Тэстастэрор. Былы супрацоўнік Charlie Hebdo выдаў кнігу коміксаў, дзе крытыкуе сучасных мужчын

Гісторыя чалавецтва дэманструе, як часта ўва ўсіх культурах і ва ўсе часы тэстастэрон перакідваецца ў сапраўдны тэстастэрор. Хто-хто, а беларусы добра ведаюць гэта на сваёй скуры. Гэты панятак быў створаны сумысьля Люзам, францускім ілюстратарам-карыкатурыстам, пісьменьнікам, аўтарам коміксаў, у мінулым супрацоўнікам Charlie Hebdo, вядомага францускага сатырычнага штотыднёвіка. 

1704557493416blob.jpg

Толькі цудам і дзякуючы свайму дню народзінаў мастак Люз застаўся жывым 7 студзеня 2015 году падчас атакі на рэдакцыю Charlie Hebdo. У той дзень праз свой дзень народзінаў ён спазьніўся на працу на плянёрку і пазьбегнуў лёсу многіх расстраляных ці параненых калегаў. Пасьля Люз сышоў з Charlie Hebdo і працягвае працу незалежнага ілюстратара і карыкатурыста.

У 2023 годзе ў выдавецтве Albin Michel карыкатурыст выдаў новую кнігу коміксаў «Testosterror» («Тэстастэрор»), у якой з гумарам і крытыкай апісвае сучасных мужчынаў і наогул стан маскуліннасьці ў эпоху #MeToo. На ўласнай скуры яму вядома, што такое мужчына, як жывуць мужчыны, чаго яны жадаюць, што грамадзтва жадае ад іх. Крытычная думка і гумар — прафэсійныя якасьці карыкатурыста — дапамаглі Люзу ахапіць малавядомыя, часам схаваныя бакі маскуліннасьці (напрыклад, дзейнасьць досыць моцнага руху маскуліністаў на Захадзе, у прыватнасьці, у ЗША, які спрычыніўся да нападу на Капітолій у 2021 годзе) і пазьеднічаць зь вядомых стэрэатыпізаваных праяваў сучаснай мужчынскасьці. 

81rxlujthal._sl1500_.jpg

Комікс, напісаны і намаляваны ў жанры дыстопіі, пераносіць нас у сьвет, дзе раптам на мужчынаў абрынуўся беспрэцэндэнтны вірус. Вірус, які справакаваў зьніжэньне ўзроўню тэстастэрону... Гісторыя распавядаецца ад імя антыгероя Жана-Патрыка Буляра, які жыве ў звычайным правінцыйным францускім горадзе, трымае аўтасалён і прадае, зразумела, вялікія пазадарожнікі, любіць мясныя нарэзкі, барбэкю, дрыль, трэнажорку, сыесту і сваіх сяброў, але таксама, калі-некалі, сваю жонку і траіх дзяцей, якім спрабуе прышчапіць запавет, які яшчэ ягоны бацька ўдзёўб яму: пры любых абставінах «карыстацца яйцамі». Але раптам усё зьмянілася, і Жан-Патрык Буляр стаўся першым пацярпелым ад эпідэміі «рубулы 12», якая прымусіла прэзыдэнта Макрыніёна выдаць загад аб закрыцьці бараў, стадыёнаў, спартыўных заляў, а таксама аб забароне спорту, поціску рукі, каб абараніць мужчынаў ад жудаснага вірусу. 

2f635a9fe4a4d8d1ec9e3a111cc02f4b_1430331587.jpg

Кавід, часта гвалтоўнае жыцьцё ў закрытай прасторы разам зь іншымі, няхай і роднымі, блізкімі людзьмі, выбух маскуліністаў падчас нападу на Капітолій у ЗША ў падтрымку маскулініста Трампа, бясконцыя справы, зьвязаныя з сэксуальнымі чапаньнямі і гвалтам з боку мужчынаў, усё гэта моцна паўплывала на аўтара падчас працы над кнігай. Таксічная маскуліннасьць, ахвярамі якой становяцца перадусім жанчыны, дзеці, а часам і іншыя мужчыны, — праблема, якую многія дасюль не жадаюць прызнаваць. Справа Дэпард’ё і ейныя шматлікія ранейшыя і сучасныя эквіваленты ва ўсім сьвеце — доказ таго, што ад гэтай праблемы тэстастэрору чалавецтва не пазбавілася і ў XXI ст. Тэстастэрор мучае ня толькі сем’і, жанчынаў, часта цэлыя сусьветы: дастаткова яшчэ раз прыгадаць час Трампа ў ЗША ці паглядзець на тое, што дзеіцца акурат цяпер у Беларусі ды Расеі. Як тут не пагадзіцца з Люзам: крэмлёўскія і менскія апузелыя дзядзькі, у якіх катастрафічна зьнізіўся ўзровень тэстастэрону, дасюль думаюць не галавой, а, прабачце, цытуючы аўтара коміска, «яйцамі». Такім парадкам, комікс «Тэстастэрор» — гэта выдатны прыклад таго, як творча, крытычна і з гумарам можна і варта працаваць на карысьць грамадзтва, артыкулючы праблемы і пытаньні, якія паўстаюць перад многімі мужчынамі. Калі жанчынамі, а між іншым і мужчынамі, здаўна займаецца фэмінісцкі рух, то многія мужчыны, якія адмаўляюцца ад дапамогі фэмінізму, часта пачуваюцца пакінутымі. Вядома, карыкатурыст Люз не вырашыў праблемы тэстастэрору, але пасьпяхова намацаў і заявіў аб ёй яшчэ раз ва ўнівэрсальнай сатырычнай форме. Акрамя таго, што ледзь не на кожнай старонцы кнігі з вас вырвецца ня проста сьмех, а рогат, кніга ўразіць вас такой простай і падзабытай праўдай: мужчынскасьць здаўна вымагае перазагрузкі.