Тры неверагодныя гісторыі каханьня
У Дзень закаханых, які традыцыйна адзначаюць ва ўрачыстасьць сьвятога Валянціна, прапануем паглыбіцца ў адносіны трох параў. Іх пачуцьці цалкам былі зразумелыя толькі гэтым людзям, але наблізіцца і зірнуць на прыклады каханьня можам дазволіць сабе і мы. Кахайце!
![Франсуаза д’Абінье Франсуаза д’Абінье](/img/v1/images/fransuaza.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739453353&w=528)
Франсуаза д’Абінье
Людовік і Франсуаза
На працягу стагодзьдзяў каралеўскія вясельлі ў Эўропе былі справай дзяржаўна-дыпляматычнай стратэгіі. Аднак асабістая гісторыя каханьня паміж каралём Францыі Людовікам XIV і Франсуазай д’Абінье стала рэдкім і прыгожым выключэньнем.
«Франсуаза ўмее кахаць. Было б вялікім задавальненьнем быць каханым ёю», — сказаў кароль Людовік XIV.
Франсуаза д'Абінье нарадзілася ў 1635 годзе ў сьціплай шляхетнай сям'і. Яна рана засталася сіратой і ўрэшце выйшла замуж за паэта Поля Скарона. Гэты шлюб даў ёй пропуск ў парыжскія літаратурныя колы, дзе яна прыцягнула ўвагу.
Пасьля сьмерці мужа Франсуаза аўдавела і апынулася ў нявызначаным фінансавым становішчы. Неўзабаве яна атрымала пасаду гувэрнанткі пазашлюбных дзяцей Людовіка XIV і яго тагачаснай фаварыткі мадам дэ Мантэспан.
Сярод бліскучых заляў Вэрсаля Франсуаза вылучалася не шыкоўнай вопраткай і інтрыгамі, а спачуваньнем і глыбокай рэлігійнасьцю. Неўзабаве Людовік XIV заўважыў мудрасьць гувэрнанткі ў выхаваньні дзяцей.
У 1683 годзе каралева Марыя-Тэрэза памерла, і пакінула Людовіка XIV удаўцом. Неўзабаве пасьля гэтага кароль зрабіў неймаверны крок — ажаніўся з Франсуазай д’Абінье на прыватнай марганатычнай цырымоніі — гэта азначала, што Франсуаза не будзе фармальна ўжываць каралеўскія тытулы і не будзе прызнавацца каралевай.
Франсуаза пачала называцца мадам дэ Мэнтэнон (у гонар маёмасьці, якую кароль набыў для яе). Нягледзячы на тое, што шлюб заставаўся афіцыйна непрызнаным, Людовік XIV усё больш спадзяваўся на парады мадам дэ Мэнтэнон. Кароль, які некалі славіўся нястомнай пагоняй за задавальненьнямі, стаў нашмат бліжэй да каталіцтва. Людовік, які лічыў сябе намесьнікам Бога на Зямлі, здабыў урэшце спакой.
Мадам дэ Мэнтэнон перажыла Людовіка XIV, які памёр у 1715 на 4 гады. Апошнія гады яна правяла ў дабрачыннай установе, якую яна адчыніла для бедных французскіх дзяўчынак.
Рэнье і Грэйс
![Грэйс Кэлі і Рэнье Грэйс Кэлі і Рэнье](/img/v1/images/kelly.webp?f=f&h=396&o=0&u=1739453353&w=528)
Грэйс Кэлі і Рэнье
Калі ў 1955 годзе 26-гадовая Грэйс Кэлі адплыла на Французскую Рыўеру, каб прыняць удзел у Канскім кінафэсьце, яна і падумаць не магла, што яе падарожжа скончыцца вясельлем з манархам. І ўсяго праз год яна абмяняла галівудзкую славу на тыяру ў ролі прынцэсы невялікага, але сапраўднага княства Манака.
Грэйс Кэлі, амэрыканская суперзорка, была на піку сваёй кар'еры, калі прыбыла ў Каны вясною 1955 года. Яна была там, каб прарэклямаваць свой апошні фільм, «Вясковая паненка», за які яна нядаўна атрымала прэмію Оскар.
Прынц Рэнье III, тым часам, заняў трон у 1949 годзе пасьля сьмерці свайго дзеда, прынца Луі II. Рэнье марыў мадэрнізаваць эканоміку Манака. Ён займаўся ініцыятывамі, якія прыцягнулі б міжнародную ўвагу, капітал і турызм да сьціплага месца на мапе Эўропы.
Прынц намагаўся сустрэцца з бляндынкай і ўрэшце сустрэча была арганізаваная. Пасьля вяртаньня ў ЗША Грэйс пачала ліставаньне з прынцам. На працягу наступных месяцаў паміж імі завязалася сяброўства, якое хутка перарасло ў заляцаньне. У прынца былі пляны!
У сьнежні 1955 года прынц Рэнье зрабіў прапанову, і Грэйс Кэлі пагадзілася. Гэтая навіна ашаламіла сьвет. Шмат хто лічыў, што пачуцьцяў там не больш, чым належыць для падтрымкі манархіі і зьяўленьня нашчадкаў.
18 і 19 красавіка 1956 года Грэйс Кэлі і прынц Рэнье ажаніліся. Спачатку адбылася грамадзянская цырымонія ў троннай зале палаца, а на наступны дзень адбылася рэлігійная цырымонія ў катэдральным касьцёле Манака. Грэйс сыйшла з кіно назаўжды.
Глядзіце таксама
![Лепшыя фільмы Альфрэда Хічкока Топ-10 фільмаў Альфрэда Хічкока: да дня памяці караля саспэнсу](/img/v1/images/rear_window_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пасьля вясельля прынцэса Грэйс узялася за свае новыя абавязкі. Яна інтэнсіўна вывучала французскую мову, пазнаёмілася з кіраваньнем дзяржавы (а ў Манака абсалютная манархія, не абцяжараная нейкімі парлямэнтамі) і хутка стала мецэнаткай. Грэйс падтрымлівала справы, зьвязаныя з дабрабытам дзяцей.
У хуткім часе яна засяродзілася на выхаваньні ўласных траіх дзяцей, прынцэсы Караліны, прынца Альбэра II (цяперашняга кіраўніка) і прынцэсы Стэфані.
Неўзабаве Манака стаў сінонімам бясконцых яхтаў, гонак Формулы-1 і значных дабрачынных акцыяў.
Нягледзячы на ўвесь казачны бляск, жыцьцё ў палацы не абыходзілася без стрэсаў. Прынцэса Грэйс кіравалася абмежавальнымі патрабаваньнямі княскага пратаколу. На працягу доўгіх гадоў яна выказвала настальгію па акторскай гульні.
У 1982 годзе адбылася трагедыя: прынцэса Грэйс загінула ў выніку аўтакатастрофы. Прынц Рэнье ніколі больш не ажаніўся зноў, ён прысьвяціў сябе дзецям і далейшаму разьвіцьцю княства да сваёй сьмерці ў 2005 годзе.
Рональд і Нэнсі
![Рональд і Нэнсі Рональд і Нэнсі](/img/v1/images/ron2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1739453354&w=528)
Рональд і Нэнсі
Часам асабістая адданасьць настолькі моцна пераплятаецца з грамадзкай службай, што становіцца часткай самой асобы лідэра. Так было з Рональдам і Нэнсі Рэйган. Задоўга да таго, як заняць Авальны кабінэт, Рональд Рэйган быў дастаткова вядомым галівудзкім акторам. У 1949 годзе ён разьвёўся з акторкай Джэйн Уайман, што супала з перыядам асабістага і прафэсійнага пераасэнсаваньня.
Між тым, у гэты самы час Нэнсі Дэвіс была пачатковай акторкай, якая толькі спадзявалася на славу ў будучыні. Лёс зьвёў іх разам. Занепакоеная тым, што яе памылкова ўнеслі ў сьпіс галівудзкіх «прыхільнікаў камуністаў», Нэнсі зьвярнулася па дапамогу да Рональда, які ў той час займаў пасаду прэзідэнта Гільдыі кінаактораў.
Іх
першая сустрэча, арганізаваная, каб
ліквідаваць блытаніну ў дакумэнтах,
стала пачаткам сапраўднага пачуцьця.
Рональд і Нэнсі ажаніліся ў 1952 годзе.
Іх адносіны з самага пачатку адрозьніваліся
незвычайнай ступеньню блізкасьці.
Нягледзячы на тое, што абодва былі
«з Галівуду», яны стваралі вобраз чыстай
адданасьці, які адрозьніваў Рональда
і Нэнсі ад іншых бурлівых раманаў у
індустрыі забаваў.
Неўзабаве іх
жыцьцё пайшло ў іншым кірунку, калі ў
1960-х Рональд з галавой пайшоў у палітыку.
Абраны губэрнатарам Каліфорніі ў 1966
годзе, Рэйган знайшоў у Нэнсі давераную
асобу і дарадцу, чыя закулісная роля
стала адметнай рысай іх партнэрства.
![Рональд і Нэнсі Рональд і Нэнсі](/img/v1/images/ron_1.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1739453353&w=528)
Рональд і Нэнсі
Назіральнікі і пазьней біёграфы адзначылі, як яна адточвала публічны імідж свайго мужа. Нэнсі прапаноўвала рэкамендацыі па вонкавым выглядзе, паводзінах і рыторыцы. Шматлікія дарадцы прызнавалі нязьменную прысутнасьць Нэнсі побач – прычынай павышэньня ўпэўненасьці і прывабнасьці Рональда.
Рональд Рэйшан назваў яе «лепшым, што зь ім калі-небудзь здаралася». Нэнсі ў сваю чаргу заявіла, што яе жыцьцё «пачалося, калі яна сустрэла свайго мужа».
Сябры і супрацоўнікі ўзгадвалі, як Рональд пакідаў нататкі, прасякнутыя каханьнем, для Нэнсі ў розных месцах Белага Дома і называў яе рознымі пяшчотнымі словамі.
Калі другі прэзідэнцкі тэрмін Рональда Рэйгана скончыўся ў 1989 годзе, Нэнсі стала яго апекуном у наступныя гады, калі Рональд змагаўся з хваробай Альцгеймэра.
У іх гісторыю каханьня верыцца. Рональд і Нэнсі выглядалі заўжды сапраўднымі.