Топ-10 францускіх фільмаў. Вытанчанасьць у кожным кадры

Парыж застаецца тым месцам, куды імкнуцца трапіць прынамсі раз у жыцьці. Уся Францыя поўная гарадоў, якія прывабліваюць людзей з розных закуткоў сьвету. Калі зараз і складана даехаць да краіны шматлікіх мараў, дык можна паглядзець на яе ці жыхароў у фільмах. Мы склалі спіс з дзесяці лепшых стужак.

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Нумар 10. Хірасіма, маё каханьне (Hiroshima mon amour). 1959

hiroshima_mon_amour.webp

Абсалютна францускі фільм пра Японію. У цэнтры гісторыі Алэна Рэнэ — японскі архітэктар і акторка з Францыі. Іх пачуцьці нараджаюцца пасьля вайны, пасьля атамнай бомбы, калі краіна, дзе ўзыходзіць сонца, спрабуе намацаць сваю новую ідэнтычнасьць, а героі нясуць праз жыцьцё цяжар уласных жорсткіх момантаў.

Як пісалі пасьля прэм’еры стужкі на Канскім кінафэсьце — «фільм выбухнуў як бомба». Вельмі чульлівым чынам спадарожнічае тэма жахлівага рэха вайны і адносінаў, якія б не мелі шанцу на ўзьнікненьне без той, папярэдняй катастрофы.

 

Нумар 9. Асуджаны на сьмерць уцёк, ці Вецер дзьме, куды прагне (Un condamné à mort s'est échappé ou Le vent souffle où il veut). 1956 

un_condamne_a_mort_s_est_echappe_ou_le_vent_souffle_ou_il_veut_1.jpg

Фільм, пастаўлены Рабэрам Брэсонам, пераносіць гледачоў у часы Другое сусьветнае вайны. На момант здымкаў стужкі прайшло зусім няшмат гадоў з тых часоў, як гестапа панавала ў краіне Бальзака і Гюго.

Дзяяч францускага супраціву нацыстам трапляе ў засьценкі і пачынае шукаць варыянты, каб вырвацца на волю. У адрозьненьне ад шматлікіх фільмаў на гэтую тэматыку, тут не будзе экшэну і бясконцых перастрэлак і пагоняў. Рэжысэр нібы запрашае гледача шукаць той самы спосаб разам з галоўным героем. Павольнасьць фільма стварае ідэальную атмасфэру, каб глядач мог зразумець самоту вязьня, а таксама адзіноту знаходжаньня ў турме. Зьбегчы ад фашыстаў – вельмі актуальная справа.

Нумар 8. Амэлі (Le Fabuleux destin d'Amélie Poulain). 2001

le_fabuleux_destin_d_amelie_poulain.jpg

Фантастычны посьпех гэтай надзвычай мілай стужкі стаў сусьветным прызнаньнем у каханьні да францускага кіно. У Парыжы дагэтуль працуе кавярня, у якой працавала гераіня Адры Тату, там можна выпіць кавы з круасанам, зрабіць здымак ля аднаго з плякатаў і пайсьці блукаць па вуліцах сталіцы, па якіх бегала, хадзіла, езьдзіла Амэлі.

Таямніца посьпеху стужкі — у чароўнай звыкласьці гісторыі. Дзяўчына, якая магла ўбачыць казачныя праявы ў шэрых падзёртасьцях лёсу, і, паўтараючы за гераіняй, можна задацца пытаньнем, колькі людзей у гэты момант займаюцца каханьнем у Парыжы. Ці то ў Менску.

Гэта адзін з тых фільмаў, якія будуць пераглядаць пакаленьне за пакаленьнем гледачоў. Адзінае, пра што можна шкадаваць, гэта тое, што Адры Тату больш не атрымала магчымасьці знайсьці такі фэнаменальны посьпех у гледачоў у іншых стужках. 

Нумар 7. Двое мужчынаў у горадзе (Deux hommes dans la ville). 1973

deux_hommes_dans_la_ville.jpg

Два галоўныя героі, дзьве абсалютна розныя эпохі ў францускім кіно, і можна доўга спрачацца, хто зь іх быў больш папулярны — Жан Габэн і Алэн Дэлон.

Перад тым, як глядзець фільм, будзе вельмі цікава даведацца наступны факт: рэжысэр Жазэ Джаваньні быў прысуджаны да сьмяротнага пакараньня, якое пазьней было замененае на 20 гадоў катаргі. Пасьля 11 гадоў зьняволеньня ён выйшаў на волю і стаў пісьменьнікам і рэжысэрам. Гэтая стужка будзе разглядаць якраз актуальную для тых часоў у Францыі, і для нашых часоў у Беларусі, праблему сьмяротнага пакараньня.

Алэн Дэлон грае рабаўніка банку, якога датэрмінова вызваляюць з-за кратаў, а Жан Габэн у якасьці былога паліцэйскага, а зараз супрацоўніка сацыяльнай службы, мусіць даглядаць за ім і дапамагчы ўладкавацца ў жыцьці. Плян добры, на яго згодныя абодва, але ў іх гісторыю трапляе іншы чалавек, які жадае нарабіць злога для вызваленага. 

Нумар 6. Халодныя закускі (Buffet Froid). 1979

buffet_froid.jpeg

Бертран Бліэ стварыў фільм, які зацягвае ў свае сеткі, не размазваючы па талерцы доўгае разьвіцьце і знаёмства з героямі. Адна з бліскучых роляў маладога Жэрара Дэпардзье. Уся гісторыя магла цалкам адбыцца і ў Менску, калі мы зьменім пачатковы мэтрапалітан у сталіцы Францыі на Аўтазаводзкую лінію.

Самы звычайны парыжскі жыхар спускаецца на сваю станцыю ў вечаровым горадзе, да яго падыходзіць незнаёмец, яны пачынаюць размову, у якой галоўны герой распавядае пра ўласныя фантазіі аб забойствах. Раптоўна зьяўляецца нож, ён пераходзіць з адных рук у іншыя, потым застаецца на лаве, а калі пра яго ўзгадваюць зноў — халодная зброя зьнікае, як і зьнікае незнаёмец.

Галоўны герой праз пэўны час пачынае разумець, што ён нейкім чынам датычны да забойстваў, пра якія ня ведае нічога. Прыходзіць час распачаць пошукі праўды. 

Нумар 5. Жыцьцё ў ружовым колеры (La Môme). 2007

la_mome_3.jpg

Фільм пра найвялікшую францускую сьпявачку — Эдыт Піяф. Марыён Каціяр цалкам заслужана атрымала ўзнагароду Оскар за лепшую ролю. Аліўе Даан зрабіў стужку, якая прасякнутая музыкай. «Не, я ні пра што не шкадую», — словы знакамітай песьні Эдыт Піяф. Знайсьці падставы шкадаваць з таго, што адбылося са сьпявачкай за гады жыцьця — прайсьцей простага. Мы апынемся і на брудных вузкіх францускіх вулках, нібы і не ў пачатку ХХ ст., а ў часы Бальзака. Мы трапім на сцэны кабарэ і шыкоўных заляў. Мы пражывем разам з Марыён Каціяр усё жыцьцё Эдыт Піяф, і не — не пашкадуем пра гэта.

Нумар 4. Жыхар (Le locataire). 1976

le_locataire.webp

Раман Паланскі пасьля таго, як быў вымушаны пакінуць камуністычную Польшчу і ЗША, дзе да яго таксама былі пытаньні ад мясцовых праваахоўных органаў, жыў пераважна ў Францыі. Адпаведна і свае шэдэўры здымаў у Парыжы. У гэтай стужцы ён сам і выканаў галоўную ролю.

Пракруціўшы свае ўласныя пераезды, у кінагероя таксама адбываецца пераезд — у новае месца жыхарства, праўда, у вельмі старую кватэру. Сьціплы чалавек і пражыў бы там верагодна і ўсё сваё жыцьцё, але ў пэўны момант даведваецца, што мінулая арэндатарка скончыла жыцьцё самагубствам.

Гэта завалодала галавой героя, і ён увесь час прысьвячаў развагам пра яе. Ён прыходзіць да ідэі, што іншыя жыхары дома маглі забіць дзяўчыну. Сам герой пачынае непакоіцца і пра сваё жыцьцё. Выдатная псыхалягічная драма. 

Нумар 3. Леён (Léon). 1994

leon_..jpg

Дзевяноста чацьверты год лічыцца ледзьве не самым пасьпяховым у гісторыі кіно. Такой колькасьці легендарных і культавых фільмаў за адзін каляндарны год — ня проста знайсьці. Адзін зь іх створаны ў Францыі, і закрануў сваёй праўдзівасьцю не толькі французаў, але ўвесь сьвет. Мы маем справу з забойцам, якога наймаюць для складаных заданьняў.

Прыйсьці, зрабіць трапны стрэл і незаўважна сысьці — такое невясёлае жыцьцё героя, якога грае Жан Рэно. Але часам паліцыя паводзіць сябе горш за прафэсійных забойцаў. Чалавек без эмоцыяў сустракае дзяўчынку сярод разгромленай кватэры сваіх суседзяў пасьля рэйду паліцыі. Яна – сьведка жахлівага злачынства, зьдзейсьненага камісарам. У душы кілера прыадчыняецца фіранка, якая засланяла пачуцьці, і ён вырашае дапамагчы дзяўчынцы ў выкананьні Наталі Портман.

Дзівосная гісторыя сяброўства людзей, якая зьменіць жыцьцё абаіх. 

Нумар 2. Вялікая ілюзія (La grande illusion). 1937

la_grande_illusion_1.jpg

Гэтая карціна — вяршыня творчасьці вялікага Жана Рэнуара. У галоўнай ролі зьняўся малады Жан Габэн. Напярэдадні Другой сусьветнай разьні рэжысэр зьвяртаецца да падзеяў, што адбываліся ў Першую сусьветную, калі два францускія пілоты трапілі ў нямецкі лягер для ваеннапалонных. Там яны сустракаюць брытанскіх афіцэраў, і пачынаюць рыхтаваць плян уцёкаў.

Гэта вялікае антываеннае кіно. Сама назва робіць спасылку на кнігу пачатку ХХ ст «Вялікая Ілюзія», у якой аўтар кажа, што вайна бескарысная праз агульныя эканамічныя зацікаўленасьці ўсіх эўрапейскіх краінаў. Жан Рэнуар паказвае нам прыклад чалавечнасьці ў змрочных умовах.

Рэжысэр выкарыстоўвае лягер для ваеннапалонных як мініятуру ўсяго сьвету. Абсалютна розныя людзі знаходзяцца пад адным дахам, што ахоўваецца нямецкай арміяй.

Рэнуар дае ясны адказ, што калі мы прагнем лепшага сьвету для сябе і ўсяго чалавецтва, патрэбныя не пачуцьці, але намаганьні і ўчынкі. Гэтая стужка выклікала захапленьне ў Франкліна Рузвэльта і была забароненая для паказу Гітлерам і Мусаліні.

Нумар 1. Праўда (La vérité). 1960

la_verite.webp

Брыжыт Бардо грае ў гэтай стужцы правінцыйную паненку, якая прыяджае ў Парыж, каб стрэсьці з сябе нецікавае існаваньне ў глушы. Яна знаходзіць каханага чалавека, але далей трапляе на лаву падсудных па абвінавачаньні ў яго забойстве.

Гэта лепшая роля ў кар’еры фрацузскай суперзоркі. Пакуль глядачы назіраюць за судовым працэсам, які толькі пачынаецца, іх раз за разам вяртаюць у мінулае галоўнай гераіні. Мы пачынаем разумець правінцыялку, сочым за пасьлядоўным разьвіцьцём яе характару. Зрэшты — не проста ж так яе абвінавачваюць у забойстве?