,8 тысячы.
Такі адток, канстатуе Белстат, адбыўся за кошт работнікаў з краін СНД: у 2015-м годзе іх у нас у краіне было 17 тысяч, а ў 2016-м засталося 7,6 тысячы. Больш за ўсё за год паменшала ўкраінцаў (-54,8%) і ўзбекаў (-64,1%).
Найбольш у Беларусі ў 2016-м працавала кітайцаў — 7,5 тысячы і ўкраінцаў — 6,3 тысячы. На трэцім месцы з вялікім адставаннем — 2,1 тысячы — ідуць расіяне.
Большая частка працоўных-імігрантаў — 55,6% — займаюць рабочыя спецыяльнасці. Да прыкладу, в’етнамцы часцей за ўсё ўладкоўваюцца ў Беларусі на прадпрыемствы ў сферы абслугоўвання і гандлю, таджыкі, узбекі і ўкраінцы ідуць рабочымі, а палякі — кваліфікаванымі спецыялістамі.
Падавалася б, добра: чым менш у нас працуе замежнікаў, тым больш працоўных месцаў застанецца для карэннага насельніцтва (звыклая рыторыка розных ультраправых на Захадзе). Але, калі зірнуць глыбей, гэта не можа нас не турбаваць.
Калі ўкраінцы, якія беглі ў Сінявокую ад вайны, вяртаюцца дадому — гэта азначае, што ў ваюючай Украіне заробкі лепшыя, а тавары таннейшыя, чым на «выспе стабільнасці». У нас няма ваяўнічых скінхэдаў, і збольшага народ ставіцца да людзей іншай нацыянальнасці і колеру скуры памяркоўна. Калі нас пакідаюць узбекі, гэта выключна эканоміка. І азначае гэтая эканоміка, што ў нас сітуацыя горшая, чым у іх родным Узбекістане.
Калі задумацца, то рост сярэдняга заробку аж на сем долараў — паказчык маласуцяшальны.
Сапраўднай квінтэсенцыяй «развіцця беларускай эканамічнай мадэлі» з’яўляецца банкруцтва Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода, якое было юрыдычна аформлена на тыдні.
У ходзе судовага пасяджэння была выяўлена наяўнасць у прадпрыемства не выкананых фінансавых абавязацельстваў у суме 68 мільёнаў 280 тысяч дэнамінаваных рублёў, што складае 83% кошту актываў прадпрыемства. За першае паўгоддзе 2017 года чыстыя страты завода склалі звыш 850 тысяч рублёў. Прадпрыемства з’яўляецца ўстойліва неплацежаздольным, таму і падало на банкруцтва.
Ведаеце, у краіне, якая стала змагаецца за першае месца па спажыванні алкаголю ў свеце, збанкрутаваць лікёра-гарэлачнаму прадпрыемству — гэта трэба ўмець. Да таго ж не абы-якому прадпрыемству, а з даволі вядомым брэндам, з устойлівым паняццем якасці прадукцыі і якое ўваходзіць у склад найбуйнейшага алкагольнага холдынгу «Мінск Крышталь Груп». І ў той жа час завод, атрымліваючы чыстыя страты, з’яўляецца другім па велічыні падаткаплатнікам у Магілёўскай вобласці!
Як можа збанкрутаваць другі па велічыні падаткаплатнік у цэлай вобласці — гэта, шчыра скажу, для мяне ўвогуле загадка.
Але ў нас ёсць шанец усё выправіць. У беларускім Цэнтрвыбаркаме, паведамляе БелТА, адбылася нарада з работнікамі ўпраўленняў арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, падчас якой былі разгледжаны некаторыя аспекты падрыхтоўкі выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання.
Нагадаем, што бліжэйшыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны адбыцца ў Беларусі не пазней за 20 лютага 2018 года. Цэнтрвыбаркам прапанаваў правесці іх 18 лютага.
Зазвычай аснову выбарчых камісій складаюць настаўнікі — значыць, іх колькасць павінна павялічыцца. А ў час галасавання і пасля яго на выбарчых участках адбываюцца банкеты. Можа, такім чынам мы выратуем Клімавіцкі завод?