Топ-10 вэстэрнаў. Фільмы, якія дапамогуць выпусьціць пар

Як сьпяваў Лявон Вольскі: «Відаць што зноўку давядзецца адкапаць кулямёт, відаць што зноўку давядзецца страляць». Кожнаму ў наш неспакойны час раз-пораз жадаецца ўзяць справу ці кольт у свае рукі. Пакуль вы яшчэ трымаецеся, мы падрыхтавалі спіс лепшых вэстэрнаў, каб пастраляць толькі ў думках, пакуль героі высьвятляюць адвечныя пытаньні.

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Нумар 10. Скарбы Сьера-Мадрэ (The Treasure of the Sierra Madre). 1947

Хамфры Богарт у прыгодніцкім фільме Джона Х'юстана. Гэтая стужка паказвае нам клясычны сюжэт пра прагнасьць, здраду і забойствы. Гледачы становяцца сьведкамі дынамічных падзеяў, якія адбываюцца з сябрамі з беднага гарадка. Мы бачым, як лёгка людзі з неабароненых колаў насельніцтва кідаюць усё дзеля мройных рэчаў. Калі трое сяброў даведваюцца пра золата, што схаванае ў Сьера-Мадрэ, яны адпраўляюцца ў дарогу, якая будзе доўгай.

Рэжысэр спрабуе сьцерці флёр рамантычнасьці з тых, хто выпраўляўся на пошукі шчасьця ў «залатую ліхаманку», а акторы па-майстэрску спраўляюцца з гэтай задачай. Цікава, што Джон Х'юстан прапанаваў адну з галоўных роляў свайму бацьку – Уолтару Х'юстану, бо разумеў, якая глыбокая праца можа атрымацца. Як і чакаў сын, бацька атрымаў запаветны Оскар за сваю гульню.

Зрэшты, што даражэй: безьліч золата ці стары сябар? Як бы вы адказалі на такое пытаньне? 

Нумар 9. Аднойчы на Дзікім Захадзе (Once Upon a Time in the West). 1968

once_upon_a_time_in_the_west.jpg

Стандартныя, палутарагадзінныя фільмы — гэта ня ў гусьце Серджыа Леонэ. Ён стварае маштабныя, эпічныя творы мастацтва, падрыхтуйцеся глядзець карціну цэлы вечар – амаль тры гадзіны хараства.

Генры Фонда разам з Чарльзам Бронсанам і прыгажуняй Клаўдыяй Кардынале будуць трымаць вас у напружаньні ўвесь час. Пра тое, якім чынам рэжысэру ўдалося запрасіць суперзорку Генры Фонда ў свой фільм – ведаюць амаль усе аматары жанру вэстэрн, дазволім сабе нагадаць легендарную фразу, якую пачуў актор. «Уяві сабе: камера павольна плыве па постаці бандыта, зьнізу ўверх, да яго пісталета, які ён выхоплівае і страляе ў дзіця. Затым камера ўздымаецца да твару бандыта… і гэта Генры Фонда».

Справа тут вядома ў тым, што Фонда ўспрымаўся як станоўчы супергерой Амэрыкі, які грае ролі тых, хто спраўляецца з дрэннымі хлопцамі. Відавочна, што і самому актору гэта прыелася.

А ў цэнтры сюжэту — гераіня Клаўдыі Кардынале, забойства якой замаўляе багаты чалавек, каб захапіць яе надзел зямлі для сваіх мэтаў. Аднак у яе знаходзяцца абаронцы. 

Нумар 8. Дыліжанс (Stagecoach). 1939

stagecoach.jpg

Гэтая стужка Джона Форда — самае лепшае што можна абраць для азнаямленьня з клясычным фільмам у жанры вэстэрн. Менавіта тут набраў абароты самы галоўны каўбой Дзікага Захаду — Джон Уэйн. Чалавек, які на дзесяцігодзьдзі стаў сынонімам слова «вэстэрн». Менавіта Джон Уэйн, а ня Рональд Рэйган, мог стаць першым прэзыдэнтам, які раней быў акторам. Шалёная папулярнасьць і аўтарытэт Уэйна стаў прычынай яго вылучэньня ад рэспубліканскай партыі на выбарах у 1960-х, але сам Джон вырашыў не працягваць палітычную кар’еру.

Фільм Джона Форда зрабіў сапраўднае пераасэнсаваньне жанру ў вачах тагачасных гледачоў, бо папярэднія сотні і сотні карцінаў былі нібы экранізацыяй гатовых слайдаў са штампамі. Тут жа мы становімся сьведкамі, як цэлы акторскі ансамбль атрымлівае свой голас. Героі — не проста дэкарацыі на фоне пустыні, але жывыя і драматычныя героі. Сядайце на дыліжанс разам зь імі, і паехалі! Не забудзьцеся толькі адстрэльвацца ад дрэнных. 

Нумар 7. Яна надзявала жоўтую стужку (She Wore a Yellow Ribbon). 1949

she_wore_a_yellow_ribbon.jpg

Наступны фільм таксама з удзелам Джона Ўэйна, і рэжысэрам стаў таксама Джон Форд. Што гэта за жоўтая стужка, якая вынесеная ў назву? Па вельмі старажытнай традыцыі, паненкі, якія чакалі сваіх мужчынаў з вайсковага паходу, адкуль яны доўга не маглі вярнуцца, выкарыстоўвалі ў сваім гардэробе такую дэталь, каб падкрэсьліць сваю тугу.

У героя Ўэйна, вайскоўца амерыканскай арміі, перад выйсьцем на заслужаны адпачынак застаецца адно заданьне. Яму неабходна эвакуяваць з форта дваіх паннаў – жонку старшыні і яе пляменьніцу, якая запляла ў валасы жоўтую стужку. Сымбалізм зразумелы ўсім навокал, але хто той, па кім яна зрабіла гэты знак? Вельмі рамантычная гісторыя, насычаная жорсткімі спробамі індзейцаў адпомсьціць за папярэднія паразы.

Адзначым, што перастрэлкі не зьяўляюцца ў гэтым фільме галоўным лейтматывам. Калі вам жадаецца паглядзець цікавую гісторыю з сярэдзіны ХІХ ст. –— гэта тое, што трэба. 

Нумар 6. Джанга вызвалены (Django Unchained). 2012

django_unchained.jpg

Сам факт прысутнасьці фільма з ХХІ стагодзьдзя падкрэсьлівае неўміручасьць жанру вэстэрн. Як шматкроць прызнаваўся ў інтэрвію Квэнцін Таранціна, рэжысэр гэтай стужкі — фільмы пра Дзікі Захад былі заўжды аднымі з улюбёных асабіста для яго.

У гэтым вэстэрне ня будзе індзейцаў, але будзе нечаканы галоўны герой – чарнаскуры Джанга, які яшчэ зусім нядаўна быў рабом. Ну а зараз ён гатовы на вельмі шмат, каб адпомсьціць былым прыгнятальнікам. У стужцы мы ўбачым Леанарда ды Капрыё ў ролі рабаўласьніка і Джэймі Фокса, які выйшаў на дарогу, дзе, на яго думку, жыве справядлівасьць.

Безьліч шыкоўных дыялёгаў, якія не прайшлі паўз сябраў кінаакадэміі — Таранціна атрымаў чарговы Оскар за лепшы сцэнар. Але перадусім неабходна адзначыць фэерычную гульню Крыстофа Вальца. Вам пажадаецца, каб яго паказвалі ў кадры заўжды. Надзвычай удалая роля актора, які атрымаў заслужаны посьпех ужо ў сваім сталым узросьце. 

Нумар 5. Недаравальны (Unforgiven). 1992

unforgiven.jpg

Пасьля караля жанру вэстэрн Джона Ўэйна надыйшла эра іншага выбітнага актора — Клінта Іствуда. Гэтай стужкай, у якой Іствуд выступае і як рэжысэр, які ўжо ўвайшоў у лік найлепшых у гісторыі кіно, Клінт дае своеасаблівую даніну вэстэрнам. Ён адначасова кажа дзякуй і разьвітваецца з гэтымі фільмамі. Яго герой — ужо далёка не малады чалавек, вымушаны акунуцца з галавою ў даўно забытую гульню. Яго жонка забітая, а ён спрабуе зноў авалодаць рэвальверам.

Іствуд спрабуе паказаць увесь чорны бок так званых герояў Дзікага Захаду. Забойствы, якія цягнуць за сабою забойствы, у выніку якіх вы атрымаеце… забойствы.

Цудоўны акторскі склад, разам з Клінтам Іствудам тут і яго даўні сябар Морган Фрыман і Джын Хэкмэн — на ўсю моц сваіх талентаў ствараюць фантастычна цікавы і захапляльны фільм. Кожны зь іх герояў мае доўгую і глыбокую гісторыю. Някожны здолеў пранесьці чалавечнасьць праз жыцьцё. Заслужаныя ўзнагароды за лепшы фільм года і рэжысэрскую працу Клінта Іствуда. 

Нумар 4. На некалькі даляраў даражэй (For a Few Dollars More). 1965

for_a_few_dollars_more.jpg

Другі фільм зь вялікай трылёгіі Серджыа Леонэ, якую ён зьняў у Італіі пра амерыканскі Дзікі Захад. Акурат у гэтых фільмах зазьзяла плянэтарным масштабам зорка Клінта Іствуда.

Чалавек-без-імя, які вырашае ўласныя справы, які валодае рэвальверам лепш за ўсіх, які ходзіць у понча і глядзіць ня горш, чым страляе — гэта ўсё Іствуд.

Гэтыя фільмы Леонэ адносць да жанру «спагецьці-вэстэрн», які меў сотні абразцоў у кінагісторыі. Безумоўна, лепш за дадзеныя фільмы не зрабіў ніхто.

Бясконцыя перастрэлкі, сярод якіх Клінт Іствуд, які моўчкі жуе і выплёўвае дзясяткі цыгараў. Кожная сцэна кажа больш, чым дыялёг, які адбываецца ў ёй. Сапраўднае выяўленчае мастацтва. 

Нумар 3. Роўна ў поўдзень (High Noon). 1952

high_noon.jpg

Гары Купер і Грэйс Келі ў стужцы Фрэда Цынэмана. Роўна ў поўдзень мае адбыцца нешта, што зьменіць ранейшае жыцьцё герояў. У гэты час павінны прыехаць забойца, каб аддаць належнае грамадзянам гарадка і асабіста галоўнаму герою за гады, праведзеныя за кратамі. Звачайная гісторыя, толькі якраз напярэдадні галоўны герой у выканьні Купера ўзяў шлюб з цудоўнай бляндынкай і меў намер стаць звычайным фэрмерам на ранча. Але прывіды мінулага вяртаюцца. Гэта павінна адбыцца роўна ў поўдзень.

Для Грэйс Келі — гэта была першая галоўная роля ў яе кар’еры. Няшмат словаў, шмат справаў — кароткае рэзюмэ гэтай выдатнай стужкі. 

Нумар 2. Шукальнікі (The Searchers). 1956

the_searchers.jpg

Ідэальная каманда — Джон Форд, які здымае Джона Ўэйна — зноў у справе. Ці можна знайсьці сваю чалавечнасьць, якая нібы даўно пахавана пад попелам спаленых дамоў і закапаная разам з застрэленымі ворагамі? Герой Уэйна нечакана знаходзіць у сабе праявы таго, што пры нараджэньні называлася чалавекам. Стары жаўнер часоў грамадзянскае вайны адпраўляецца на ўласную вайну супраць каманчы, якія забілі кожнага ў яго сям’і. Жывой засталася толькі пляменьніца, якую схапілі чырванаскурыя.

Брутальнасьць галоўнага героя будзе разьбітая аб кволую, ціхую і спакойную дэталь.

У гэтым фільме вы зможаце пранесьціся на кані, я сапраўдны вершнік з «Пагоні» па самых вядомых месцах на Дзікім Захадзе. Тыя краявіды сталі другім домам, і ў нейкім сэнсе «малой радзімай» для тых, каму вэстэрны забраліся ў самае сэрца. 

Нумар 1. Добры, кепскі, злы (The Good, the Bad and the Ugly). 1966

the_good__the_bad_and_the_ugly.jpg

Вяршыня ў гісторыі кінематографу ў згаданым жанры. Заключны фільм трылёгіі Серджыа Леонэ з Клінтам Іствудам у галоўнай ролі.

Калі я быў маленькі і праводзіў лета ў дзядулі з бабуляй, дагэтуль памятаю той канкрэтны вечар. Мой дзед Анатоль сказаў, што ўвечары будуць паказваць добры фільм (хаця кінаманам яго нельга было назваць), і я цэлы дзень чакаў прагляду. Як толькі пачаліся першыя кадры, мяне нельга было зварушыць з фатэля на працягу трох гадзінаў, што цягнулася тая стужка. Гэта былі гадзіны, якія перагарнулі ўспрыманьне майго кінамастацтва. Добры, кепскі, злы.

Музыка, якая стварала сабою ўражаньне свайго асабістага сьвету, прымусіла ўвабраць у сябе сцэну за сцэнай, і я несьвядома адчуваў сябе часткай дзікага Дзікага Захаду. Гэтыя пачуцьці пранёс і праз усе з тых часоў пройдзеныя гады, і са шчырым сэрцам вельмі рэкамендую ўбачыць гэты шэдэўр.

Скажыце, ці змаглі б вы прыгадаць сцэну на 10 хвілінаў, дзе не адбываецца нічога, апроч таго, што тры чалавекі стаяць, не прамаўляючы ні слова – і ад гэтага немагчыма адвесьці позірк ні на долю сэкунды? Гэтая сцэна ў фільме Леонэ.

«Ты ведаеш, што ў гэтым сьвеце ёсьць два віды людзей, мой сябар – тыя, у каго зараджаная зброя і тыя, хто капае. Ты капаеш».